10 ноября 2024, воскресенье, 17:43
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Рана касцёла ў сэрца адкрытая

6
Рана касцёла ў сэрца адкрытая

Хто стаіць за закрыццём Чырвонага касцёла?

Вось ужо больш чым год зачынены наш касцёл Святога Сымона і Святой Алены ў Менску, вядомы як Чырвоны касцёл, пiшуць сайту Charter97.org неабыякавыя людзі.

Вялікая несправядлівасць пабуджае ўвесьчас нешта рабіць. Здаецца, што мы ўсе б'емся галавой аб мур, які не здзвігаецца ні на сантыметр. Што стаіць за закрыццём Чырвонага касцёла, хто стаіць? Некаторыя кажуць, што гэта помста верхніх слаёў ўлады за тое, што касцёл быў з народам у 2020 годдзе. Але хіба віна касцёла толькі ў тым, што ён стаіць на Плошчы Незалежнасці, што заўсёды адкрыты ад раніцы да вечара для кожнага чалавека і прапаведуе Евангелле? Таму, што фактычна ніколі з амбоны не гучала: «Ідземце на мітынгі», «Зруйнуем гэтую ўладу» іг.д. Была толькі пастаянная Малітва за наш Край. Таму і зроблены быў падпал касцёла ў ноч з 25 на 26 кастрычніка 2022 года.

Па нашай версіі пэўныя людзі выбілі шкло, а гэта не звычайнае шкло, там вітражнае шкло адно і другое — шклопакет. Каб зрабіць дзірку, патрэбны быў лом. Гэтая дзірка ў вітражы так і засталася да сёння, яна выглядае ў форме сэрца. Потым, як кажуць тыя, хто разбіраецца, быў стрэл з сігнальнага пісталета, які трапіў якраз насупраць акна ў крыж. Крыж абгарэў знізу і падгарэў кленчнік, такая лаўка для кленчэння. Перад тым, як з'явіўся дым, дзяжурная чула шыпенне і хлапок (стрэл). Старажы з будынку насупраць касцёла бачылі мітусню з некалькі чалавек, якія круціліся пад вокнамі закрыстыі каля трэцяй гадзіны той ночы.

Сігналізацыя ўстаноўлена і прынята МНС ў ліпені 2022г. Вельмі адчувальная, спрацоўвала нават на самы маленькі дымок ад кадзідла, якое распальвалі пад час кожнай нядзельнай імшы, і нават калі пападаў промень сонца на датчык пажарнай сігналізацыі, гэтыя спрацоўкі зафіксаваны ў МНС. Сігналізацыя ўключылася ў 03.32, гэта значыць, што адразу, як паявіўся маленькі дымок.

Першымі прыбыў АМАП (адчуванне, што ён там быў з самога пачатку). МНС прыбылі праз некалькі хвілін і АМАП іх не адразу пусціў, а толькі праз некалькі хвілін. Адкрытага агню ніхто не бачыў: ні дзяжурная, якая да прыезду МНС адкрыла ўсе дзверы і чакала на парозе касцёла, ні ксёндз, які начаваў на трэцім паверсе, ні супрацоўнікі касцёла, якія прыехалі, прыкладна, у 03.50 і якіх не дапусціў менавіта АМАП. У справаздачы МНС гаворыцца, што пажар быў ліквідаваны ў 04.10 раніцы. Пасля чаго пачаў працаваць следчы камітэт. У выніку іх працы сказалі, што загарэлася праводка і электрычны шчыток. Але ўзнікае пытанне: чаму тады тушылі вадой?

Чаму з ўсіх відэакамер выдалілі момант ўзгарання? Нават выдалены ўсе запісы з відэакамер суседніх будынкаў.

Другі год касцёл зачынены. Улады сцвярджаюць, што пасля пажару там небяспечна, хоць узгаранне аддбылося ў закрыстыі, а не ў касцёле!!!. Кажуць, што патрэбна абследванне апорных перакрыццяў, якія маглі быць пашкоджаны пажарам. Пажарам, які доўжыўся 40 хвілін (ад моманту спрацоўкі сігналізацыі 03.32 - 04.10 да поўнай ліквідацыі пажару) без адкрытага агню? Чым тады могуць быць пашкоджаны перакрыцці? Можа яны пашкоджаны дымам? Пытанне рытарычнае.

Столькі чалавек становяцца сведкамі і ўдзельнікамі рэйдарскага захопу будынку, столькі чалавек свядома ідуць на злачынства, на хлусню, ідуць супраць сумлення і Бога.

«Чырвоны» касцёл заўсёды быў пад ціскам. Яшчэ з часоў 2010 году, пасля «Плошчы», калі пасля разгону дэманстрантаў побач з касцёлам, ля помніка св. Міхалу Арханёлу пачалі збірацца на малітву за Беларусь неабыякавыя менчукі.

Калі ўдалося сустрэцца з адным з высакапастаўленных праваслаўных святароў наконт гэтага падпалу касцёла, ён спантанна якбы «выдаў» магчымую прычыну закрыцця – Малітва за Беларусь. А перад самым закрыццём адбылася афіцыйная малітва за Беларусь, Украіну і Расею.

Некалькі год таму назад, калі пачалася частковая рэканструкцыя касцёла – ужо было шмат пытанняў ў парафіянаў да «Менскай Спадчыны», якая займалася гэтым рамонтам: чаму такія платы узвяліся вакол касцёла, чаму не пускаюць святароў і касцёльны камітэт, каб паглядзець рэканструкцыю? Шукаючы адказаў на пытанні, тады яшчэ ў адкрытым доступеў інтэрнэце была інфармацыя, што для рэканструкцыі касцёла былі атрыманыя 500 тыс.еўра ад замежных інвестараў. Сёння мы не змаглі пацвердзіць гэтую інфармацыю, няма ўжо нідзе гэтых звестак, такое адчуванне, што добра пачысцілі сляды ў сеціве. Калі толькі знайсці гэтых замежных інвестараў, каб яны асабіста пацвердзілі. Калі так, то зразумела, што платы дзеля таго, каб не кантраліраваць якасць матэрыялаў, расходы. Тут жа можна купіць адны матэрыялы па адным кошце, напісаць іншы і розніца ідзе ў «кішэню».

У 2013 годзе паводле распараджэння кіраўніка дзяржавы комплекс Чырвонага касцёла быў перададзены з рэспубліканскай уласнасці ў камунальную ўласнасць Менску і ў бязвыплатнае карыстанне парафіі. Мінгарвыканкам перадаў яго ў гаcпадарчае кіраванне КУП «Менская спадчына». 

Яны выставілі вялікі кошт парафіі за амартызацыю, зямельны падатак і г.д.каля 13 тыс.руб штомесяц. У 2020 годзе выявілася запазычанасць амаль у 145 тысяч рублёў. За ўвесь час карыстання парафія спраўна аплачвала камунальныя паслугі, электраэнергію, а таксама работы па бягучым рамонце. Чаму парафія страціла права на падатковыя льготы па выплаце зямельнага падатку і падатку на нерухомасць? Паводле закону, участкі, адведзеныя пад культавыя будынкі, не абкладаюцца зямельным падаткам і падаткам на нерухомасць. Чырвоны касцёл як такая ўстанова згаданы ў пастанове Саўміна №1194 ад 22 снежня 2012 года.

Вяртаючыся да гісторыі, у 1932 годдзе савецкія ўлады зачынілі і забралі будынак касцёла, папярэдне разрабаваўшы яго. Калі ў 1990 годзе будынак касцёла быў перададзены каталікам у бязвыплатнае карыстанне (без перадачы яго ва ўласнасць парафіі, што несправядліва, бо ён быў пабудаваны каталікамі і павінен па праве належаць парафіі), то яго трэба было перабудоўваць для таго, каб ён мог выкарыстоўвацца для службаў. Бо да 1990 года там знаходзіўся Дом Кіно.

Каб уявіць колькі сродкаў выдала сама парафія за гэтыя 30 гадоў на рэканструкцыю, рамонты, трэба ўчытацца і ўявіць, што было зроблена за ўвесь гэты час.

З паведамлення курыі:

- выканана ўнутранае пераабсталяванне касцёла са зносам міжпаверхавых перакрыццяў, унутраных сценаў і перагародак і аднаўленнем яго перашапачатковага выгляду;

- здзейснена замена даху касцёла і парафіяльнага дома металадахоўкай;

- адлітыя і ўсталяваныя на вежах і іншых элементах касцёла 9 бронзавых і 2 жалезныя крыжы;

- нанава пабудаваныя падвальныя памяшканні з канферэнц-залай, класамі для катэхізацыі дзяцей і бібліятэкай;

- выканана пакрыццё падлогі залы для набажэнстваў, галерэі, падвальных памяшканняў з граніту і мармуру агульнай плошчай 1000 кв.м;

- зроблены 5 алтароў з ружовага мармуру;

- спраектаваны і адліты з бронзы цэнтральныя ўваходныя дзверы;

- заменены вокны апсіды (трохпавярховай прыбудовы да будынка касцёла);

- усталяваны ўваходныя бакавыя дзверы ў будынак касцёла;

- адрэстаўраваны вітражы будынка касцёла, галерэі і галоўнай вежы;

- двойчы выканана добраўпарадкаванне асфальтавым пакрыццём прылеглай тэрыторыі вакол комплексу будынкаў плошчаю больш за 700 кв.м;

- узведзена гранітная падпорная сценка па перыметры тэрыторыі комплексу будынкаў, а таксама парадныя сходы з чырвонага граніту да цэнтральнага ўваходу ў будынак касцёла з боку плошчы Незалежнасці;

- у 1996 г. перад касцёлам была ўсталявана скульптура Арханёла Міхала, а ў 2000 годзе — помнік «Звон Нагасакі».

- набытыя тры дарагія бронзавыя званы, усталяваныя на вежы касцёла.

Акрамя набажэнстваў, у Чырвоным касцёле адбываліся культурныя мерапрыемствы, у тым ліку вельмі папулярныя канцэрты духоўнай і арганай музыкі, розныя канференцыі, прэзэнтацыі. Дзейнічаў Тэатр, некалькі хораў, вялася падрыхтоўка дзяцей і дарослых да прыняцця Святых Сакрамантаў, бібліятэка, суполкі Жывога Ружанца і іншыя.

Не кажучы ўжо аб тым, што Касцёл быў як жывое сэрца Менску і Беларусі. Туды кожны мог прыйсці на працягу дня ад раніцы да позняга вечара на малітву, споведзь, размову, Службу. Гэта быў адзіны касцёл у горадзе, у якім было 6 Набажэнстваў штодня, а ў нядзелю і святочныя дні - 9. Нават расеяне, якія любілі прыяжджаць у Менск і прыходзіць у касцёл, каб там адпачыць душой, паслухаць арган з сумам пытаюцца дагэтуль, чаму касцёл зачынены.

Дзеля чаго быў забраны касцёл? Хто за гэтым стаіць? Хацелася б дайсці да кожнага ўдзельніка гэтай «чорнай» справы, каб было вядома імя і прозвішча, пасада, род дзейнасці, выстраіць ланцужок ад загадчыка да выканаўцы. Хто стаіць у цяні?

Які план у тых, хто зачыніў касцёл? Калі мэта забраць Дом Божы дзеля іншых справаў, то мы гэта праходзілі ў зусім нядаўняй гісторыі савецкага звязу і Беларусі, у тым ліку. Нічога добрага з гэтага граху не атрымалася. Усе тыя, хто падняў руку на святыні, святароў, веру загінулі яшчэ ў гэтым жыцці. І канец іх быў сумным і жахлівым. Нават у Маскве,за часоў мэра Масквы Лужкова, адбудавалі храм Хрыста Збаўцы на тым жа месцы, дзе стаяў папярэдні, які быў ўзарваны бальшавікамі.

Хочацца адзначыць, што столькі выкананай працы вакол касцёла, у самім касцёле за гэтыя больш чым 30 год, не магчыма была б без ксяндза пробашча Уладыслава Завальнюка. Гэта ён, перад усім, аддаваў свае сілы, ідэі, малітвы, сродкі дзеля духоўнага Адраджэння нашай Беларусі. Колькі святароў з усёй Беларусі прыяжджалі сюды, каб збіраць ахвяраванні для сваіх парафіяў. Колькі дзясяткаў тысяч каталікоў тут знайшлі духоўную падтрымку і ўзрост сваёй веры. Колькі тут затрымлівалася гасцей з розных краін, якіх сардэчна і гасцінна прымалі. Касцёл і дом парафіяльны заўсёды і для ўсіх былі адкрытымі. І зараз у старэйшым узросце ён мусіць знаходзіцца ў такой драматычнай сітуацыі, чалавек, які па праву заслужыў высокую адзнаку дзяржаўнага ўзроўня. Гэта якраз кс. Уладыслаў стварыў парафію як супольнасць, а супрацоўнікі сталі як адна сям’я, якія па прыкладу свайго пастыра аддаюць сваё жыццё для касцёла.

Што мы яшчэ можам, апрача малітвы і памяці, зрабіць для нашага касцёла? Верым, што ад кожнага з нас шмат залежыць, каб мы спынілі гэтую вялікую несправядлівасць і як мага хутчэй вярнуліся ў наш касцёл.

Написать комментарий 6

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях