23 ноября 2024, суббота, 6:34
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Лідар «Drum Ecstasy»: БТ пастаянна крадзе нашу музыку

8
Лідар «Drum Ecstasy»: БТ пастаянна крадзе нашу музыку

Музыкі не ведаюць, як змагацца з крадзяжом на беларускім тэлебачанні.

Самая вядомая барабаная фармацыя зь Беларусі Drum Ecstasy адзначыла сёлета 20-годзьдзе сваёй дзейнасьці. Гурт паўстаў з арт-суполкі «Беларускі клімат», якая на пачатку 90-х ахоплівала практычна ўсе віды мастацтва. Музыкі вырашылі выкарыстоўваць толькі барабаны, часам далучаючы бас-гітару, а ў асобных творах яшчэ і электрапілы ды электрадрылі. Практычна адразу яны сталі запатравабаныя ў Эўропе. На беларускай нефармальнай сцэне – гэта адзін з самых актыўна канцэртуючых за мяжой гуртоў.

Яны пішуць музыку для рэклямы і кіно, граюць на рок- і байк-фэстах ды спартовых мерапрыемствах, а бывае што і на нэлегальных вечарынах. Творчасьць Drum Exctsasy запатрабаваная настолькі, што безь яе ня могуць абыйсьціся на дзяржаўным тэлебачаньні і нават на афіцыёзных мерапрыемствах, як, напрыклад, на парадзе 3 ліпеня. Праўда, згоды на гэта ў музыкаў, як правіла, ня просяць.

Лідар «Drum Ecstasy» Філ Чмыр даў інтэрв'ю сайту charter97.org.

- Вас не засмучае, што ваша музыка выкарыстоўваецца ў прапагандысцкіх мэтах, на шэсьце фізкультурнікаў, напрыклад, на парадзе 3 ліпеня?

- Мы ўжо спакойна ставімся да таго, што нашу музыку крадуць ды выкарыстоўваюць, хто як хоча. Пад яе катаюцца фігурысткі на чэмпіянаце Расеі, яна гучыць на іншых спартовых спаборніцтвах і ў шэрагу расейскіх фільмах бяз нашай згоды. Беларускае тэлебачаньне пастаянна крадзе нашу музыку, іх хакейныя перадачы ідуць пад наш трэк, у сацыяльных роліках выкарыстоўваецца, а нам пра гэта не паведамляюць і нічога ня плоцяць. І мы разумеем, што нічога з гэтым не паробім. Як і ня зробім з тым, што, напрыклад, у цэнтры гораду будуюць пачварныя будыніны. Мы можам змагацца, намагацца адстойваць свае правы, станавіцца ў позу, але калі крадзёж адбываецца на дзяржаўным узроўні, мы нічога парабіць ня можам.  

- І вы проста зьмірыліся з гэтым фактам?

- Так, бо абсалютна не ўяўляем, як з гэтым змагацца. Па-шчырасьці, не бачу сэнсу адстойваць свае правы ў судах, бо за гэты час мы лепей напішам новую музыку. Як у тым анэкдоце: пасадзілі 100 га кукурузы, дык усё паела саранча, а мы пасадзім 200 га, і хай яна падавіцца.

- Тое, як легальна выкарыстоўваецца ваша музыка ў кіно вам заўжды падабаецца?

- Апошняя па часе наша праца ў кіно – беларускі фільм «Селитра №7» рэжысэра Паўла Касьцевіча, ён хутка павінен зьявіцца на расейскім рынку, зараз якраз дасягаюцца дамоўленасьці на гэты конт. Будзе і кліп з нашай музыкай. Дык вось гэта бадай што першы фільм, калі не лічыць «Поцелуй креветки» Сярэбрэнікава, для якога нам ня сорамна было аддаць музыку. «Ночной дозор» і «Самый лучший фильм» ды яшчэ процьму іншых наогул ня хочацца згадваць. А вось гэтыя дзьве стужкі сапраўды вельмі добрыя.

- Я адкрыў для сябе «Drum Ecstasy», дзякуючы вашым нелегальным канцэртам пад мастом у парку Горкага. У чым быў іх сэнс?

- Гэта былі звычайныя канцэрты, якія мы не зьбіраліся ня зь кім узгадняць. Мы не лічылі патрэбным браць дазвол на выступ, бо гэта нармальная практыка свабодна граць да пэўнага часу. Да дзесятай вечара мы заўжды сканчвалі, так што парадак на нашае разуменьне не парушалі. Інфармацыю пра гэтыя штогадовыя канцэрты пад мастом мы распаўсюджвалі выключна па «сарафаннаму радыё». Загадзя зьбіралі барабаны, пад’язджалі да месца вулічнага канцэрту на машыне, выгружалі, запальвалі вогнішча ды пачыналі граць. А сябры нашыя непадалёк выглядалі, ці ня едзе міліцыя. Калі заўважалі здалёк, адразу паведамлялі нам, мы хуценька зьбіраліся ды разьязджаліся.

- Чаму вы цяпер не праводзіце гэтую акцыю?

- Міліцыя сапраўды прыязджала некалькі разоў. І нават затрымлівала некага з журналістаў і гледачоў, ці проста разганяла мерапрыемства. На апошняй акцыі, што адбылася з год пяць таму, узмоцнены нарад усё ж затрымаў нас. Пажурылі і ўзялі абяцаньне больш ня граць без дазволу. Пасьля гэтага мы і не граем. Наогул жа, мне здаецца, што зараз у любой краіне мастаку стала куды складаней жыць, бо ідзе наступ на сьвецкую супольнасць ды арт-актывістаў па ўсім сьвеце. Справа Pussy Riot таму яскравы прыклад. Ад таго паўстаюць праблемы з публічным выказваньнем у прасторы.  

- Але, тым ня менш, вы дэманстратыўна сыйшлі пару год таму ў «творчую эміграцыю» у Расею, жывучы тут, але працуючы перадусім на тую тэрыторыю. Там лепш?

- У Беларусі сапраўды стала немагчыма існаваць, бо тут няма прасторы, у якой можна працаваць. Маю на ўвазе практычную адсутнасьць добрых клюбаў з якасным гукам, немагчымасьць такіх вось «вулічных» выступаў, якія, паводле закону, сталі падпадаць пад вызначэньне «несанкцыянаваных мерапрыемстваў». Натуральна, у Расеі больш магчымасьцяў. Але ня толькі Расеяй мы абмяжоўваемся, мы заўжды думаем пра працу ў Эўропе, дзе нашмат вальней дыхаецца.

- Калі за мяжой так добра, чаго вы застаецеся тут?

- Бо я гэта мой горад і я тут жыву. Я ўсім кажу, што ў мяне маці ў фантане сядзіць. Мая маці была мадэльлю, зь якой зрабілі дзяўчыну, што вянок уздымае ўгару ў скульптурнай кампазыцыі ў парку Янкі Купалы. Эйнштэйн вось казаў: я ня немец, але я бэрлінец. Я не адчуваю сябе чалавекам Беларусі, але я адчуваю сябе мінчуком. У іншыя беларускія гарады я патрапіў нават пазьней, чым у эўрапейскія. І таму, напрыклад, калі ў цэнтры гораду, будуюць пачварныя будыніны, як Кемпінскі ці Чыжыўка, як я называю дом на Нямізе, то мне гэта як нажом па сэрцу.

- Ня думалі пра тое, што вы яшчэ проста не адкрылі для сябе Беларусь?

- А мне падабаецца Беларусь, я ў захапленьні ад яе гарадоў. Але я дакладна адчуваю, што я менавіта зь Менску. І каб быць менчуком, неабавязкова трэба ведаць беларускую мову, я лічу. Вельмі люблю езьдзіць у Магілёў, Берасьце, Пінск, як і ў Вільню, Барсэлёну, Бэрлін ды іншыя гарады, але яны мне ня родныя, хоць мне там і падабаецца праводзіць час. Асабліва ў Вільні, якая мне мусіць бліжэй да сэрца, бо шмат часу правёў там асабліва ў пэрыяд маладосьці, калі дабіраўся туды аўтастопам за дзьве гадзіны, начаваў там, а потым назад дабіраўся ў Менск на працу…

Я не магу адчуваць сябе беларусам, у мяне няма да гэтага перадумоваў. Я за глябальныя ідэі, за тое, каб сьвет быў адкрыты і было менш межаў, таму я не прымаю нацыянальную ідэю ды людзей, якія ёй займаюцца, бо яны перасьледуюць інтарэсы вельмі невялікай групы. А гэта дазваляе сказаць, што традыцыі важнейшыя за міжнародныя законы. У выніку справа даходзіць да пабіваньня камянямі ці да прыходу ва ўладу маленькіх «царкоў».

- Вы былі адным з ініцыятараў стварэньня «беларускай уніі музыкаў» – сваеасаблівага прафсаюзу незалежных музыкантаў. Чаму з гэтай ідэі нічога не атрымалася?

- Так, пасьля забароны ў 2004 годзе мы актыўна ўдзельнічалі ў рассылцы «адкрытага ліста» па заходніх інформагенцтвах. Сева Наўгародцаў нават адрэагаваў. Сапраўды, меркавалася, што ўтворыцца аб’яднаньне, падобнае прафсаюзам, якое будзе адстойваць правы музыкаў. Але далей не пайшло, бо пачалося «растаўленьне лакаткоў» - мы ўсе сябры, але грошай на ўсіх не хапае. Нас у пэўны момант перасталі клікаць на сустрэчы ды не інфармавалі пра далейшыя зрухі. Напрыклад, пра візіт у адміністрацыю прэзыдэнта. Мы б таксама пайшлі на гэтую размову. Паступова сытуацыя вырашылася, рабятаў ужо дазволілі, а ў нас была другая хваля забаронаў, калі нас вылоўлівалі і казалі, што вось, на жаль, на «Вольным паветры» вы ня будзеце выступаць, таму што патэлефанавалі з адміністрацыі і сказалі, што калі вы там будзеце, то ня будзе фэстываля. Нас выкрэсьлівалі арганізатары, ну і мы зразумелі, што з гэтымі музыкамі нам напэўна ня варта ісьці ў адной камандзе і трэба займацца сваёй справай. Зараз мы зрэдчас граем публічна і нас ніхто не чапае.

- Наогул, дзіўна было бачыць пад забаронай гурт, які выконвае выключна інструмэнтальную музыку.

- Сапраўды, мы граем музыку бяз слоў, але можна ж уявіць, што мы граем і маўчым пра сябе нейкія правакацыйныя тэксты. А можа граем мы ў няправільных месцах. А пасьля даем інтэрвію. У нашай жа сытуацыі важна ня тое, што ты граеш, а што ты кажаш. Магчыма, наша грамадзянская пазыцыя камусьці не падабаецца.

- Вам бы хацелася, каб арганізатарам фэстаў тэлефанавалі з адміністрацыі і казалі, што «Drum Ecstasy» павінны быць абавязкова ў сьпісе выступоўцаў?

- Здаецца мне, сытуацыя ў краіне паўплывала на зьмяшчэньне ў мазгу беларусаў. Мы хочам таго, што і так павінна быць, адсутнасьць чаго для іншых зьяўляецца нонсэнсам. Мы хочам свабоды выказваньня, мы хочам свабоды слова, мы марым пра тое, каб былі пляцоўкі для выступаў. Мы нават ня марым пра тое, што дзяржава мусіла б фінансаваць пляцоўкі і клюбы ды ствараць асаблівыя ўмовы для іх функцыянаваньня. Напрыклад, зьняць падатак з квіткоў, як у эўрапейскіх краінах. Там да пэўнай мяжы нават ПДВ ня плоцяць у адрозьненьні ад нас, бо гэта ёсьць культура!

- Тое, што вы былі пад забаронай у Беларусі, неяк паспрыяла вашай кар’еры?

- Акрамя гіганцкіх стратаў ад таго, што мы прыпынілі выступы на тэрыторыі Беларусі нават на карпаратывах ды эвентах, анічога іншага забарона нам не прынесла. «Ляпісам», напрыклад, яна дапамагла, ім пашанцавала. На той час расейская прэса не падтрымлівала Лукашэнку, і таму ў іх быў добры піяр-ход скарыстаць забарону ў Беларусі. У той час, калі мы трапілі пад забарону, гэта не было нікому цікава. На Захадзе магло зацікавіць, але там вельмі доўга раскачваюцца, а ў Расеі гэта тэма замоўчвалася. Другая хваля забаронаў – іншая справа, бо можна спакойна працаваць на расейскім рынку. Бо там на канцэрты ходзяць у асноўным тыя, хто ня любіць Пуціна і гэтая вось скіраванасьць творчасьці супраць дыктатуры дапамагае існаваць, плюс там застаюцца яшчэ СМІ, якія гэта піяраць.

Размаўляў Сяргей Будкін, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 8

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях