26 апреля 2024, пятница, 15:59
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Андрэй Катлярчук: «Калі Кацярына II паехала ў Беларусь, яна проста звар’яцела»

32
Андрэй Катлярчук: «Калі Кацярына II паехала ў Беларусь, яна проста звар’яцела»

Беларус Андрэй Катлярчук ужо амаль 10 год жыве ў Швецыі, дзе вучыць студэнтаў шведскай гісторыі і даследуе еўрапейскае мінулае Вялікага княства Літоўскага.

Гэта першы чалавек, які напісаў пра беларуска-шведскія гістарычныя стасункі, і адзін з першых айчынных гісторыкаў, які выйшаў на міжнародную арэну

У гутарцы з карэспандэнтам TUT.BY навуковец распавёў пра найвялікшыя міфы беларускай гісторыі і слабасці нашай гістарыяграфіі, надзвычайныя знаходкі ў замежных архівах і тое, што чакае беларускую нацыю ў бліжэйшай перспектыве.

«У Швецыі ідэальныя ўмовы для навукоўцаў»

– Я прыехаў сюды ў 2000 годзе, бо атрымаў гадавы грант ад Шведскага інстытута на напісанне кнігі пра беларуска-шведскія гістарычныя ўзаемадачыненні. Была задача стварыць папулярную гісторыю ад вікінгаў да сучаснасці, і, лічу, я з ёй паспяхова справіўся. «Шведы ў гісторыі і культуры беларусаў» - агляд гістарычных стасункаў, цікавы як аматарам, гэтак і навукоўцам, якія думаюць, што Беларусь і Швецыю нічога не звязвае.

Што падштурхнула застацца ў Швецыі?

– Скончыўшы кнігу, над якой я працаваў у найстаражытным універсітэце Скандынавіі - Упсальскім, атрымаў запрашэнне ад універсітэта Паўднёвага Стакгольма - Содэрторна (Sodertorn University). У Швецыі створаны добрыя ўмовы для навукоўцаў і іх праца прыстойна аплачваецца. Апроч гэтага, я пачаў займацца скандынавістыкай. Таму рашэнне застацца ў «Трэ крунур» было лёгкім і натуральным.

На жаль, і ў Расіі, і ў Беларусі ўмовы для гуманітарнай працы складаныя. І прычына не толькі ды не столькі ў заробку. Навуковыя кантакты, магчымасць ездзіць на стажыроўкі і канферэнцыі ў розныя краіны, абменьвацца з калегамі і прымаць іх, сачыць за найноўшай літаратурай, міжнароднымі часопісамі. Кнігі з бібліятэкі тут мне прыносяць у кабінет, і я магу карыстацца імі паўгода. Каб працаваць у архівах, не трэба аніякіх паперак. Калі ты навуковец, атрымліваеш на рукі арыгіналы, а не мікрафільмы. Гэтак, толькі за апошнія тры гады я папрацаваў у архівах Амстэрдама, Капенгагена, Хельсінкі, Масквы, Херсона, Кіева, Санкт-Пецярбурга…

Кожны праект прадугледжвае грошы на паездку, пражыванне, выдаткі. Шкада, але мае беларускія калегі б’юцца за выжыванне, часта працуючы на голым энтузіязме. Гэта выклікае павагу, але прадуктыўнасці не спрыяе.

Вядома, што ў Швецыі эмігрантам вельмі няпроста асвойтацца. Колькі часу вам спатрэбілася на вывучэнне шведскай мовы?

– Для таго каб пачувацца больш-менш упэўнена і пачаць выкладаць студэнтам, мне спатрэбілася пяць год жыцця і цяжкай працы з мовай. Пры тым, што, прыехаўшы ў Швецыю, я ўжо чытаў па-шведску.

Калі ты хочаш працаваць у еўрапейскіх універсітэтах, веданне нацыянальнай мовы - абавязковае. Гэтак, у Содэрторне недзе 10% выкладаецца па-ангельску, 90% - па-шведску. Скажам, у гэтым семестры ў мяне тры курсы па-шведску, два па-ангельску. Першакурснікам я чытаю гісторыю Еўропы 18-19 стагоддзяў, замежнікам - гісторыю Швецыі і Скандынавіі.

А вось прэзентаваць вынікі даследаванняў, публікавацца можна і з веданнем адной ангельскай, якая нароўні са шведскай з’яўляецца тут мовай навукі. Пісаць дысертацыі і абараняць нават рэкамендуецца па-ангельску. У такім разе з замежжа прыязджае абсалютна нейтральны апанент, які нікога тут не ведае. Ён робіць высновы выключна па дысертацыі, і калі яна кепская, то наўпрост гэта кажа. У Швецыі 17-га стагоддзя сістэма была яшчэ лепш. Рэкамендавалася абараняцца менавіта за мяжой, каб цябе найперш прызналі там. На жаль, у постсавецкіх краінах многае па-ранейшаму вырашаюць кланы, сувязі, «моцныя кандыдаты»...

«Гісторык мусіць працвярэжваць, а не калоць наркотык»

– Сваю доктарскую вы абаранілі ў Стакгольмскім універсітэце. Чаму яна была прысвечана?

- Няўдалай Кейданскай уніі 1655 года паміж Вялікім княствам Літоўскім і Швецыяй. Гэтая першая сучасная праца, прысвечаная менавіта аналізу ўніі як палітычнаму праекту, а не падзеям вакол, і маёй задачай было задаць свае пытанні шведскім крыніцам (бо менавіта ў Швецыі захаваўся комплекс крыніцаў, чарнавыя і канчатковы тэксты ўніі), паказаць, якія мэты пераследавалі шведы і літвіны ў гэтай уніі. Дарэчы, тэма аб’яднання цяпер надзвычай актуальная, бо мы зноў жывём у час уніі. Частка колішняга ВКЛ - Літва, частка Латвіі, Усходняя Польшча - ужо ў Еўразвязе, а значыць, у адной эканамічнай, прававой і культурнай прасторы са Швецыяй. У гэтым святле вельмі цікава паглядзець, як нашы продкі шукалі трэцюю альтэрнатыву паміж Усходам і Захадам, а менавіта Поўнач.

Якое было стаўленне да вас шведскіх калегаў? Усё ж прыехаў з «постсавецкай прасторы» і яшчэ шведам гісторыю Швецыі выкладае...

– Абсалютна нармальнае. Канечне, як навуковец я ўсё больш займаюся гісторыяй Швецыі. Гістарыяграфія ўсё ж не фізіка, а нацыянальная навука, і 90% гісторыкаў працуюць менавіта над нацыянальным кантэкстам. Аднак я выкарыстоўваю свой патэнцыял - веданне ўсходнееўрапейскіх моваў і архіваў - і ў маім фокусе - Усходняя Еўропа, а дакладней - рэгіён паміж Польшчай і Расіяй: Літва, Беларусь, Украіна. Карацей, заняў сваю нішу.

Напрыклад, цяпер я пішу кнігу пра шведскую калонію ў Херсонскай вобласці, якая існуе з канца 18 стагоддзя і дзе старыя дагэтуль размаўляюць па-шведску. Гэта класічны прыклад, дзе для раскрыцця тэмы неабходна веданне крыніцаў і раскладаў з двух бакоў - украінскага і шведскага. Інакш інтэгральнай карціны не атрымаецца. На жаль, у часткі беларускіх, шведскіх і іншых гісторыкаў нярэдка прысутнічае аднабаковы погляд.

Канечне, аднаго даследчыка па нашым рэгіёне ў Швецыі не хапае. Аднак у Беларусі наогул няма скандынавістыкі, бо ў СССР ёй займаліся згодна плану зверху толькі ў Ленінградзе, Маскве і Тбілісі. Шкада, бо тут цяпер ёсць цудоўныя магчымасці для замежных студэнтаў і маладых навукоўцаў. Беларусь і Швецыя - даволі вялікія краіны (амаль па 10 млн насельнікаў кожная), амаль суседзі, а паміж імі па-ранейшаму вялікая разора, дагэтуль няма карціны супольнага мінулага.

Андрэй, а вы сябе якім гісторыкам лічыце - беларускім ці шведскім?

– Не люблю гэтую дэфініцыю і заўжды кажу: я проста гісторык. На Захадзе разумееш, што галоўнае ў гістарычным даследаванні не матэрыял (ён можа быць і беларускі, і ўкраінскі, і шведскі), а якія тэарэтычныя пытанні да яго ставіш. Гэтак, цяпер, пішучы пра шведскіх каланістаў ва Украіне, я даследую змены іх калектыўнай ідэнтычнасці пад уплывам палітыкі вялікіх дзяржаваў, што без згоды прыходзілі да сялянаў - Расійскай імперыі, Украінскай Савецкай рэспублікі, Швецыі, Трэцяга Рэйху, СССР. Рыхтую кнігу, якую планую выдаць ў 2011 годзе спачатку па-ангельску, потым па-ўкраінску.

Шмат хто з беларускіх гісторыкаў лічыць, што іхняя роля - выхоўваць патрыятызм нацыі. Але гэтым мусяць займаюцца настаўнікі, краязнаўцы, журналісты. Навукоўцы ж пішуць пра балючыя тэмы, якія могуць не падабацца народу, не заўсёды зразумелыя. Калі пісаць, што беларусы - самая дэмакратычная нацыя ў Еўропе, якая стварыла першы статут, пабудавала самую талерантную краіну, як тады растлумачыць шматгадовую падтрымку беларускім народам цяперашняга палітычнага рэжыму, неталерантнасць значнай часткі беларусаў, высокі ўзровень крыміналу ў краіне?

Гісторык мусіць працвярэжваць, а не калоць наркотык пад назвай: «Мы самыя лепшыя».

«Кацярына Другая звар’яцела, убачыўшы ў Беларусі Вавілон»

– Ад айчынных гісторыкаў – да гісторыі. Якія, з вашага гледзішча, найвялікшыя міфы ў гісторыі Беларусі?

– Найперш, канечне, той, што Вялікае княства Літоўскае - беларуская дзяржава.

ВКЛ было сярэднявечнай краінай, у якой галоўную ролю адыгрывала палітыка, дынастыя (якая была ўсё ж балцкай) і цэрквы, але зусім не этнічны прынцып. Што да мовы, то адукаваныя людзі размаўлялі па-рознаму. Да прыкладу, вялікі гетман ВКЛ Януш Радзівіл ужываў старабеларускую, польскую, лацінскую і літоўскую. На ўсіх гэтых мовах ён пісаў, гадаваўся па чарзе ў Беларусі і на Жмудзі, належаў да арыстакратыі дзяржавы, фундаваў у тым ліку літоўскі кальвінісцкі друк... Таму, упэўнены, ён быў бы вельмі здзіўлены, калі б мы запыталіся ў яго: «Ты хто - беларус ці літовец?»

Беларусы як сучасная нацыя пачынае фармавацца ў 19 стагоддзі, і нейкі прамежкавы вынік атрымаўся толькі са з’яўленнем СССР. То бок, тыя, хто ніколі не жыў у БССР, не лічаць сябе беларусамі. Гэтак, вы не знойдзеце цяпер мясцовых беларусаў на этнічна беларускіх Смаленшчыне і Браншчыне, усе беларусы там - выхадцы з БССР. Затое ў Беласточчыне яны ёсць, бо няхай усяго два гады, але гэтыя землі былі ў Савецкай Беларусі.

У адрозненне ад цяперашняй шведскай дзяржавы, якая ёсць спадкаеміцай Шведскага каралеўства 15-17 стагоддзяў, сучасныя Беларусь і Літва захавалі толькі асобныя рэлікты ВКЛ (напрыклад, архітэктуру), а не наўпроставую сувязь. Пасля знікнення княства яго народы апынуліся ў Расійскай імперыі і жылі там з улікам СССР 200 гадоў. Як вынік, і незалежныя краіны паўсталі на зусім іншых грунтах, перадусім сучаснага нацыяналізму і этнапалітыкі.

Побач з міфам пра ВКЛ любяць казаць пра «беларускі горад Вільню». Маўляў, на пачатку 20 стагоддзя літоўцаў у Вільні было каля 3%. Дык і беларусамі сябе лічылі са 154 тысяч жыхароў усяго 4,5%. Каля 40% было габрэяў, 20% расійцаў, калі не памыляюся, астатнія пісаліся палякамі. Апошнія размаўлялі на польскім дыялекце «крэсаў», і мы не маем права сцвярджаць, што яны не палякі, бо гэта іхні выбар. Беларусы ўвесь час пішуць пра «Нашу ніву» і іншыя беларускія выданні, але ў гэты ж час у Вільні друкаваліся і літоўскія газеты ды часопісы, а побач з беларускай гімназіяй была і літоўская, не кажучы ўжо пра польскія.

Так, Вільня заўсёды была горадам са значнай доляй усходне-славянскага насельніцтва, але мяне цікавіць не тое, чый гэта горад - беларускі, літоўскі, габрэйскі «Паўночны Ерусалім» або польскі, а чаму беларускія бюргеры, якія мелі ў ім уладу ў 15-17 стагоддзях, не захавалі свае уплывы ў 18-19-м? Куды зніклі гэтыя пласты?

– У чым вам як даследніку ВКЛ найперш бачыцца ўнікальнасць княства?

– Гэта быў фенаменальны для Еўропы эксперымент, калі людзі розных рэлігій, веравызнанняў, этнічнага паходжання - сапраўдны калейдаскоп нацый - здолелі пабудаваць дзяржаву, якая доўгі час існавала без значных канфліктаў. У асноўным законе дзяржавы Статуце 1588 г., што дзейнічаў да 19 стагоддзя, замацоўвалася свабода веравызнання, роўнасць усіх хрысціянскіх канфесіяў.

Гэтак, раздзел 3, артыкул 3 («Аб захаванні ў супакоі ўсіх падданых нашых, абывацеляў таго панства, з боку рознага разумення і ўжывання хрысціянскага набажэнства») замацоўваў поўную роўнасць і абарону ўсіх хрысціянскіх веравызнанняў. Сенатары ўзгадвалі сумны досвед рэлігійных войнаў у Заходняй Еўропе (напрыклад, ноч Святога Барталамея ў Францыі) і гарантавалі абарону для ўсіх дысідэнтаў у ВКЛ, бо: «У нашай краіне ёсць вялікая розніца ў разуменні хрысціянства, таму мы не жадаем мець аніякіх канфліктаў і войнаў, якія бачым у іншых краінах. Таму мы вырашылі заўсёды захоўваць мір у краіне і чалавечай крыві ў нашых цэрквах не праліваць».

Калі ва ўсёй Еўропе панаваў антысемітызм, рэлігійны і этнічны ціск, у ВКЛ габрэі і татары мелі не толькі правы і гарантыі, але і магчымасць зрабіць палітычную кар’еру. Тое, што ў Расійскай імперыі яны атрымалі толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Кожны габрэй, які дабравольна прымаў хрысціянства, згодна Статуту аўтаматычна атрымліваў шляхецтва. Цікава, што ў пачатку 18 стагоддзя, паводле даследавання Змітра Яцкевіча «Малы гербоўнік Халопеніцкай шляхты», каля 11% шляхты заходняй частцы Аршанскага павета мелі габрэйскія карані. Ані ў Расіі, ані ў Польшчы падобнае немагчыма было тады ўявіць.

Калі Кацярына Другая паехала ва Усходнюю Беларусь пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, яна проста звар’яцела, бо ў гарадах яе сустракалі прадстаўнікі ўсіх этнічных групаў - беларусы, палякі, габрэі, татары, якія жылі разам у згодзе... Сапраўдны Вавілон і цяжказразумелая карціна для тагачаснай расійскай эліты.

А ці было ў ВКЛ нешта такое, да чаго сучасная Беларусь яшчэ не дарасла?

– Вялікае княства было заснавана на складанай сістэме згоды і кансенсусу, чаго не хапае сучасным беларусам. У Беларусі той, хто крытыкуе ўладу, адразу залічваецца ў шэраг «ворагаў». У той жа Швецыі падобнае немагчыма, бо крытык, прадстаўляе ён апазіцыю ці не, усё роўна працуе на дзяржаву. Заміж таго, каб ссылаць Паўла Севярынца на «хімію», я б параіў уладзе даць яму офіс у цэнтры Мінска і даручыў бы працаваць з моладдзю. Ён жа не наркотыкі заклікае ўжываць, а хоча выхоўваць патрыятызм, працаваць на будучыню краіны.

Заўсёдны падзел на «нашых» і «нянашых», «чэсных» і «нячэсных» падаецца мне абсалютна дурным. І Лукашэнка беларус, і Мілінкевіч беларус, і мітынговец, які крычыць «Беларусь у Еўропу» - беларус, і спецназавец, які б’е яго па карку, - таксама беларус... Гэта трэба зразумець і зрабіць тое, што палякі зрабілі ў 1988-89 годзе, сеўшы за круглы стол і дамовіўшыся аб далейшым супольным жыцці. Менавіта так рабілі нашы продкі ў ВКЛ і рэлікты гэтага свету захоўваліся ў заходнебеларускіх мястэчках да 1939 года.

І ў гэтым няма нічога немагчымага. Усе мы бачым, як беларускія ўлады цяпер вяртаюцца да тых самых ідэяў, за якія яны яшчэ 5-6 гадоў таму ганьбілі апазіцыю. Што крамольнага, скажам, у супрацы з Еўразвязам? Каб гандляваць, ездзіць, абменьвацца ідэямі на карысць адно аднаго. Так жыве ўвесь свет!

Вы багата працавалі ў архівах еўрапейскіх краінаў. Якія знаходкі ўразілі найбольш?

– Найперш – Шведскі дзяржаўны архіў. Нядаўна тут адшукалі неапрацаваны Смаленскі архіў пачатку 17 стагоддзя - велізарная колькасць старабеларускіх тэкстаў кірыліцай і лацінкай. Ёсць 150-старонкавы дыпламатычны дзённік шляхціца з ВКЛ аб перамовах з маскавітамі, напісаны беларускай лацінкай. Швецыя ў гэтым плане ўвогуле кландайк, бо з’яўлялася суседам ВКЛ з агульнай мяжой у Латвіі. Паколькі на яе тэрыторыі не было войнаў амаль ад самых вікінгаў, усё захавалася. Тут ёсць унікальны поўны асобнік Статута 1588 года з каментарамі беларускага праўніка на палях. Адшукаў я і невядомы рукапісны слоўнік Сімеона Полацкага, які ягоны сучаснік швед Юханес Спарэнфелдт, што ведаў 14 моў, прывёз з Масквы.

Шмат усходнеславянскіх тэкстаў у Капенгагене. У Хельсінкі захоўваецца пратэстанцкі рукапіс 17 ст. на старабеларускай мове. У Галандыі процьма дысертацый студэнтаў з ВКЛ па медыцыне, паліталогіі. Сярод іх сустрэў нават 300-старонкавы прыгодніцкі раман 18 ст. шляхціца з ВКЛ па-галандску з такімі цікавымі гравюрамі, як «Кабета з каўтуном» ды «Паляванне на мядзведзя ў Белавежскай пушчы».

«Літоўцы працуюць, а чым займаецца беларускі Інстытут гісторыі?»

– Ёсць меркаванне, што беларуская гістарыяграфія значна слабейшая за літоўскую, і таму менавіта літоўцы выйгралі ў нас бітву за спадчыну ВКЛ, лічацца ў свеце яе пераемнікамі...

– Па-першае, гэтую бітву нельга выйграць, бо спадчына ў нас агульная. Па-другое, Літва хоць і невялікая краіна, але працуюць яны вельмі прадуктыўна. Пасля Другой сусветнай вайны ў літоўцаў была вялікая эміграцыя, і яны зрабілі шмат публікацый за мяжой. І сёння літоўскія гісторыкі рэгулярна выступаюць на міжнародных канферэнцыях, перакладаюць свае кнігі на ангельскую мову...

Натуральна, яны ўплывалі на заходняе грамадства, але не ўпэўнены, што яны пераканалі навукоўцаў сваімі міфамі. Свой народ - так. Кожны літовец упэўнены ў тым, што ВКЛ было літоўскай дзяржавай, у якой трошкі беларусаў жыло на мяжы. Аднак дастаткова ўзгадаць, што віленскі кашталянін Канстанцін Астрожскі быў праваслаўным і ў гонар перамогі пад Оршай пабудаваў у цэнтры места дзве каменныя царквы, каб зразумець, што гэта няпраўда. Аднак і беларусы пераканалі народную большасць, што ВКЛ - беларуская дзяржава. Менавіта такой інфармацыяй праграмуюць дзяцей у беларускіх школах. І доказы, якія пры гэтым прыводзяцца, таксама не зусім праўдзівыя. Узяць хаця бы моўнае пытанне. Старабеларуская, канечне, была афіцыйнай мовай княства згодна Статуту 1588 г., аднак дакладна вядома, што і літоўская эпізадычна выкарыстоўвалася ў справаводстве, а вялікія князі час ад часу пісалі прывілеі па-літоўску. Калі ж у Жамойці перакладчык не паспяваў перакладаць на старабеларускую, то пісаў балцкай мовай.

І літоўская, і беларуская гістарычныя школы працуюць у звужаных колах, і гэта шлях у нікуды. Працы літоўскіх гісторыкаў геаграфічна амаль не выходзяць за межы сучаснай Літвы, а значыць, яны вывучаюць не гісторыю ВКЛ, а толькі яго паўночнай часткі, прыцягваючы некалькі прыкладаў з беларускай тэрыторыі. Адваротную сітуацыю бачым у сучасных беларускіх крыніцах. Цалкам на Вялікае княства глядзяць толькі палякі, але ў іх свая перспектыва.

Відавочна, што для агульнай справы патрэбен кансенсус. Неабходны канферэнцыі беларускіх, літоўскіх, польскіх і ўкраінскіх гісторыкаў. Нешта падобнае пачыналася на зачыне 1990-х, аднак заглухла.

Але я што меў на ўвазе. Будучы ў Нью-Ёрку, я купляю самы папулярны ў Штатах энцыклапедычны даведнік The World Almanac і ў раздзеле пра краіны чытаю, што ў сярэднявеччы тэрыторыя Беларусі падпарадкоўвалася палякам і літоўцам...

– У падобных даведніках нямала памылковых поглядаў і іх трэба папраўляць, аднак гэтым ніхто не займаецца. Чаму беларускія гісторыкі дасюль не выдалі ніводнай «Гісторыі Беларусі» па-ангельску? Гадоў восемь таму я набыў ў Браціславе A concise history of Slovakia, выдадзеную Інстытутам гісторыі Славацкай Акадэміі навук. Чым займаецца Інстытут гісторыі АН Беларусі? Чаму не паставіць у план і не зрабіць калектыўную The History of Belarus са сваімі поглядамі, распаўсюдзіць яе па сусветных установах? Хто за вас будзе гэта рабіць? У літоўцаў такая гісторыя ёсць, і не адна. Пакуль адзіную ангельскамоўную кнігу па гісторыі Беларусі напісаў грамадзянін ЗША Янка Запруднік.

Колькі беларускіх гісторыкаў сёння друкуецца за мяжой? Можа, пяць. І гэта на 10 мільёнаў насельніцтва. А колькі ў краіне кандыдатаў і дактароў гістарычных навук? Думаю каля 1000 чалавек. Цікава, як яны атрымалі навуковыя ступені, калі кандыдацкі іспыт уключае выдатнае валоданне замежнай мовай?

«Найлепшы шлях для Беларусі - будаваць ідэнтычнасць на мове»

– Ці падзяляеце вы думку, што працэс фармавання беларускай нацыі яшчэ не скончыўся?

– Так, ёсць вялікае пытанне, што мы маем на ўвазе пад беларускай нацыяй. З аднаго боку, назіраем у дзеянні сучасны нацыяналізм. Малое дзіця ў Беларусі можа стаць сёння чалавекам беларускай, рускай, польскай, габрэйскай культуры. Пры гэтым ён застаецца грамадзянінам Беларусі і ва ўсім свеце, і ўсё часцей на радзіме, уважаецца за беларуса. З часам прадстаўнікі нацменшасцяў асімілююцца часткова. Усе яны стануць беларусамі, толькі некаторыя з іх будуць валодаць яшчэ і мовай этнічнай меншасці. Аднак на якой падставе пабудуюць гэтую нацыянальную ідэнтычнасць, пакуль няясна. Хто стане героем Беларусі - Сувораў ці Касцюшка? Якая мова будзе асноўнай - расійская ці беларуская? Будучыня Беларусі з Расіяй ці Еўразвязам?

Ірландцы, якіх нам ставяць у прыклад, стварылі дзяржаву на падставе адзінай рэлігіі і мовы каланізатара. Аднак у Беларусі сітуацыя іншая. Па-першае, у нас няма адзінай рэлігіі. Па-другое, на пачатку ірландскага адраджэння ірландская мова была, па сутнасці, страчана, а ў нас беларуская, наадварот, стала яго асновай. Таму, натуральна, найлепшы шлях для Беларусі - будаваць ідэнтычнасць на мове. Можна яшчэ і на гісторыі. Аднак калі мы пакладзем у падмурак расійскую мову і беларускую гісторыю, атрымаецца поўная блытаніна...

А калі беларуская мова з цягам часу ўсё ж згіне?

– Не думаю, што згіне. Нядаўна я быў на канферэнцыі ў Днепрапятроўску. Там людзі размаўляюць на стандартнай расійскай мове, аднак на гістфаку студэнты паміж сабой - толькі па-ўкраінску. Усе прадметы па-ўкраінску, камп’ютарныя праграмы таксама. Большасць школаў - украінскія... Гэтаксама можна аднавіць і беларускую мову. Нават і праз 50 гадоў. Пагатоў цяпер значна больш людзей, чым у савецкі час, свядома яе ўжываюць, а чытаюць і разумеюць дык увогуле ўсе.

У Беларусі я карыстаюся беларускай мовай і мяне здзіўляе, як на маіх вачах расійскамоўныя людзі на яе пераходзяць. Аднойчы разам з групай шведаў, беларускіх літаратараў і студэнтаў скандынаўскага цэнтра ЕГУ пабываў у лунінецкай гімназіі № 1. Мы пачалі выступаць - большасць па-беларуску, перакладаюць шведаў таксама на беларускую. Праз 15 хвілін дырэктар і ўся школьная адміністрацыя таксама загаварылі па-беларуску. Атрымалася, што мы прыйшлі ў расійскую школу, а выйшлі з беларускай. Тады я зразумеў, што дастаткова спакойнай дзяржаўная палітыкі - ня трэба бальшавіцкіх метадаў і пяцігодак! - і ўсё само сабой уладкуецца.

Сёння ж гэтыя натуральныя працэсы тармозяцца ў дзяржаве штучным чынам. Мае сваякі жывуць у Тураве, дык людзі там б’юцца, каб аддаць дзяцей ў адзіную расійскамоўную школу, бо ведаюць, што універсітэт, праца далей у жыцці - усё будзе па-расійску. Пры гэтым дзве беларускія школы ўвесь час пад пагрозай «рэфармавання». Зрабіце вы хоць палову беларускамоўных універсітэтаў. Няхай Аляксандр Рыгоравіч хоць раз на месяц выступае па-беларуску. Стаўленне народу зменіцца імгненна.

Пры гэтым неабходна вярнуць шырокія правы мовам нацменшасцяў. Абавязкова побач з расійскім універсітэтам у Магілеве стварыць у Мінску або Гродне польскі, украінскія, літоўскія і латышскія групы. Гэта стане моцным штуршком для інтэнсіфікацыі найперш эканамічных кантактаў, бізнэсу... А так сёння тыповы адукаваны беларус валодае адно расійскай мовай, а значыць, і працаваць ён можа выключна з Расіяй. А ёсць жа Польшча, Літва, Латвія, Украіна. Трэба напоўніцу карыстаць з геапалітычнага становішча!

Андрэй, і ўсё ж, колькі, на вашу думку, патрэбна часу, каб беларусы спраўдзіліся як нацыя?

– Згодна з сусветным досведам, дэмакратычную палітычную сістэму можна адбудаваць за 5-7 гадоў. Эканамічны рывок, як прадэманстраваў Кітай, рэальна ажыццявіць гадоў за 20. Нацыянальнае пытанне - найбольш складанае. Лічыцца, што змена аднаго пакалення вымагае 25 гадоў, а гістарычныя працэсы адбываюцца пры змене двух. Гэта можна прасачыць на прыкладзе літоўцаў. Цягам 20 гадоў (да 1940 года) яны мелі незалежнасць. Наступнае пакаленне гадавалася ўжо ў СССР, дзе літоўцам больш, чым астатнім рэспублікам, дазволілі захаваць нацыянальнае. Вынікам, у сучаснай Літве няма пытанняў, хто такі літовец. Мова, дзяржава, гісторыя - у іх усё літоўскае. Хто такі беларус? Адказу пакуль няма.

Андрэй Катлярчук нарадзіўся ў 1968 г. у беларускай сям’і вайскоўца ў Новачаркаску (Расія). Гадаваўся ў Чачні і на беларускім Палессе. Скончыў аспірантуру Расійскай Акадэміі навук. З 2000 г. жыве і працуе ў Швецыі.

Доктар гістарычных навук (дысертацыю абараніў у Стакгольмскім універсітэце, 2006). Выкладчык інстытута гісторыі, гендэрных даследаванняў і культуралогіі універсітэта Паўднёвага Стакгольма — Содэрторна (Sodertorn University).

Аўтар кніг «Праздничная культура в городах России и Белоруссии ХVII века» (СПб, 1999), «Швэды ў гiсторыi й культуры беларусаў» (Мінск, 2002, 2007), In the shadows of Poland and Russia: the Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European crisis of the mid-17th century (Содэрторн, 2006), Making The Baltic Union - The 1655 Federation Of Kedainiai Between Sweden And The Grand Duchy Of Lithuania (2008) і шматлікіх манаграфій на беларускай, ангельскай, расійскай, шведскай, украінскай і інш. мовах.

Лаўрэат Прэміі імя Ф.Багушэвіча беларускага ПЭН-цэнтру за «лепшую гістарычную кнігу» (2002) і Прэміі Паўночна-Амерыканскай асацыяцыі беларускіх даследаванняў (North American Association for Belarusian Studies) імя Зоры Кіпель за публікацыі па беларусістыцы (2007).

Написать комментарий 32

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях