У Менску прайшла сустрэча зь Янкам Запруднікам
- 29.06.2016, 8:39
- 21,059
Янку Запрудніку (Сяргею Вільчыцкаму) у жніўні спаўняецца 90 гадоў.
Ён гісторык і публіцыст, адзін з асноўных дзеячоў беларускай дыяспары ў ЗША, ганаровы сябар беларускага ПЭН-цэнтру. Да ягонага юбілею ў сэрыі «Бібліятэка «Бацькаўшчыны» выйшла кніга «Кантакты», заснаваная на лістах, што пісалі беларусы Янку Запрудніку. Укладальнікамі кнігі сталі вядомыя дасьледчыкі эміграцыі Натальля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч, паведамляе «Радыё Свабода».
28 чэрвеня Янка Запруднік у Менскай абласной бібліятэцы прэзэнтаваў кнігу чытачам.
«Перапоўненая заля часам дзьвюх гадзін слухала і аўтара, і выступоўцаў з ліку выбітных асобаў краіны і тых, хто пажадаў выказацца з нагоды сустрэчы. Творчая пладавітасьць, нязгасная любоў да Бацькаўшчыны, грамадзка-палітычная актыўнасьць ды асабліва захаваная за 73 гады эміграцыі чысьцюткая родная мова вабяць заўсёды да сябе яго аўдыторыю. А зухаваты спартовы выгляд, рухавасьць, пачуцьцё гумару наогул здымаюць з яго календару год 35», — падзяліўся ўражаньнямі ад сустрэчы на сваёй старонцы ў Фэйсбуку адзін з заснавальнікаў Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, маёр у адстаўцы Алесь Станкевіч.
Шмат шчырых слоў і цёплых пажаданняў сказалі шаноўнаму госцю Адам Мальдзіс, Уладзімір Арлоў, Леанід Лыч, Радзім Гарэцкі, Станіслаў Шушкевіч, Алег Трусаў, Валерый Санько, Алег Бембель, Ганна Запартыка і іншыя, паведамляе Новы час.
Янка Запруднік перадаў падзяку старшыні ЗБС «Бацькаўшчына» ад Беларускага інстытута навукі і мастацтва, што месціцца ў Нью-Ёрку.
«Беларуская нацыя — кніжная нацыя. ЗБС “Бацькаўшчына” — той цэнтральны нерв, які дасылае сігналы і прымае сігналы ад беларусаў, раскіданых па ўсім свеце», — адзначыў Янка Запруднік, а таксама выказаў падзяку укладальнікам кнігі Наталлі Гардзіенка і Лявону Юрэвічу.
Пасля заканчэння імпрэзы па аўтографы да Янкі Запрудніка выстраілася вялізная чарга.