Настаўнікі хлусні
27- Зміцер Дашкевіч
- 5.08.2015, 12:02
- 23,286
Пасля таго, як рэжым Беларусі лясне, настаўнікі – гэта першыя, хто павінен выйсці на плошчы і прынесці агульнанацыянальнае пакаянне.
Едзем з Соснаў (гэта шчэ далей за Шабаны). А там няслабы спуск такі, а потым пад’ём. І вось па гары гэнай згорбіўшыся бяжыць цётка. Мы з Настаю, канешне, спыняемся і я кручу праз адкрытую фортку:
- Падвезці?
- Ага, ага, – адказвае акуратна прыбраная цётка і заскоквае ў машыну.
- Куды ж вы ляціце так? – запытваю я.
- Вой, пікет ў міня ў магазіна начаўся.
- Да вы што! І што за пікет?
- Ну подпісі за кандзітата сабіраем.
- Ух ты, – зьдзівіўся я, – і за якога ж кандыдата пікетуеце?
- Ну за какова, за кандзідата Лукашэнку!
- А каб яго разарвала, вашага кандыдата! – засмяяўся я.
- Ні бойцесь, ні разарвёт, правіць будзіт доўга, - без ніякіх жартачкаў выдала цётушка.
- Дык глядзіце каб вам самім не разарвацца – у такі сквар па гарах бегаць.
- А што здзелаеш, работа такая… - сумна ўжо неяк адказала тая.
- Дык што, не па поклічу сэрца? – зноў пратэставаў агітатара я.
- Какой покліч, - пачала нават скардзіцца суразмоўца, - сказалі ў школе: «Ідзі на пікет!» – і куды ты дзенешся?..
- Дык вы ў школе працуеце? – спытаў я спыняючыся ўжо ля паварота на краму?
- Так, у школе.
- Ну трымайцеся, бо нялёгка вам.
- Спасіба, спасіба вам бальшое.
У гэтай трагі-камедыі, якую напаткалі мы на дарозе, трагічней за ўсё тое, што гэтыя цётачкі, якія з-пад палкі разрываюцца, але пікетуюць за «дзействуюшчага», потым ідуць у школу і вучаць дзетак. А чаму яны могуць кагосці навучыць? Што, такія настаўнікі могуць закласці прынцыпы маралі і справядлівасці? Што, цётачкі гэтыя няшчасныя могуць выхаваць у дзецях пачуццё патрыятызму і любові да Бацькаўшчыны? А калі да гэтай гісторыі мы дададзім тысячы іншых пра тое, як у школах і ўніверсітэтах на ўчастках для галасавання настаўнікі фальсіфікуюць выбары, карціна перад намі паўстане зусім жахлівая.
І я мяркую, што пасля таго, як рэжым Беларусі лясне (праз год ці праз 20 год, але ж ён лясне) і выплывуць на паверхню ўсе ягоныя зладзействы (хаця для людзей з вачмі і так усё на паверхні), настаўнікі – гэта першыя, хто павінен выйсці на плошчы і прынесці агульнанацыянальнае пакаянне за тое злачынства, якое чынілі яны некалькі дзясяткаў год – з пяцігодкі ў пяцігодку фальсіфікавалі для нас «прэзідзента». А потым спакойна ішлі ў школу і вучылі дзяцей праўдзе, справядлівасці і патрыятызму. Яны, «настаўнікі хлусні» павінны першыя выйсці на плошчы і першыя перад усім народам пакаяцца.
Зміцер Дашкевіч, спецыяльна для charter97.org