18 мая 2024, суббота, 7:43
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Зброя для пакрыўджаных

3
Зброя для пакрыўджаных

Дзве недарэчныя падзеі адбыліся на мінулым тыдні. Прамільгнулі мімахадзь і зніклі ў інфармацыйным патоку. Беларусь асэнсаваць іх не пажадала. І дарэмна. Падзеі тыя – своеасаблівы знак. Толькі ў будзённым абліччы.

Сапраўды, шэраговая, здавалася б, з’ява.

Нейкая суполка апантаных аднадумцаў дзесьці ў Расіі выкапала сабе пячору і наважылася сустракаць у ёй канца свету. Ну і на здароўе! Каго гэта павінна хваляваць, акрамя міліцыі? Даўно вядома, што вар’яцее кожны па-свойму. На сыход у самаробную пячору вернікаў спакусіў нейкі чалавек з-пад Пензы. У расійскай прэсе ён фігуруе як схімаманах Максім, “в миру” Пётр Кузняцоў. Аднак загнаўшы сваю паству ў падзямелле, сам ён туды не паспяшаўся. Ілжэпрарокі не церпяць дыскамфорту.

Спецслужбы нарэшце ўзялі ў аблогу мяцежных песімістаў. Але гэта іх не надта ўсхвалявала. У сховішча яны нацягалі газавых балонаў. І пагражаюць у выпадку штурму ўзарваць. А ў пячоры той, акрамя зацятых вернікаў, ёсць і малыя дзеці.

І дзеткі тыя – з Беларусі. Адна дзяўчынка яшчэ школьніца, толькі шосты клас паспела скончыць. А другой і ўвогуле толькі год і чатыры месяцы.

Звычайныя беларускія сем’і апынуліся ў той пячоры. Былыя суседзі нічога благога пра іх узгадаць не маглі. Людзі як людзі. Дык што ж раптам сарвала іх з месца і панесла ў глыбіню Расіі? І адкуль – з Беларусі, дзе так добра жывецца менавіта простаму люду. Гэта ж пра яго днём і ноччу клапоціцца наша народная ўлада. “От добра добра не ищут!” – зусім жа нядаўна следам за кіроўнымі трубадурамі паўтараў удзячны хор грамадзян. Чаму ж так хутка забылі ўсё тыя людзі і падаліся няведама куды за нейкім Пятром Кузняцовым?

Аднак спачатку – пра падзею другую.

Не надта падобную, але таксама недарэчную.

Беларусь урачыста абвесціла, што купляе ў Расіі ракетны комплекс “Іскандэр”. Апошняе слова ў вайсковых тэхналогіях амбітнага суседа. Шыкоўная рэч. Можа несці зарад на пяцьсот кіламетраў. У тым ліку і атамны. Вунь куды замахнуліся! Якой магутнай будзе краіна!

Вось толькі пра тое, якія шалёныя сродкі высокатэхналагічная цацка вырве з тутэйшай казны, – нідзе ні слова. І гэта ў той час, калі невядома чым давядзецца плаціць па газавых рахунках. У той час, калі па прагнозах расійскіх эканамістаў там цэны на харчовыя тавары павінны падвысіцца да вясны на 50-60 адсоткаў. І непазбежна – у нас, бо мяжы фактычна няма. Па якіх коштах пойдзе газ у нашу краіну ў наступным годзе не ведае ніхто. А ў тым, што сквапны сусед спагоніць усё да капеечкі, можна не сумнявацца. Аднак і гэта яшчэ далёка не самае жахлівае.

Кожны, хто служыў у Савецкай Арміі, не можа не памятаць пра вайсковую дактрыну незабыўнага рэжыму. У тыя часы братні Кітай няспынна церабіў савецкае падбрушша. Але нашэсця крамлёўскія стратэгі чакалі толькі з Захаду. Вораг быў там. І менавіта на тым, заходнім напрамку, Беларуская вайсковая акруга павінна была прыняць на сябе самы магутны ўдар. І загінуць, забяспечыўшы магчымасць разгортвання войскаў другога эшалона і ўсеагульнай мабілізацыі. Вось такі незайздросны лёс чакаў Беларусь.

І мы вяртаемся зноў у старыя акопы?

Калі гэта пустыя чуткі, то навошта было на ўвесь свет абвяшчаць пра наша неадольнае жаданне абараніць братнюю Расію ад заходняй навалы? І на кожны рух за мяжой адказваць новым выбухам ваяўнічасці. Пасля ўсіх неверагодных стратаў, якія панесла Беларусь у расійскіх войнах. Пасля мора крыві, у якім амаль патануў гэты край.

Дык чым жа мы адрозніваемся ад тых няшчасных вернікаў, якія ў самаробнай пячоры каля мястэчка з выразнай назвай Паганкі чакаюць канца свету? Газавыя балоны або комплекс “Іскандэр” – хіба не адно і тое ж? І вынік – той жа. Рана ці позна каму-небудзь нясцерпна захочацца “тузануць за вяровачку”. Ад вялікай крыўды на суседа. Або ад вялікага глупства.

Калісьці яшчэ Карл Маркс заўважыў, што рэлігія – гэта опіум для народа. Саматужныя веравызнанні, створаныя ў ваколіцах шматлікіх Паганак, сапраўды, зелле брыдкае. І зусім не істотна – гэта зацятае ачмурэнне нейкіх сектантаў або дзяржаўная ідэалогія экзатычнага рэжыму. Гісторыя сведчыць, што ўрэшце ўсе яны прыводзяць у сляпую пячору, дзе трэба, седзячы на газавых балонах або перад пультам ракетнага комплекса, цярпліва чакаць канца свету.

У пячоры каля Паганак – беларуская школьніца і яе малая сястрычка.

Астатнія нашы дзеці – у пячоры тутэйшай. І там і тут іх лёс вызначаюць пакрыўджаныя. Няўдачнікі, якім здалося аднойчы, што яны могуць людзей некуды весці.

Грамадства, калі яно ёсць, дзяцей у бядзе не пакіне. І закладнікаў вызваліць. А тым, пакрыўджаным няўдачнікам, дапаможа ўсвядоміць, што ўласныя праблемы ім лепш за ўсё вырашаць асабіста. Без вялікіх масовак. Без удзелу ўзятых у закладнікі і проста падманутых.

Ім трэба дапамагчы.

Ілжэпрарокі – тыя ж людзі. Толькі баязлівыя.

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях