18 мая 2024, суббота, 9:31
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

У Драздах зноў прарвала каналізацыю?

3
У Драздах зноў прарвала каналізацыю?

Гэта ўжо было. У Драздах прарвала раптам каналізацыю. Ратуючы ад катастрофы, улада паспяшалася выдаліць адтуль замежных дыпламатаў. У небяспечную зону іх ужо не вярнулі. Толькі мужнае кіраўніцтва засталося на тым рызыкоўным Драздоўскім плацдарме.

І нічога. Гнеўныя воклічы паступова аціхлі. Дыпламаты прызвычаіліся да новых месцаў дыслакацыі. А аварыйная брыгада сантэхнікаў зразумела цудоўна, што Захад гэты толькі на першы погляд такі прынцыповы. А насамрэч, якую брыдоту яму ні падкінь, усё праглыне. І будзе яшчэ разважаць пра неабходнасць далейшага развіцця ўзаемакарысных стасункаў. А калі так – дазволена ўсё.

І яны пайшлі напралом. Нахабна. Дзёрзка. Растапталі незалежную прэсу. Знішчылі большасць грамадскіх арганізацый і згуртаванняў. Нацыянальна арыентаваную інтэлігенцыю загналі ў гета. Урываюцца ў прыватныя кватэры. Праводзяць татальныя ператрусы. Разганяюць дэманстрацыі. Нават нешматлюдныя акцыі пратэсту выклікаюць неадэкватныя прыступы нянавісці. Не шкадуюць ні жанчын, ні падлеткаў. Нагамі ў каваных ботах пад рэбры. Гвалт. Кроў.

І прысуды, прысуды. Палітычныя зняволеныя ідуць за краты па крымінальных артыкулах. Церпяць знявагі, здзек, прыніжэнні. І што, надта ўсхвалявала гэта каго-небудзь на Захадзе? А як жа! Некалькі чыноўнікаў не атрымалі дазволу на ўезд у Шэнгенскую зону. Няма сумневу, што пасля такіх жорсткіх санкцый рэжым памякчэе і пачне паважаць правы чалавека.

Спыняе сваю дзейнасць у Беларусі фонд Эберта. Асветніцкія ды гуманітарныя замежныя арганізацыі ўлада цярпець не можа. Выціскае ўжо апошніх. Аднак амбасадар Нямеччыны супакоіў высокае чынавенства, што гэткія дробязі на ўзаемныя дачыненні не паўплываюць. “Не можа быць і размовы аб змене нашай палітыкі ў стасунках з Беларуссю. Мы і надалей будзем паслядоўна працаваць у накірунку ўмацавання дыялогу”.

Кажуць, у пасляваенным Полацку каля моста праз Дзвіну сустракаў часам запозненага прахожага маленькі хлопчык. Прасіў жаласна: “Дзядзька, дай кашалёк!” А праз колькі крокаў ад таго жабрака выходзілі з цемры нейкія змрочныя тыпы і пыталі чалавека з дакорам: “Чаму не аддаў? Малое ж прасіла!”

І ў міжнародных стасунках гэта мадэль паводзінаў не выключэнне. Другарадны правінцыйны рэжым раптам адчуў неверагодную сілу. Не толькі з Нямеччынай размаўляе без асаблівага піетэту. Нават Амерыцы кідае дзёрзкі выклік. Ведае добра, што ў яго – надзейны абаронца. Калі што, Расія нават у Радзе Бяспекі ў крыўду не дасць.

Але паслугі гэткага кшталту з вялікай любові не робіць нідзе і ніхто. Давядзецца плаціць. А якую ўсходні сусед прызначыць цану, даўно не сакрэт. Менэджэры там ёсць. І распрацаваць эфектыўны бізнесплан ім не цяжка. Тым больш, у такой нескладанай аперацыі, як эканамічнае ўтаймаванне неабачлівага суседа. Там даўно зразумелі, што лабавая атака эфектыўнай не будзе. І перайшлі да пакрокавага паглынання мітуслівага саюзніка. Не спяшаючыся, ад здзелкі да здзелкі. Колькі палымяных слоў прамоўлена было пра тое, што ніводнага вінціка роднага “Белтрансгазу” суседзям ніхто не саступіць. А што сёння? Які адсотак “нацыянальнага гонару” належыць Расіі? Падобна на тое, што да поўнай здачы яго ўжо недалёка. Але што там нейкае прадпрыемства, ці нават канцэрн! Інтэграцыйны кацёл зноў перагрэўся неверагодна. Нейкае варыва яны рыхтуюць.

Міжрэжымная валтузня адбываецца ў поўным сакрэце. Аматара славянскага брацтва непрыхавана зацягваюць у чарговую пастку. Прыціскаюць паціху, патроху. Каб не рабіў рэзкіх рухаў. Спяшацца дасведчаныя суседзі не будуць. У іх ёсць час пачакаць, пакуль яблык саспее. І сам упадзе. Да таго ж, дзе яны знойдуць такога стараннага русіфікатара, як гэты рэжым?

Вядома, нейкі запас жыццездольнасці ў нашай краіны ёсць. Мы пакуль не ў Расіі. І нягледзечы на самыя змрочныя прагнозы, калі яшчэ не ў Еўропе, то недзе паблізу. На шляху да яе. Але ж Еўропа – не толькі паняцце геаграфічнае. Гэта перш за ўсё пэўная сістэма каштоўнасцяў, якую спавядае еўрапейская супольнасць. І вось на гэтым напрамку ў сённяшняй Беларусі ніякіх набыткаў. Толькі страты. Мы няўхільна спаўзаем ў шэрагі краінаў трэцяга свету. Што ні ўзгадай – грамадскае жыццё, выбары, судовую сістэму, адукацыю, культуру – усё дэградуе, ператвараецца ў шэры эрзац.

Колькі крыку было, што Беларусь не пускаюць у Еўропу. Уводзяць санкцыі. Ізалююць пакутніцу. Так, з кожным годам усё цяжэй грамадзянам краіны пераехаць на той бераг Буга. Рвуцца былыя сувязі. Еўропа ад нас аддаляецца. Адыходзіць за тую рысу, за якой была яна ў савецкі час. Але хіба Захад у тым вінаваты? Ніводная еўрапейская ініцыятыва, прапанова падтрымкі і разумення тут не знайшлі. А словазлучэнне “правы чалавека” і ўвогуле выклікае ў тутэйшай улады звярыны рык. Як і ў незабыўным 1919-м, зноў разышліся з Еўропай нашы дарогі. Мы па правілах жыць не можам. А тым больш, еўрапейскіх. Душа не дазваляе. Яна – непрадказальная. Не ведае сёння, што выкіне заўтра. Неўтаймаваная душа экзатычнага рэжыму крутых паваротаў не любіць. Паважае стабільнасць турэмнай зоны. І па-ранейшаму прагне чырвонай зоркі ў ілбе, скуранкі на плячах і нагана на поясе. У Дзень Волі, адвозячы перапоўнены аўтазак з месца баявых дзеянняў, кіроўца нейкі спытаў амапаўца: “Куда везем?” Адказаў той проста: “Как всегда, в Куропаты”.

Даўно тут няма наіўных. Усе бачаць выдатна, куды ідзем. І разумеюць, што нас там чакае. Але з аптымізмам пасажыраў “Тытаніка” гуляюць у навязаную ўладай гульню.

Міліцыянты пасля ператрусу ў майстэрні вядомага мастака і грамадскага дзеяча Алеся Марачкіна, ужо ў пастарунку, прапанавалі падпісаць пратакол. Там было адзначана, што ён менавіта ў гэты час недзе ў горадзе ўчыніў дэбош. “Вам не сорамна, хлопцы?” – спытаў мастак. У адказ яны прамовілі сціпла: “Антонович, так надо!”

Вясна. Карабель плыве. Айсберг яшчэ не побач. Настрой цудоўны. Рэйтынг начальніка, нібы крапіва пад плотам, расце. І ўся краіна апантана гуляе ў дурную калгасную гульню пад назовам “Так надо!”

Здаеца, да ўсенароднага шчасця ўжо зусім недалёка. Вось замінае толькі нейкая дробязь - яшчэ застаецца слабая надзея.

Чамусьці заўсёды яна памірае апошняй.

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях