18 мая 2024, суббота, 7:03
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Узгадайце беларускую Жанну д’Арк

Узгадайце беларускую Жанну д’Арк

Лістапад – месяц таямнічы. У ягоных туманах лёгка заблудзіцца. Што і зрабілі мы аднойчы. І блукаем па крузе, адзін аднаму распавядаючы байкі пра тое, што гісторыя чалавецтва рухаецца па спіралі. Можа яно і так. Але хто ж, калі не самі, пратапталі мы той незайздросны шлях, па якому ўпарта крочым сёння? З кожным днём нават апошняму тугадуму ўсё больш зразумела, што ахвочых ісці ў тым жа накірунку ў Еўропе чамусьці не відаць. Гэткім шляхам ніхто ў цвярозым розуме не пойдзе.

А мы пайшлі.

Што нам тое чалавецтва! Мы – самыя разумныя. У нас свой, адметны шлях. Самы экзатычны. Ужо нідзе няма калгасаў. Нават расійскі цар яшчэ ў пазамінулым стагоддзі зразумеў, што прымусовая праца на зямлі – дзікунства. І адмяніў прыгон. А мы традыцыі калгаснага прыгону збераглі і памнажаем. Вось збудуем аграгарадкі, збярэм вялізны ўраджай, пафарбуем усе платы ў аднолькавы колер – і тады зажывем!.. Ніхто на высокім узроўні не святкуе ўжо сёмы дзень лістапада. Толькі мы! Адзіныя ў свеце, для каго гэта – дзяржаўнае свята. І не варта ўвагі тое, прысвячаліся яму мітынгі, дэманстрацыі, парады, або саматужна і натхнёна напіваўся электарат па кутках. Свята – дзяржаўнае. Гэтага, як слова з песні, не выкінуць. Не перакрэсліць Не пазбыцца.

Беларусь – апошні нашчадак Кастрычніка. Незразумела толькі, чаго мы да таго даўняга перавароту, або рэвалюцыі, так зацята прычапіліся? Прыкарэлі нават. Ну з’явіўся на неабсяжных прасторах Першай сусветнай вайны нехта Парвус. Прадпрыймальны чалавек. Менэджэр, як цяпер кажуць. Пераканаў кайзераўскі генштаб перавезці нейкага прысяжнага паверанага ў пламбіраваным вагоне са Швайцарыі да расійскай мяжы. Неблагая была задума. На адмысловай аперацыі шмат хто рукі нагрэў. А той прысяжны, сабраўшы аднадумцаў, недзе ў далёкім Петраградзе лоўка перахапіў уладу. Хіба ён першы ці апошні, каму неверагодна пашчэнсціла падчас палітычнага крызісу? Чаму ж гэта нас так зачапіла на доўгія гады? І прадвызначыла далейшы лёс. І ўвесь лад жыцця.

Лістапад вінаваты, таямнічы і непрадказальны? Які тады яшчэ быў кастрычнікам. Гэта ў ягонай халоднай імжы шмат хто не разгледзеў, што “Аўрора” – зусім не карабель. А пачварны асфальтавы каток, які ўтоптвае ў зямлю ўсё жывое. Па ягоных шырокіх слядох, нібы танкавы дэсант, ідуць чужынцы і далучаюць да старой імперыі ўсё новыя абшары. Тым, хто не ўцяміў, у чым сутнасць гістарычных перамен, раздаюць бальшавіцкія абаранкі: мір – народам, заводы – рабочым, зямля – сялянам. Тым жа, хто не пажадаў зразумець, якое шчасце іх напаткала, напагатове заўсёды куля ў патыліцу. І ўсім без выключэння – шыкоўнае свята, дзень Вялікага Кастрычніка. Да скону.

Як жа мы гэтак легкадумна сапсавалі сабе лістапад? Таямнічы. Дзівосны. Месяц бязмежных туманоў. Няпэўных даляглядаў. Месяц роздуму і цішыні. Час успаміну аб даўніх продках, якіх так пяшчотна і далікатна народ называе Дзядамі.

Лістапад быў спагадлівым да беларусаў. Якія людзі прыйшлі ў яго ціхія дні на гэту зямлю! І Язэп Лёсік, і Вацлаў Ластоўскі, і Якуб Колас, і Уладзімір Караткевіч, і шмат хто яшчэ. Але нешта не чуваць у лістападзе пра вечарыны, прысвечаныя ім. А тыя, каго хвалююць яшчэ творы дзядзькі Якуба, дачакаўшыся Каласавінаў, не маглі не заўважыць празмерную сціпласць гэтага свята. Нібы адбывалася яно дзесьці далёка, у чужым, няўтульным доме.

А хто-небудзь чуў, каб у лістападзе дзесьці ўзгадалі імя Эміліі Плятэр? Беларускай паэткі і фалькларысткі, ці не першай збіральніцы скарбаў народнага слова. Той прыгажуні, якая дзівосна спявала вясковыя песні і лепш за ўсіх у акрузе таньчыла беларускую “Лепятуху”. А на дваццаць пятым годзе жыцця, калі пачалося вызвольнае паўстанне, на ўласныя сродкі ўзброіла вялікі аддзел ваяроў. І на чале яго ўступіла ў змаганне з чужынцамі. З таго паўстання яна не вярнулася. Беларуская Жанна д’Арк.

Толькі хто сёння ўспомніць пра тое! Даўно ўсё было. Да таго ж – Плятэр. Хіба гэта наша? А вось бальшавікі, адкуль бы іх да нас не прынесла, нашы, радныя, свае. Таму што бальшавік, змагар за ўладу Саветаў. Вунь каля самага Дома ўраду тырчыць з кустоў грувасткі камень, на якім накрэслена даўняя пагроза: на гэтым месцы будзе помнік яшчэ аднаму палымянаму змагару. І ўжо мроіцца ў тумане няпэўная постаць некага ў доўгім шынялі. Тут іншых быць не можа. А каб ніхто не сумняваўся, чыя зямля навокал, прысяжны павераны з пламбіраванага вагона – у кожным горадзе, вялікім і малым. Заўсёды недарэчны, з выцягнутай некуды рукой. І гэта рука – не паказальнік напрамку да блізкага шчасця. Гэта даўно ўжо шлагбаўм на шляху Беларусі. Знак тупіка. Няма дарогі. І ніякага выйсця няма. Вялікі Кастрычнік будзе заўсёды. І ніколі не скончыцца восень.

Мы забылі ўжо даўні свой звычай – гуканне вясны. Але вясна не забывае свой – гуканне тутэйшага люду. І кожны год вяртаецца ў Беларусь. У краіну апошніх нашчадкаў Кастрычніка. У краіну глухіх і маўклівых. Упарта вяртаецца зноў і зноў. У адзін і той жа дзень.

25 сакавіка.

Напэўна ж, на нешта яна спадзяецца.

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях