18 мая 2024, суббота, 7:42
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Аблавы на дарогах

1
Аблавы на дарогах

Заходні напрамак – самы небяспечны. Адтуль сыходзіць пагроза. Там тояцца цёмныя сілы. Там перадавы рубеж, акрэслены сталінскім яшчэ калючым дротам. На тым свяшчэнным рубяжы стаяць непахісна аднапалчане галоўнага начальніка краіны. Дарэмна мітусяцца па той бок каварныя Лёлек і Болек. Пад наш калючы дрот яны не прапаўзуць. Граніца, як вядома, на замку.

Але ж у глыбокім тыле даўно няма спакою. Дарога на захад стала небяспечнай. Толькі што вартавыя галоўнай нашай магістралі выкрылі страшэнную змову. Група гэтак званых дэмакратычных актывістаў, замовіўшы аўтобус, выехала з Мінска ў заходнім накірунку. Што само па сабе ўжо надта падазрона. Хіба маглі ў такіх варунках патрульныя стратэгічнай магістралі не праявіць адмысловую пільнасць?

Пільнасць праявілі. Яшчэ на рубяжы Дзяржынска. Падазроны аўтобус спынілі. На якой падставе? А ўсё на той жа. Сэрца падказала. Яно чуе ворага здалёк.

Закон? А што закон? Калі можна вусенем упаўзці ў фортку прыватнай кватэры, каб пераканацца, а ці няма там якога-небудзь трупа, то чаму на той жа падставе не спыніць аўтобус на дарозе? Да таго ж закон ніхто не парушаў. Проста спраўдзілі дакументы. Пераканаліся, што не падробка. На ўсялякі выпадак сёе-тое з пашпартоў перапісалі. Старанна, не спяшаючыся. Каб не было памылак.

Час ішоў? І што з таго? У якім законе сказана, што рабіць усё тое трэба хутка? А раптам аўтобус збіраецца перасячы дзяржаўную мяжу?

І гэткую версію падказала раптам чуйнае чэкісцкае сэрца. І яе варта было ўзважыць і асэнсаваць. А гэта не хвіліна, і не дзве. Аднак службоўцы нашы стаяць не толькі на варце магістраляў, але і законных інтарэсаў грамадзян. Спраўдзілі, узважылі, абмеркавалі і – калі ласка! Як кажуць, шчаслівай дарогі!

Што праўда, у дарозе той аўтобус быў нядоўга. Затрымалі зноў яго на рубяжы Баранавічаў. Не, вынікі даследванняў калег з Дзяржынска тут пад сумнеў не бралі. Проста гэтым разам сэрца падказала, што ў аўтобусе павінны быць наркотыкі. І спірт. Хіба можна было яго не затрымаць?

Але сэрца памылілася ізноў. Да таго ж у аўтобусе тым ехалі не абы якія людзі – адзін з лідэраў зарэгістраванай палітычнай партыі Віктар Івашкевіч і прафесар Юрась Хадыка. Накіроўваліся яны ў Свіслач, каб ускласці кветкі на магілу Каліноўскага. І ўсім зацікаўленым асобам вядома было пра тое яшчэ ў Мінску.

Тым не менш, да месца прызначэння аўтобус не даехаў. Недарэчныя праверкі, затрыманні змарнавалі час. Дзень прайшоў у вар’яцкай валтузні.

Дык навошта і каму спатрэбілася шалёная спецаперацыя – аблава на дарогах?

Гэта ж толькі ўявіць сабе, якія сілы і сродкі яна запатрабавала! Адмыслоўцы адсочвалі рух аўтобуса. Напружана працавала сувязь. Імкліва перасоўваліся патрулі. Нехта некуды дакладаў. Хтосьці прымаў тыя рапарты. І даносіў вышэй. І колькі гэта ўсё каштавала ў канкрэтных рублях? Няйначай, славутая “аперацыя Ы” па ўзроўню глупства тут і побач не стаяла. Дык чаго яны дамагаліся? Хацелі запалохаць тых маладзёнаў, якія наважыліся наведаць Свіслацкія могілкі? Або Івашкевіча і Хадыку?

А можа, не спадабаліся кветкі? Нясцерпных для ўлады колераў – белага, чырвонага і белага зноў. Гэта ж трэба – сама прырода ў апазіцыі да рэжыма!

Аднак найбольш верагодна, што змагаліся яны ў той дзень з Каліноўскім. Як маглі, глушылі нязгаснае рэха паўстання. Але і тут патрапілі пальцам у неба. Гэта не той Каліноўскі. Пахаваны ў Свіслачы Віктар, старэйшы брат Кастуся. Ён любіў свой народ. Быў рупліўцам Айчыны. Паўстання не дачакаўся. Ад цяжкай хваробы памёр маладым.

Дык за што ж яны помсцяць яму?

Хутчэй за ўсё – па тутэйшай завядзёнцы. Па чынавенскай тупасці.

Вельмі непакоіць гэта імя палахлівы сённяшні рэжым. Як непакоіла яно калісьці расійскіх катаў. Але ж у Свіслачы няма магілы кіраўніка вызвольнага паўстання!

Ніхто не ведае, дзе ён пахаваны. Некалькі гадоў таму ў Вільні, рамантуючы вуліцу, рабочыя знайшлі пад старым брукам парэшткі чатырох чалавек. Эксперты вызначылі дакладна: гэта паўстанцы 1863 года.

Мураўёўскія карнікі баяліся іх нават мёртвых. І хавалі патаемна, подла, пад брук. Пад камень ганьбы і забыцця. Напэўна ж ведалі, што вернуцца яны. Уваскрэснуць у памяці народнай.

Абудзяцца рэхам.

Таму ідуць няспынныя аблавы на дарогах. Ідзе зацятае змаганне з нашай памяццю. Ды толькі марна гэта ўсё. Ужо галоўнай плошчы Вольнай Беларусі нададзена імя Кастуся Каліноўскага. Не чынавенскай пастановай. Не хітрыкамі і палітычнай валтузнёй. Імя нададзена народам. У момант ісціны. У той час, калі ўсвядоміў ён, хто тут гаспадар. І што б ні адбывалася пасля, гэтага не выкрэсліць з памяці народа.

Нікому і ніколі.

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях