5 мая 2024, воскресенье, 2:02
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Скарына наўрад ці карыстаўся відэльцам і любіў гуляць у косьці

1
Скарына наўрад ці карыстаўся відэльцам і любіў гуляць у косьці

Што было агульнага і адметнага ў побыце жыхароў ВКЛ і Італіі?

Пра побыт беларускіх гарадоў у першай палове XVI стагодзьдзя «Радыё Свабода» пагутарыла з кандыдатам гістарычных навук, суаўтаркай (разам зь Юрасём Боханам) кнігі «Побыт фэадалаў Вялікага Княства Літоўскага ў XV — сярэдзіне XVII стагодзьдзя» Анастасіяй Скеп’ян.

— Калі казаць пра агульны ўзровень матэрыяльнай культуры Беларусі ў пачатку XVI стагодзьдзя, якім ён быў?

— Цяжка параўноўваць. Таксама як і сёньня мы ня можам параўноўваць, бо дыфэрэнцыяцыя ў грамадзтве існавала заўсёды. У нас і тады былі багатыя людзі і бедныя.

Калі браць масавую культуру — гэта культура сялянская. Вядома, узровень матэрыяльнай культуры быў ня вельмі высокі. Доўгі час, асабліва на ўсходзе Беларусі, даступнымі застаюцца толькі драўляныя пабудовы. З пункту гледжаньня эўрапейца, гэта было беднае жыльлё, таму што яно было пабудавана з дрэва без выкарыстаньня каменя. Але з пункту гледжаньня кліматычных умоваў выкарыстаньне каменя выклікала праблемы з ацяпленьнем і ўтульнасьцю. Каменная пабудова каштавала ў тры-чатыры разы даражэй, яна была статусная і падкрэсьлівала заможнасьць свайго гаспадара. Але, зь іншага боку, яна была менш зручная для карыстаньня.

Так што ў нас сьведчаньнем матэрыяльнага ўзроўню быў хутчэй не матэрыял, зь якога пабудавана жыльлё, але колькасьць пакояў і тое, што ў тых пакоях было — гэта значыць, наколькі людзі маглі камфортна існаваць.

Большасьць насельніцтва карысталася вельмі прымітыўнай мэбляй і іншымі прыладамі. У гэтым мы не адрозьніваліся ад суседніх краін, дзе была прыкладна такая ж сытуацыя. Нават калі мы будзем браць за ўзор вельмі высокаразьвітыя ў гэтым сэнсе краіны, напрыклад Італію, Ангельшчыну ці Францыю, можна сказаць, што і яны не нашмат апярэдзілі нас нават для элітарных слаёў грамадзтва, нават для багатых гараджан і для заможнай шляхты. Я маю на ўвазе камфортнасьць пражываньня. Бо тыя ж ложкі, якія дазвалялі добра выспацца, зьяўляюцца там толькі на паўстагодзьдзя раней, чым у нас. Так што, у прынцыпе, мы ішлі ў агульным рэчышчы эўрапейскай культуры, калі мова ідзе пра забесьпячэньне тых слаёў грамадзтва, якія мелі грошы.

— Ну а калі гаварыць пра тыпы жытла, тыпы інвэнтару... Наколькі тут Беларусь была падобнаю ці адрознаю ад далёкіх і блізкіх краінаў Эўропы?

— Трэба сказаць, што калі мы бярэм агульнае насельніцтва, то тут тыпалёгія была агульнаэўрапейская. Гэта сельскае насельніцтва, гарадзкое насельніцтва, землеўласьнікі, сьвятары і кіруючыя колы. Тыпалёгія і структура грамадзтва выглядаюць аднолькава. Іх правы і абавязкі ўжо вызначаюцца мясцовымі асаблівасьцямі.

А калі гаворка заходзіць пра ўзровень іх матэрыяльнай культуры ці забясьпечанасьці іх штодзённага жыцьця, то той жа нямецкі селянін, францускі, польскі ці беларускі ня вельмі адрозьніваліся. Гэта былі людзі, якія карысталіся самым невялікім наборам выгодаў.

З матэрыяльнага пункту гледжаньня пераважна гліна і дрэва. Што ў нас, што ў Эўропе, дастаткова позна, напрыклад, навучыліся рабіць посуд з дрэва, бо зьявіліся такарныя станкі. Гэта пацьвярджаюць нашы масавыя знаходкі. Мэтал быў каштоўным матэрыялам, бо цаніўся і ў нас, і ў суседзяў. Ім карысталіся ў значна меншай ступені. Адзінае, у чым мы адставалі, гэта прылады працы — гэта такое тэхналягічнае адставаньне. Але зноў жа яно было зьвязана, у тым ліку, і з кліматычнымі ўмовамі, з распаўсюджанасьцю лясных масіваў, балотных масіваў, якія на той момант яшчэ ня ўмелі выкарыстоўваць як гаспадарчыя аб’екты.

Акрамя таго, у нас была значна меншая заселенасьць, чым у Заходняй Эўропе, што вымагала зусім іншага тэмпу жыцьця. Калі ў Эўропе з кожным стагодзьдзем усё больш і больш пачынае адыгрываць ролю гарадзкое насельніцтва, то ў нас доўгі час пераважным насельніцтвам у краіне заставалася сельскае насельніцтва. Вось тут і хаваецца прычына розьніцы ва ўзроўні матэрыяльнага дабрабыту людзей.

— Давайце канкрэтна пагаворым пра жытло. Вядома што ў Беларусі шараговая мураваная гарадзкая забудова зьявілася ў другой палове XVI стагодзьдзя. А ў першай палове XVI стагодзьдзя гэта пераважна былі драўляныя будынкі, нават Менскі замак быў драўляны. Але калі гаварыць пра самі тыпы гэтага жытла і параўноваць яго з Масковіяй ці Польшчай, з Чэхія, дык ці моцна гарадзкія дамы тады адрозьніваліся?

— Беларускія гарады заставаліся пераважна драўлянымі да пачатку ХХ стагодзьдзя. І нават дамы багатых гараджанаў ці нават земскіх ці гродзкіх ураднікаў у Цэнтральнай і Ўсходняй Беларусі былі драўлянымі яшчэ вельмі-вельмі доўга. Мураванымі яшчэ ў XVIІІ стагодзьдзі мы знаходзім некаторыя замкі, цэрквы, усё астатняе пераважна застаецца драўляным. Асабліва, калі казаць пра дзяржаўныя гарады. Нават знакамітыя Полацкі ці Віцебскі замкі, якія складаліся з двух-трох частак, ці, напрыклад, Слуцкі замак — усё роўна яны былі драўляныя. Гэта была больш танная тэхніка, якая да таго ж дазваляла хуткі рамонт.

Мураваныя пабудовы зьяўляюцца для гараджан вельмі позна, на пачатку XVI стагодзьдзя, але гэта Вільня, Горадня, Берасьце. І зноў жа ня цалкам, але некалькі палацаў, некалькі дамоў, якія фармуюць цэнтральныя вуліцы гораду. Усё астатняе застаецца па-ранейшаму драўляным.

Пра гэта сьведчаць і вялікія страты, якія наносілі пажары. Але нягледзячы на гэта, цікавы быў падыход вялікакняскай улады, пачынаючы ад Жыгімонта І Старога. Дзяржаўныя ўлады рабілі ўсё магчымае, каб забясьпечыць захаванасьць гэтых гарадоў. Тут вельмі цікава сапраўды параўнаць з Масквой.

Калі ў нас выдаюцца прывілеі ці загады, напрыклад, Боны Сфорцы для Горадні, упарадкаваць вуліцы так, каб яны былі прамымі, абавязкова будаваць дамы з дзьвюх сьцен, каб было цяжка перакінуцца агню, і стварыць гарадзкі водаправод, каб можна было адтуль браць ваду для тушэньня пажараў, і абавязкова чысьціць коміны, то ў той жа час у Маскве проста забаранялі гатаваць ежу ў памяшканьнях. Усе печы і жароўні выносіліся на вуліцу ў спэцыяльныя гаспадарчыя двары, дзе гатавалася ежа для ўсіх жыхароў, напрыклад, баярскага дому. Вось вам розьніца да падыходаў. У нас імкнуцца ўпарадкаваць, пачысьціць, давесьці да ладу, у Маскве проста забараняюць карыстацца ў дамах агнём, выносячы гэта на вольнае паветра.

У нас у XVI стагодзьдзі ў Вільні і Горадні праводзяць водаправод... У Маскоўскай дзяржаве водаправоды зьяўляюцца значна пазьней, у ХІХ стагодзьдзі.

У нас у Вільні і Горадні праводзяць водаправод. Пры тым, што спаганяюць за гэта грошы, бо ўласьнікам водаправоду, як правіла, зьяўляецца, паводле гаспадарскіх прывілеяў, нейкі з манаскіх ордэнаў, таму кожны ўласьнік дому павінен плаціць. У Маскоўскай дзяржаве водаправоды зьяўляюцца значна пазьней, у ХІХ стагодзьдзі. Першы водаправод у Гордані ў пачатку XVI стагодзьдзя быў з цэнтральным фантанам паводле італьянскага ўзору, каб людзі маглі падыходзіць і набіраць ваду. Ён быў закладзены згодна з прывілеем Боны Сфорцы ў 40-я гады XVI стагодзьдзя. Цікава, што археалягічныя раскопкі, якія праводзіліся на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў, паказалі, што зруб цэнтральнага калодзежу ў Горадні захаваўся. Але, на жаль, умовы для яго захаваньня не былі створаныя, цяпер на гэтым месцы гарадзкая магістраль, але затое вядома, дзе гэта былы.

— А калі гаварыць пра Менск?

— Водаправод у Менску зьявіўся ў ХІХ стагодзьдзі. Вядомы фантан каля Купалаўскага тэатру — Хлопчык зь лебедзем — якраз і быў адкрыты з нагоды заснаваньня гарадзкога водаправоду ў 1874 годзе. Сам Менск да XVIІІ стагодзьдзя быў пераважна драўляным. Ды нават такі вялізны горад як Кіеў, які захоўваў сваё значэньне для ўсіх усходнеславянскіх тэрыторый да сярэдзіны XVIІ стагодзьдзя, меў мураванымі толькі некалькі храмаў. Усё астатняе было драўляным, што пацьвярджаюць і раскопкі, і дакумэнты.

Ну і тыя мураваныя будынкі, што былі ў нашых гарадах, найперш палацы магнатаў — яны адрозьніваліся ад заходнеэўрапейскіх. Там у шчыльна пастаўленых мураваных дамках жылі рамесьнікі і купцы, а ў нас палацы былі цэлымі комплексамі, за галоўнымі будынкамі знаходзіліся двары, сады, лазьні, гаспадарчыя пабудовы. Разам з тым, рэдка калі яны былі вышэйшыя за два паверхі. Матэрыял — або цэгла, або спалучэньне дрэва і цэглы: мураваны першы паверх, і драўляны другі.

Самае цікавае, што самі ўласьнікі вельмі рэдка жылі на першым мураваным паверсе. Яго часьцей за ўсё здавалі ў арэнду — майстрам-рамесьнікам, напрыклад, ці гандлярам.

— А калі браць хатні інвэнтар, мэблю. Чым елі і з чаго? Як мы тут выглядалі ў параўнаньні з суседзямі з захаду і ўсходу?

— Мэбля была самая прымітыўная. Доўгі час асноўная мэбляй былі сталы і лавы. Лавы былі розныя, шырокія, вузкія.

— Ну і куфры, відаць?

— Так, і куфры. Але куфры ў нас пераважна стаялі ў так званых каморах, там дзе спалі і захоўвалі рэчы. Куфры вельмі рэдка выстаўляліся ў агульных пакоях, бо туды траплялі розныя людзі, а ў куфрах захоўваліся пэўныя каштоўнасьці.

Цяпер мы можам зь цяжкасьцю ўявіць, як можна спаць бяз ложка. Але ў пачатку XVI стагодзьдзя ложкі былі прэрэгатывай каралеўскай сям’і. Калі мы перабярэм усе-усе дакумэнты, дык убачым, што на ложках спалі толькі вялікія князі. Усе астатнія абыходзіліся іншай мэбляй.

Калі шляхта магла з сабой у паход прывезьці раскладную, абабітую скурай мэблю, хутчэй за ўсё запазычаную з Эўропы, накшталт табурэтаў, то ўсе астатнія карысталіся драўлянай мэбляй.

Спалі часьцей за ўсё на сеньніках — гэта мяшкі, цюфякі, набітыя сенам, якія клаліся на падлогу. Падарожнікі, якія прыяжджалі ў Беларусь, адзначалі, што нярэдка мужчыны і жанчыны спалі ў адным пакоі, у тых жа корчмах ці заежджых дварах. Гэта значыць, не існавала падзелу на асобныя нумары. Проста ў куце клалі сеньнікі, і людзі на іх клаліся спаць.

Але калі мы падумаем, што гэта было дзікунства і барбарства, то памылімся. Успомнім часы кіраваньня ў Ангельшчыне Генрыха Восьмага Тудора — тая ж сярэдзіна XVI стагодзьдзя. Пры ягоным двары існаваў спэцыяльны слуга, які прыходзіў і правяраў тыя ж набітыя сенам цюфякі, ці не схаваў у іх нехта зброю ці іншыя вострыя прадметы. Так што і ў Эўропе каралі і іх сьвіта спалі на тым жа, што і ў нас. Хіба што тканіны былі лепшыя. Але набіваліся цюфякі адным і тым жа матэрыялам — сенам. Багацейшы чалавек мог дазволіць сабе духмянае сена зь зёлак, якія прыемна пахлі, давалі пачуцьцё чысьціні і адганялі клапоў. А бедныя карысталіся саломай.

— А ў Маскоўская дзяржаве?

— Там карысталіся тымі ж сеннымі ці саламянымі мяшкамі.

— Калі ж наступілі лепшыя часы для здаровага сну?

— У канцы XVI стагодзьдзя зьяўляюцца зьвесткі, што ў ВКЛ пачалі карыстацца пер’ем і пухам для вытворчасьці матрацаў.

— Мода на пер’е прыйшла з Эўропы?

— Гэта, хутчэй за ўсё, агульная тэндэнцыя. Цяжка сказаць, хто што ў каго запазычыў, бо ўсе карысталіся адной і той жа крыніцай пер’я, як тых жа сена і саломы — гэта былі прадукты сельскай гаспадаркі.

— Вядома, што лыжкамі людзі карысталіся здаўна. У Беларусі гэтая традыцыя налічвае некалькі тысяч гадоў. Ну а калі пагаворым, напрыклад, пра відэльцы? Калі і як яны зьявіліся ў Беларусі? Калі імі пачалі карыстацца і хто?

— Відэльцы — гэта ўжо было заходняе запазычаньне. Хутчэй за ўсё, першымі іх прынесьлі ў Беларусь прыдворныя Боны Сфорцы.

Асабліва паспрыялі распаўсюджваньню ў нас італьянскай моды падарожжы ў Заходнюю Эўропу, якія пачынаюцца з 30-х гадоў XVI стагодзьдзя. І тут назіраюцца такія асаблівасьці. Калі, напрыклад, у гарады Польшчы запазычаньні прыходзяць зь мяшчанамі, якія на захадзе атрымліваюць адукацыю, ці з тымі ж італьянцамі, якія засноўваюць шматлікія гандлёвыя, ліхвярскія канторы, як у Кракаве, Любліне, Гданьску, то да нас італьянскую моду прыносіць шляхта. Менавіта шляхта езьдзіць туды ў адукацыйныя падарожжы або ажыцьцяўляе дыпляматычныя ці прадстаўнічыя функцыі.

Тагачасны відэлец адрозьніваўся ад клясычнага, вядомага нам відэльца. Гэта быў відэлец на два зубцы, які звычайна быў аздоблены, напрыклад, косьцю ці срэбрам, або, нават, мог быць упрыгожаны каштоўнымі камянямі. Яны захоўваліся ў асобных скрынках. У вядомай эўрапейскай казцы пра сьпячую прыгажуню фэя пакрыўдзілася якраз на тое, што ёй не дасталося каштоўнага сталовага набору ў складзе відэльца, лыжкі і нажа — ён быў падрыхтаваны для ўсіх астатніх, а ёй падалі больш просты. Гэта якраз сьведчыць пра тое, што відэлец быў прыкметай раскошы, элітарнасьці.

— Дык ці можам мы сказаць, што Францішак Скарына навучыўся есьці відэльцам ня ў Кракаве, а хутчэй за ўсё ў Італіі?

— Напэўна ня ў Кракаве. І я не ўпэўненая, што ён карыстаўся ім у Італіі. Таму што масавае карыстаньне відэльцам пачалося ўжо ў тыя часы, калі ён быў старым чалавекам.

— Дык вы лічыце, што каралеўскі садоўнік у Празе відэльцам не карыстаўся?

— Справа ў тым, што нам дагэтуль незразумела, на якой пазыцыі пры двары караля ён быў. Бо карыстацца відэльцам пры двары падчас прыдворных застольляў — гэта адно, гэта арыстакратыя. А слугі ці прыдворныя вышэйшага рангу наўрад ці відэльцамі карысталіся. Ім магло быць ні па кішэні замовіць такую рэч. Яны маглі ня бачыць патрэбы ў валоданьні такой статуснай рэччу.

— Я б Скарыну слугом не назваў... Усё ж ён быў двойчы доктарам навук, лекарам. Такім у некаторых краінах належала шляхецтва. Хоць, зь іншага боку, шляхта сапраўды займала пасады ў абслузе караля...

— Так, слугамі адзін аднаго называлі нават людзі, якія займалі найвышэйшыя пасады — так ці іначай яны ўсё роўна былі слугамі караля. Для ўсіх прыдворных ёсьць тэрмін — слугі дворныя, гэта значыць, людзі, якія былі занятыя пры двары і атрымлівалі за гэта заработную плату.

— Ну так, ключнікі, лоўчыя і т. д.

— Так, так. Ну дык кім назваць Скарыну? Гэта быў высокапастаўлены слуга, які, дзякуючы сваёй дасьведчанасьці, вопыту і прафэсіі, атрымліваў вельмі высокую плату.

Тут яшчэ трэба разумець, што з усіх слуг, якія былі занятыя ня толькі пры каралеўскім, але і пры любых іншых дварах, дактары, асабліва мэдыкі, атрымлівалі значна большае ўзнагароджваньне, чым нават ураднікі, якія кіравалі канцылярыямі, ажыцьцяўлялі прадстаўнічыя функцыі і т. д. Заробак мэдыка быў у два-тры разы большы. Мы, вядома, ня кажам, што Скарына меў нізкі статус, але ўсё роўна заставаўся служачай асобай, не прывілеяванай.

— Такім чынам, вы сумняваецеся, што Скарына авалодаў відэльцам нават у Італіі?

— Так. На той момант нават у Італіі відэлец ня быў прадметам агульнага распаўсюджваньня, гэта значыць такім, якім карысталіся ў карчме, у мяшчанскім доме і так далей. Гэта была яшчэ арыстакратычная рэч. Цалкам магчыма, што ён іх бачыў, нават мог ім карыстацца.

Але калі мы кажам пра беларускае паўсядзённае жыцьцё са сьняданкам, абедам і вячэрай, то наўрад ці відэльцы яшчэ ўвайшлі ў звычайны ўжытак. Таму што ўсе знаходкі, якія вядомыя на гэты момант (а гэта, як правіла, італьянскія вырабы) прывезеныя пазьней.

— Давайце пагаворым пра тое, як бавілі час людзі ў беларускіх гарадах у пачатку XVI стагодзьдзя? Якія тады былі забавы?

— Забаўкі, вядома, былі. Былі, як і цяпер, радзінныя сьвяты ў кожнай сям’і. Звычайна адзначаліся вялікія нагоды — нараджэньне дзяцей, хрэсьбіны, вясельлі, хаўтуры. Плюс — рэлігійныя сьвяты паводле календара. Нельга сказаць, што гэта баўленьне часу ў поўным сэнсе слова — гэта хутчэй рытм жыцьця, калі чалавек уставаў, маліўся, ішоў у царкву ці касьцёл (для пачатку XVI стагодзьдзя гэта найперш царква), пасьля пачынаў працаваць у сваёй майстэрні ці гандляваць, а, можа, выпраўляўся ў дарогу. Штодзень вялікай колькасьці забавак мы, вядома, тут ня знойдзем. Людзі працавалі і працавалі цяжка.

Забаўкі прыпадаюць на вялікія сьвяты, калі людзі былі вызваленыя ад працы — г. зн. на сьвяты рэлігійныя. Тады людзі праводзілі час у выкананьні рэлігійных рытуалаў.

Або можна гаварыць пра членаў брацтваў. Брацтвы былі пры цэрквах — царкоўныя, або гэта былі рамесныя брацтвы. І хаця яны афармляюцца пазьней, нам вядома, што яны ўжо тады завуцца сотнямі, братчынамі і г. д. Існавалі нават такія вялікія брацкія каўшы, зь якога кожны павінен быў выпіць — прычыніцца да нейкага сьвята.

Акрамя таго, царкоўныя забароны, якія ня раз выдаваліся, сьведчаць пра тое, што людзі не цураліся гульні ў косьці. Гэта адбывалася, як мы цяпер кажам, у публічных месцах — у корчмах, аўстэрыях і т. д. Або ў дарозе, калі людзі былі адарваныя ад сям’і — яны сустракаліся за сталом для вырашэньня нейкіх спраў ці для агульнай вячэры.

Вось такім было баўленьне часу.

Калі ж мы кажам пра сельскую мясцовасьць, то там ў пэрыяды вызваленасьці ад сэзоннай працы, часьцей удавалася выкраіць час для танцаў і музыкі. Так што такія беларускія нацыянальныя інструмэнты, як дуда, былі моцна распаўсюджаныя нават сярод шляхецкага саслоўя. Да канца XVI стагодзьдзя арыстакраты не цураліся гукаў дуды, аж пакуль яе ня выцесьніў прыход замежнай лютні ці віёлы. Пасьля дуду пачнуць ужо называць мужыцкай музыкай.

Так сама ў гэты час да дуды дадаюцца скрыпкі і цымбалы. Такім чынам можна сказаць, што песьня і музыка суправаджалі ў той час прадстаўнікоў усіх саслоўяў Беларусі.

такія беларускія нацыянальныя інструмэнты, як дуда, былі моцна распаўсюджаныя нават сярод шляхецкага саслоўя. Да канца XVI стагодзьдзя арыстакраты не цураліся гукаў дуды, аж пакуль яе ня выцесьніў прыход замежнай лютні ці віёлы

Калі казаць пра шляхту, дык там запазычаньні з заходняй культуры заходзілі вельмі далёка — аж да рыцарскіх турніраў. Тут заходнеэўрапейскія запазычаньні прасочваюцца вельмі ясна.

Але калі казаць пра гараджан, местачкоўцаў і сялян, то, вядома, яны прытрымліваліся традыцыйнай культуры і традыцыйных каштоўнасьцяў. І гэта вельмі важна, бо вернасьць сваёй грамадзе, супольнасьці і яе традыцыйным каштоўнасьцям дазволіла захаваць некаторыя народныя рысы да пачатку ХХ стагодзьдзя.

Зьмены, вядома, былі, але ішлі вельмі павольна. Народ іх ня браў цалкам, не пераймаў, але толькі ўключаў тое, што можна было прыстасаваць да традыцыі, што дапасоўвалася да яе.

— Добра, давайце падсумуем. Пытаньне да вас як да чалавека, які напісаў кніжку пра матэрыяльную культуру беларусаў XVI стагодзьдзя. Калі Скарына трапіў у Польшчу, пасьля ў Данію, Італію Чэхію — зазнаў ён культурны шок ці не? Або ўсё ж большасьць таго, што ён убачыў, яму была знаёмая?

— Не, усё яму знаёмае не было. Першае, што яго магло ўразіць — колькасьць мураваных пабудоў. У Полацку цэгла з такім размахам не выкарыстоўвалася. Акрамя таго — велічэзныя гатычныя саборы, яны падаўлялі чалавека, які туды заходзіў. Або рэнэсансная культуру той жа Італіі зь яе сьмехам, весялосьцю, танцамі — гэта было зусім іншае. Гэта было тое, што ўражвала і нярэдка шакіравала нашых людзей, якія туды траплялі. А ў кансэрватараў гэта выклікала і незадавальненьне — асабліва тымі людзьмі, якія нешта пазычанае з Захаду хацелі завесьці і ў нас.

Вядома, культура была розная, перш-наперш за кошт розьніцы ў веравызнаньні. Як бы там не было, але на пачатак XVI стагодзьдзя традыцыйная культура Беларусі знаходзілася пад вельмі вялікім уплывам сьветапогляду і арганізацыі праваслаўнай царквы.

Але паколькі Скарына быў сынам дастаткова багатага купца, які выяжджаў за межы дзяржавы, які гандляваў з рознымі гарадамі і краінамі, той жа Польшчай, цалкам магчыма, што некаторыя навінкі былі яму знаёмыя. Відаць, Кракаў ня быў вялікімі шокам.

З чымсьці Скарына ўжо быў знаёмы. Цалкам магчыма, што бацька мог браць сыноў у нейкія падарожжы. Звычайна бацькі падцягвалі дзяцей, уключаючы іх у сваю справу і навучаючы свайму рамяству (у нашым выпадку гандлю), пра што сьведчаць дакумэнты, знойдзеныя ў Познані.

Таму Скарына ня быў чалавекам, які раптоўна трапіў з аднаго асяродзьдзя ў іншае. Нейкія ўражаньні ад Захаду ён ужо меў.

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях