18 мая 2024, суббота, 7:02
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

У Беларусь прыехаў не Пуцін?

4
У Беларусь прыехаў не Пуцін?

Памыліліся ўсе. І тыя, хто сцвярджаў, што Пуцін вязе на подпіс Канстытуцыйны акт. І тыя, хто быў перакананы, што перад прэзідэнцкімі выбарамі ён шукае падтрымкі малодшага брата. Загадку нечаканага візіту не адгадаў ніхто. Бо гэта не скрэбл і нават не судоку. Гэта адмысловая гульня. І ёй імя – імперская палітыка.

У ёй ніякіх правілаў няма. А паколькі іх няма ўвогуле, то выйграе ў гульні хітрэйшы. Таму адказ на простае пытанне – чаго ў Беларусь прыехаў Пуцін? – не здолеў даць ніхто. Узніклі чуткі, што ў Беларусь Пуцін не прыехаў.

А ў прызначаны дзень перад агаломшанай камандай тутэйшага начальства з’явіўся добры расійскі Дзед Мароз. З мехам шчодрых падарункаў. У атачэнні трох Снягурак. Вельмі падобных на суседскага прэм’ера і спікераў абедзвюх палат Дзяржаўнай Думы. І не дзіва, што адразу пацягнула дарагога госця не ў дымны горад, а туды, дзе снежна і марозна. У Сілічы. Скупыя звесткі, якія прасачыліся адтуль, крамлёўскую загадку заблыталі канчаткова. Нібыта перамоўная феерыя доўжылася ледзь не ўсю ноч. А з першымі промнямі скупога снежаньскага сонца знайшло наша начальства пад навагодняй елкай казачную шкарпэтку. А ў ёй – паўтара мільярда амерыканскай валюты. У выглядзе стабілізацыйнага крэдыту.

А на наступны дзень і ўвогуле пачаліся калядныя дзівосы. Праспект нечакана апусцеў. Па ім гойсалі нейкія людзі ў спартыўных штанах і заганялі рэдкіх прахожых у падваротні. Але нават цнатлівыя кіроўцы гарадскіх аўтобусаў чамусьці не спяшаліся на роднае тэлебачанне, каб пакрыўдзіцца на тое, што нехта перашкаджае руху грамадскага транспарту. А праблемы, і не толькі з транспартам, узніклі немалыя.

Вядомы кампазітар спяшаўся ў тэатр на прагон спектакля, які ні адмяніць, ні перанесці не маглі, бо на вечар прызначана прэм’ера. Музыка яшчэ патрабавала ўдакладненняў. Ды і тэатр у цэнтры – не абы які. Але хіба гэта хвалюе людзей у спартыўных штанах? На тым скрыжаванні, дзе ўжо ўрачыста збіралася крочыць Гісторыя, усіх выпадковых адцяснілі да ўваходу ў метро і загадалі знікнуць. Дарэмна кампазітар тлумачыў, што на тым баку вуліцы ў яго праца, што ён можа гэтак сарваць спектакль. І згодзен прайсці туды хоць пад канвоем, хоць са звязанымі рукамі. Спартовым штанам на тое было начхаць.

З тэатра нарэшце хтосьці заўважыў яго. Пачаліся тэлефонныя перамовы з адказнымі інстанцыямі. Пасля доўгіх перамоваў і адсылак па розных адрасах нейкія адказныя штаны, нібы сляпога бандурыста ў знакамітай песні, кампазітара “перавялі цераз майдан”. А ў хуткім часе на сакральнай тэрыторыі пачаўся рытуал сустрэчы дарагога госця і ягонай высокай світы.

Дык чаго ж яны прыязджалі? Навошта на сыходзе другой прэзідэнцкай кадэнцыі спатрэбіўся Пуціну афіцыйны візіт? Няўжо толькі дзеля таго, каб на дывановай дарожцы выканаць перад тэлекамерамі панылы рытуал “братэрскага яднання”?

Успомнім, калі апошнім разам высаджваўся ў аэрапорце Мінска гэткі прадстаўнічы дэсант? А было тое ў незабыўныя дні. Тады сапраўды вырашаўся лёс краіны. Беларусь магла вырвацца з абдымкаў імперыі. Працэс імпічменту ўступаў ў заключную фазу. Вось у гэткі момант і з’явіліся тут Строеў, Селязнёў і Чарнамырдзін.

І зноў – той жа статус маскоўскіх гасцей. Ды яшчэ Пуцін асабіста. Плюс паўтара мільярда ў якасці важкага аргумента ў міждзяржаўным дыялогу. Паўтара мільярда – за што? За падтрымку крамлёўскага кандыдата на выбарах, у перамозе якога не сумняецца ніхто? За

скупыя абдымкі, якія замянілі колішнія “пацалункі ў абмен на газ”? Або за дывановую дарожку на гістарычным скрыжаванні, па якой крочыць болей пасавала б пакрыўджанаму ўсімі Ахмадзінеджаду або палымянаму таварышу Уга? Пуцін рашуча прайшоў гэты шлях. Дзеля чаго?

З перамоваў адзін на адзін, што доўжыліся амаль да паловы шостай раніцы ды яшчэ некалькі гадзін у пятніцу, ніякай уцечкі інфармацыі быць не магло. Двухдзённыя перамовы на вышэйшым узроўні ў зачыненым рэжыме. Ніякіх уцямных звестак пра сутнасць перамоваў. Пры тых акалічнасцях, якія не могуць не выклікаць трывогу. Гэта яшчэ адно сведчанне жахлівага стану краіны, дзе грамадства на ўладу ўжо ніяк не ўплывае.

Пасля таго, як краіны Балтыі далучыліся да Еўразвязу і зрабіла свой незалежніцкі выбар Україна, заходняя мяжа імперыі набыла амаль просталінейныя абрысы. Калі б і Беларусь пайшла тым жа шляхам, Расія канчаткова пазбавілася б магчымасці ўступаць у вайсковае супрацьстаянне з Захадам. Сістэма супракетнай абароны, разгорнутая пад Смаленскам, па прызнанні расійскіх адмыслоўцаў, пакідае Маскву амаль не прыкрытай. У такіх варунках давялося б перагледзіць усю ранейшую стратэгію, праводзіць палітыку кампрамісаў і доўгатэрміновых пагадненняў. А пры цяперашнім унутрыпалітычным раскладзе ў Расіі гэта немагчыма.

Таму выхад для яе на мяжу па Бугу – пытанне жыцця і смерці. І ніякіх мільярдаў на тое імперыя не пашкадуе. Канстытуцыйны акт ды іншыя атрыбуты братняй экзотыкі хутчэй за ўсё на бліжэйшы час застануцца ў межах дзейнасці Барадзіна ды іншых дзівакоў. А сапраўдная і вельмі небяспечная барацьба за кантроль над нашай краінай пойдзе ў сферы вайсковых дачыненняў. Расія знайшла нарэшце найбольш слабое звяно. Менавіта на гэтым напрамку Беларусь завязла у інтэграцыйных гульнях катастрафічна. Беларускае войска – гэта фактычна частка адзінай сістэмы. І нарошчванню расійскай прысутнасці тут супрацьстаяць ужо немагчыма. Ва ўсякім разе, не з гэтым рэжымам.

Зусім відавочна, пра што яны размаўлялі. І пытанне толькі ў тым, што аддадзена насамрэч за паўтара мільярда і цану на газ на наступны год у 119 даляраў? Цану пры сённяшняй кан’юнктуры проста смешную. Задарма падарункі гэткага кшталту не робяць. Шкарпэтка расійскага Дзеда Мароза, знойдзеная нечакана пад галоўнай елкай дзяржавы, можа нам дорага каштаваць.

Нават падумаць страшна як.

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях