18 мая 2024, суббота, 7:41
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Аднойчы выйсці…

3
Аднойчы выйсці…

Прэса ў захапленні. Якая рахманая ўлада! Гэта ж сенсацыйная нечаканасць – прайшло масавае шэсце, а нікога не збілі і нават не кінулі за краты. Цывілізаваная ўлада. Яшчэ крыху – і наладзіць дыялог і стасункі з Бруселем. І навошта нам “Еўрапейскі марш”? Але я там быў і ніякай нагоды для ўслаўлення ўлады пакуль не адзначыў. Хутчэй наадварот. Зусім наадварот.

Гэта хто сказаў, што яны паводзілі сябе прыстойна? Бачыце, нікога не білі. Гэта ж да чаго трэба давесці людзей, каб нейкая перадышка стомленай ад штодзённага гвалту пачвары выклікала такі выбух непрыхаванай радасці. А перакрытыя на ўсіх напрамках дарогі, дзе нахабна затрымлівалі тых, хто з іншых мясцін Беларусі ехаў на марш? Гэта што, ужо норма жыцця і ўзор прыстойных паводзін?

Нікога не кінулі за краты?

А дзікунскія арышты і затрыманні напярэдадні? Усіх, хто калі-небудзь вызначыўся як арганізатар вулічных акцый. І гэта мярзотнае вынаходніцтва карнікаў ад юрыспрудэнцыі: на нары за тое, што лаяўся матам. Прыстойным, інтэлігентным людзям – дзесяць, пятнаццаць сутак у бамжатніку. Які сорам!

Чаго яны так баяліся? Чаго так звярэлі? Хапалі людзей на аўтастанцыях, на вуліцах, у дварах каля ўласнага дома. Праводзілі ператрусы. Улезлі нават у вакно прыватнай кватэры. Толькі б схапіць падазронага, толькі б выканаць волю таго, хто паслаў. Якія там санкцыі пракурора, якія законы! Бязмежжа…

Заяўку на шэсце і мітынг падалі загаддзя. Вызначылі самы зручны для горада час: нядзеля, чатырнаццаць гадзін. Колькі тых машын на праспекце гэткай парой. Цудоўна могуць шэсце тое абмінуць па паралельных вуліцах або крыху пачакаць, пакуль яно абміне. Дык чаму ж не пагадзіцца з абраным маршрутам?

Але як можна!.. Вядома, хто там ідзе. Было ж сказана аднойчы і назаўсёды: для іх – сабачая пляцоўка на Бангалоры. Крок улева, крок управа… Не забыліся, што?

…Ідзе шматтысячная калона па ходніках плошчы Перамогі. Даішнікі на патрульных машынах улучаюць апаратуру на поўную моц. “У падземны пераход! Усім – у падземны пераход!” Гэта нам толькі вузенькую вуліцу Захарава трэба перайсці. На якой у той момант адна ці дзве машыны.

Процьма людзей. Вялізныя сцягі. Расцяжкі. Транспаранты. Канца калоны і блізка не відаць. Як жа ўсё гэта праціснуць праз тунель, у якім і дзесяць чалавек могуць не разыйсціся? Няхай сабе нейкі начальнік аддаў дурны загад. Але ж у гэтых адмыслоўцаў дарожнага руху няўжо няма сваіх мазгоў? Або адной Нямігі мала?

Усё яны цудоўна разумеюць. Але правакацыі будуць ствараць на кожным кроку. Як можа шматтысячная калона ісці па ходніках, абмінаючы дрэвы, кантэйнеры, крытыя аўтобусныя прыпынкі, афішныя тумбы? Людзей, якія рухаюцца насустрач. Ва ўсім свеце дэманстранты ходзяць па самой вуліцы. І вунь ужо моладзь сыходзіць на пусты праспект. Дачакаліся! Цяпер на ўвесь свет можна крычаць: мы гэтай апазіцыі дазволілі, а яна куды пайшла? Ну як жа з імі размаўляць без дубінак і спецназа!

Прынцыпы – важней за ўсё. І апошні даішнік добра ведае, што ў калоне той – чужыя. Не свае! А таму лепш памерці, чым перакрыць на момант вуліцу Захарава.

Кажуць, там нейкі вернападданы кіроўца аўтобуса, убачыўшы бел-чырвона-белыя сцягі, высадзіў нават сваіх пасажыраў: “Не паеду далей – нацыяналісты мяшаюць!”

Які гартуецца электарат!

Просты і непахісны. Ужо засвоіў лексікон, якім прамаўляе ягоны тэлевізар.

І мне аднойчы давялося ехаць у аўтобусе, кіроўцу якога “мяшалі”. На скрыжаванні вуліц Янкі Купалы і Максіма Багдановіча суцэльную плынь машын спыніў даішнік. У той дзень была страшэнная спякота. Аўтобус перапоўнены. Машын усё болей. Навокал смог выхлапных газаў. Людзі задыхаюцца, але маўчаць зацята. І толькі малое дзіця крычыць на руках у маці. Жанчына тая прсіць яе выпусціць, але кіроўца не адгукаецца. Як яна тут выйдзе?

Нарэшце на пустым скрыжаванні з’явілася тое, чаго мы так доўга чакалі. У народзе завецца яно дыскатэкай. Картэж. Велічны і манументальны. Кіраваўся ён у тутэйшы Крэмль.

Маўчаў натоўп машын, затрыманых надоўга. І наш кіроўца не абурыўся тым, што яму “мяшалі”. Хапаючы смярдзючае паветра, маўчаў у аўтобусе народ. Крычала ва ўвесь голас адно толькі дзіця.

Я не хачу ў той натоўп.

І таму іду з гэтымі людзьмі.З выклятымі ўладай і яе электаратам нацыяналістамі. І няхай захапляецца прэса неверагоднай памяркоўнасцю ўлады. Няхай свае і чужыя крычаць, што на гэтым маршы было ўсё не так. Што інфармацыя – дрэнь. Народу мала. Што моладзь не слухаецца старэйшых, ідзе куды хоча. І ўвогуле, што не варта нікуды ісці.

Колькі нас там было? Дзесяць тысячаў? Пяць? Або паўтары тысячы, як настойліва цвердзяць тыя? Мне гэта зусім не цікава. Я добра ведаю, што калі мы куды-небудзь дойдзем, то толькі з гэтымі людзьмі, толькі еўрапейскім шляхам.

І гэта хлусня, што на хаду гісторыі ўплывае пераважна воля мільёнаў. З сітуацыі безнадзейнай, з балота, з тупіка краіну можа вывесці нават жменька людзей. Якія, абудзіўшыся аднойчы, зразумеюць, кожны паасобку, што трэба ісці. Гэтым шляхам. Што не ісці нельга. Бо потым будзе позна.

Дык можа, стаміўшыся ад паўсядзённага зыку народных мас, прыслухаемся нарэшце і да іх. Да тых, хто хоча бачыць Беларусь еўрапейскай, вольнай, незалежнай. Інакш рана ці позна ператворыцца ўся краіна ў той аўтобус, у якім задыхаліся людзі, чакаючы, пакуль іх раздарожжа пакіне адзін чалавек з усёй яго дыскатэкай. Кіроўца у аўтобусе тым не рабіў аніякіх заяў. Там маўчалі ўсе.

І крычала ўголас толькі адно дзіця.

Яно было яшчэ надта малое. І не ведала, што ў гэтай краіне трэба маўчаць.

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях