18 мая 2024, суббота, 10:28
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Нячыстая сіла – свая і чужая

Нячыстая сіла – свая і чужая

Жахлівая падзея магла адбыцца ў Мінску на мінулым тыдні. Купка маладых людзей збіралася зняважыць усё грамадства. Самым вычварэнскім чынам..Адзначаючы нейкі там хэлаўін.

Яны, бачыце, вельмі маладыя. Ім весела. І яны хацелі б, каб побач весяліліся і іншыя.

Яны зусім зялёныя. І не ўсведамляюць нават, што ў гэтай безнадзейна сур’ёзнай краіне нават мухам нельга лётаць без дазволу выканкама. А збірацца больш за трох!.. Не падаўшы адпаведную заяўку на дазвол… І дзе – на галоўнай нашай вуліцы!..

Надвор’е гэтым разам праявіла пільнасць. Загнала бунтаўнікоў у ЦУМ. Тут усіх і ўзялі.

Быў суд, які засведчыў факт абразы цнатлівага грамадства. І цяпер тыя смяшлівыя хлопчыкі і дзяўчынкі будуць спасцігаць адметныя нюансы нашай рэчаіснасці ў бамжатніку, на нарах, каля парашы. Магчыма ўцямяць, дзе жывуць. Што тут – пярэдні край супрацьстаяння з НАТА. Амаль што памежжа. І не тое што рагатаць над маскамі чужога хэлаўіна, тут нават усміхацца вельмі неабачліва. Бо могуць і спытаць: з якой нагоды? І з каго?

А ўвогуле, дзетак трэба змалку прывучаць, што хэлаўін – гэта не наша, не тутэйшае. Навошта нам чужыя чэрці? Нам сваіх няма куды падзець. Даўно наспела неабходнасць нячыстую сілу адпаведным дэкрэтам падзяліць на сваю і чужую. Каб не блыталася моладзь. А то падчас масавага сыходу з гурткоў атэізму ў царкву шмат якія прынцыпы былі легкадумна згублены і натоўпам затаптаны.

Раней жа нават дзеці ведалі, што прывід, які блукае па Еўропе, – гэта прывід камунізму. Тое дакладна вызначыў вучоны Карл Маркс. І што ён родны, наш. Нездарма ж як толькі Ленін атрымаў ад кайзераўскага генштаба пламбіраваны вагон да расійскай мяжы, і прывід той падаўся на ўсход. І такі ўчыніў тут хэлаўін, што і сёння не можам ачуняць. Ён сам кудысьці знік. Але засталася ў яго шматлікая радня – міжнародны камуністычны рух. І дзе ж ім, пакутнікам, сабрацца, калі не тут, у гасцінным Мінску?

Гэта тым, хто патрабуе злачынствы камунізму даследваць у міжнародным трыбунале, няма дзе сабрацца. У вялізным горадзе – ніводнай вольнай залі. А родным марксавага прывіду – калі ласка! Лепшы гатэль, утульная заля пры ім і найвышэйшае прывітанне доўгачаканым гасцям. Яны – свае. У іх грандыёзныя планы. Яны яшчэ шмат чаго не здзейснілі. ГУЛАГ праглынуў усяго некалькі дзесяткаў мільёнаў. Не паспеў увайсці ў кожны дом. Хіба можна спыняцца на паўдарозе?

Яны тут. Яны яшчэ жывыя. І якія персоны мільгаюць у тым натоўпе! Булгакаўскай Маргарыце нават на балі Воланда не сустракаліся такія. І ўсё здавалася, што недзе там, між імі, “и Ленин, такой молодой”. А чаго яму ляжаць у халоднай адзіноце, калі тут побач такі адметны фэст.

Гэта раней, у цёмным сярэднявеччы, зляталася нячыстая сіла на Брокен, гару ў Нямеччыне. Меркавалі, што цэнтр Еўропы – там. Цяпер дакладна вядома, дзе ён. Нямеччына няхай адпачывае. Брокен ужо ў Мінску. Найвышэйшая ў горадзе кропка – гатэль “Беларусь”. Адтуль далёка відаць. Ва ўсякім разе, немагчыма не ўбачыць, што не мела ніякага сэнсу паспешлівае наша імкненне ў Еўропу. Як і варта было чакаць, яна сама прыйшла да нас.

На мінулым тыдні адбыўся амаль прарыў блакады. І не з нашага боку, а адтуль, з Еўропы. Магутная кагорта нямецкіх бізнесоўцаў наважылася падтрымаць інвестыцыямі экзатычны рэжым. Высветлілася раптам, што гэта вельмі выгодная справа. Праўда, Бертольт Брэхт яшчэ ў трыццатыя гады папярэджваў свайго абывацеля, які ўцягваўся ў камерцыйныя гульні з тамтэйшым дыктатарам: “Хочаш з чортам кашу есці, здабудзь доўгую лыжку”. Нібы ў ваду глядзеў. Але нашчадкі таго абывацеля дурным прадчуванням не вераць. І дзелавыя кантакты будуць паглыбляцца. А якія перашкоды? Сумніўнае выказванне пра славуты нямецкі парадак, які быў бы дарэчы ў Беларусі, і спачувальныя закіды на адрас Адольфа ? Дык калі тое было! .. І ўвогуле, грошы не пахнуць. І не варта чапляцца да бедных бізнесоўцаў.

Тым болей, што вунь і італьянскі сенатар з усё тых жа камуністаў зразумеў нечакана, як непрыемна быць у ар’ергардзе, калі ўжо суседзі пайшлі на прарыў. Пра што і паспяшаўся абвесціць. І тэлебачанне тутэйшае разнесла радасную вестку: італьянцы будуць лабіраваць інтарэсы Беларусі ў Еўропе. Даносіць не скажоную, а праўдзівую інфармацыю аб гэтай так несправядліва пакрыўджанай краіне.

А як жа дванаццаць патрабаванняў Еўразвяза да тутэшага рэжыма? Рашучага сенатара яны не цікавяць? І палітычныя вязні хіба ўжо на волі?

А яны няўжо былі? Заявіў жа міністр унутраных спраў Беларусі, што палітычных зняволеных у краіне няма. Ёсць толькі крымінальнікі. Чым не ўзор не скажонай, а самай праўдзівай інфармацыі, якую трэба даводзіць усімі магчымымі сродкамі?

І што тым спагадлівым да рэжыму еўрапейцам прафесар Аляксандр Казулін, якога ўпарта ламаюць турмой? І што ім лёс высакародных змагароў Зміцера Дашкевіча і Артура Фінькевіча, якіх пасля сканчэння тэрміну зняволення хочуць забэхаць на новы, яшчэ большы? Або Андрэй Клімаў, які ўжо адбывае трэці тэрмін – гэтым разам за артыкул у інтэрнеце. Падумаць толькі, якое жудаснае ўчыніў злачынства! І каго там у Рыме ўсхвалюе ягоны турэмны ліст пра тое, што цяпер ён патрапіў у самае пекла.

Італьянцаў гэтым не здзівіш. Быў жа Дантэ ў пекле. І выйшаў жывым.

Вось толькі ці скончылася б усё так цудоўна, калі б ён патрапіў у пекла тутэйшае?

Фота "Наша Ніва"

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях