18 мая 2024, суббота, 9:56
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Беларусь – на продаж?

6

Краіну трывожаць чуткі. Нечаканыя. Часам сенсацыйныя. Пайшла вось пагалоска, што і тут могуць з’явіцца алігархі.

На першы погляд – недарэчнасць. Алігархі? У Беларусі?.. Дзе нават з гаспадарамі шапікаў вядзецца зацятая вайна. Ды тут пануе ўсё тая ж калгасна-саўковая ідэалогія. Тут кожны прыватнік – патэнцыйны вораг. І раптам – алігархі! Адкуль?

Але ў выпадку нашым ідэалогія зусім не паказчык. Ужо да чаго бескампраміснай і прынцыповай была калісьці ўлада бальшавіцкая, аднак і там узніклі варыянты. Калі спатрэбіліся грошы, і вялікія, высветлілася раптам, што лепшы сябар пралетарыяту – амерыканскі бізнесовец Арманд Хамер. Менавіта ў прынцыповых бальшавікоў наварыў ён потым большую частку свайго капіталу. У Савецкай Расіі, якая алігархаў уласных незадоўга перад тым проста перастраляла. Грошы не пахнуць. Асабліва ў тых, каму яны надта патрэбны.

І гэтая ўлада свой шлях пачынала рашуча і бескампрамісна. Беларусь – сацыяльна арыентаваная дзяржава. Ніякіх багацеяў. Тыя, хто паспеў на пачатку дзевяностых зарабіць нейкія грошы, абвяшчаліся злодзеямі. Некаторыя паспелі ўцячы. Хтосьці трапіў на нары. Усё тады было проста і зразумела. Грошы павінны ісці ў адну кішэню. А там будзе бачна. Галоўнае – сацыяльная справядлівасць. Заробак невялікі, але ёсць. Беспрацоўя ўвогуле няма. Тых, хто на біржы дэманструе адваротнае, на прымусовыя работы. Пенсія, як у вядомым фільме, маленькая, але харошая.

Але скончыўся нечакана беларускі цуд. Расійцы раптам заўважылі, што падцякае моцна нафтавая труба. Менавіта ў тым месцы, дзе пануе цуд. І рашуча выправілі недарэчнасці ва ўзаемных разліках. І цану на газ падвысілі істотна. Вось тады прынцыповасць некуды знікла. І гэтай уладзе тэрмінова спатрэбіўся Хамер. Дзядзька з грашыма. І не адзін.

На мінулым тыдні прыехаў у Мінск расійскі міліярдэр Алег Дзерыпаска. Па-гаспадарску агледзеў МАЗ. Выказаў здзіўленне, што тутэйшы гігант і ягоныя “Русские машины”, якія пастаўляюць сюды асноўныя вузлы, да гэтага часу не аб’ядналіся. І яго на вышэйшым узроўні паспяшаліся запэўніць, што нічого немагчымага няма. А напярэдадні саміта кіраўнікоў урадаў СНД з Белага дому ў Маскве адбылася вельмі своечасовая ўцечка інфармацыі. Паводле якой Расія можа выдзеліць Беларусі чарговы вялікі крэдыт. На аплату паставак газу. Пры ўмове, што Мінск пойдзе на істотныя саступкі ў прыватызацыі машынабудаўнічых прадпрыемстваў.

Аднак беларускія аглядальнікі цвердзяць, што ўсё гэта чуткі. Тут алігархі не з’явяцца. Таму што іх вялікія грошы і немалыя магчымасці могуць стварыць рэальную пагрозу аўтарытарызму ў Беларусі. Усё так. Магчымасці ў іх ёсць. Але ніякай пагрозы яны не створаць. І дыктатура пра тое ведае. У Нямеччыне трыццатых гадоў далёка не ўсе алігархі падзялялі ідэі фашыстоўскай ўлады. Былі і тыя, хто з пагардай ставіўся да нікчымнага яфрэйтара, які тую ўладу ўвасабляў. Але ж супрацоўніцтва з ім абяцала такія прыбыткі, што маральныя праблемы адступілі ў цень. І на постсавецкай прасторы – нічога новага. Феномен Хадаркоўскага хутчэй за ўсё застанецца выключэннем. Астатнія ж добра ведаюць, дзе праходзіць мяжа паміж імі і ўладай. Ва ўсякім разе, у змаганні за правы чалавека ніхто з іх пакуль не заўважаны. А тым болей – арабскія нашы сябры або туркі, якіх таксама цікавяць неблагія кавалкі яшчэ не падзеленага пірага.

Няўжо толькі цяпер, калі нават абвешчана аб магчымай прыватызацыі “Паліміра” і “Нафтана”, улада пачне мітусліва шукаць патэнцыйных пакупнікоў. Ды ўжо даўно яны вызначаны. Самыя надзейныя з надзейных. І з’яўленне замежных дзядзек з вялікімі грашыма не толькі не падарве, але ўмацуе ўладу. І тыя, хто паблізу ад яе, пакрыўджанымі не застануцца. У лексіконе сучаснай Расіі ёсць усім вядомае слова “откат”. А ў сяброў усходніх мілагучнае слова “бакшиш”. І ўвогуле, пра пакуты маўклівага чынавенства разважаць не варта. Напярэдадні абвальнай і непазбежнай прыватызацыі куды большую трывогу выклікае лёс зусім іншых людзей.

Калісьці нашы кінадакументалісты, блукаючы па старадарожскіх прасёлках, убачылі дзіўнага чалавека. У нейкай здзічэлай пустэчы, далёка ад вёскі, ён высякаў і паліў хмызнякі. І быў надта падобны да тых далёкіх прашчураў, якія гэтак жа адваёўвалі ў бязмежнага леса зямлю. Падышлі да яго. Разгаварыліся. А потым і ўвогуле знялі фільм. Чалавек быў варты таго. Гадоў пяцідзесяці. Моцны. Каржакаваты. Калгасны механізатар. Ён, як высветлілася, усё жыццё спадзяваўся вярнуць калі-небудзь хутар, адабраны ў бацькі савецкай уладай. Зямля тая сквапнай уладзе спатрэбілася не надта. А потым і ўвогуле зарасла хмызняком.

Быў пачатак дзевяностых. Пачынаўся фермерскі рух. І чалавек той апантана паімкнуўся туды, на свой закінуты хутар. Ачысціў ад хмызнякоў. Узараў. Давёў да ладу. Але марнымі былі спадзяванні. Зноў змянілася ўлада. І ўласнікам бацькоўскай зямлі ён не стаў.

Якую магчымасць бяздарна ўпусціла тады Беларусь!

І вось палітычных банкрутаў прыціснула жорсткая рэчаіснасць. Усходні сусед выстаўляе ўсё новыя рахункі. Плаціць нечым. Давядзецца пачынаць маштабную прыватызацыю. Ды яна ўжо даўно ідзе. Расійцы скупаюць усё навокал. Ціха. Без агалоскі. Паміж прадаўцом і пакупнікамі згода і паразуменне. А тыя, хто даверыў гэтай уладзе абарону сваіх інтарэсаў, застануцца, як кажуць, пры сваіх інтарэсах. І прыехаўшы калі-небудзь на Браслаўскія азёры, магчыма, сустрэнуць аднойчы змрочных ахоўнікаў: “А что вы делаете в частном владении господина Потанина?”

Шкада толькі таго старадарожскага рупліўца, які з сякерай у руках змагаўся калісьці за ўласную зямлю. Але тады, у дзевяноста чацвертым, ягоны народ, а магчыма і ён сам, зрабіў гістарычны выбар. І шлях да бацькоўскай спадчыны ў яго і ў кожнага беларуса застаўся толькі адзін. Не аднаасобна, з сякерай, праз калгасныя хмызнякі. А разам з усімі. У напрамку Плошчы. Але нават у такі небяспечны час ісці туды гатовыя хіба што некалькі тысячаў. Надта мала, каб чуткі пра тое, што пойдзе на продаж Краіна, засталіся ўсяго толькі чуткамі.

А таму – Беларусь прадаецца.

Тавар адмысловы. Цана памяркоўная. Аукцыён неўзабаве. Спяшайцеся, панове!

Беларусаў просяць не турбавацца.

Написать комментарий 6

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях