18 мая 2024, суббота, 10:31
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Vivat, Свабода?..

5
Vivat, Свабода?..

Усё гэта магло быць. Беларусь вярнулася б ў Еўропу. У Брусэлі побач з іншымі дзяржаўнымі сцягамі вецер гойдаў бы і наш. У Еўрапарламенце і Радзе Еўропы ўжо ніводнае пытанне не вырашалася б без нас.

А ў мінулую пятніцу на пераходзе “Варшаўскі мост” пад воплескі і спевы ўзрушаных падзеяй грамадзян ужо здымалі б напэўна апошні памежны шлагбаўм. Мы – у Шэнгенскай зоне.

Шлях у Еўропу адчынены для ўсіх. Ніякіх візаў. Ніякіх мытнікаў. Можна жыць, вучыцца, працаваць там, дзе падабаецца. Дзе чалавек прыдатны. Бо ад гэтага часу і беларусы ў Еўразвязе не чужыя.

Фантастыка? Лухта і недарэчнасць?

А чаму?.. Няўжо мы горшыя нечым за літоўцаў, палякаў ці славенцаў? І за іх доўгачаканым святам можам назіраць толькі з-за калючага дроту неадольнай мяжы ды лічыць мітусліва нешматлікія еўрыкі – ці хопіць на шэнгенскую візу? Не хопіць, на вялікі жаль! Шмат каму з тутэйшымі заробкамі і пенсіямі за дзесяцігоддзі ўдарнай працы і марыць няма чаго аб тым, каб хоць аднойчы перасячы Варшаўскі мост.

Бывай, Еўропа! Бывай, бабульчын сціплы бізнес з блокам цыгарэт пад андаракам! Усё – у мінулым. Яны пайшлі. Мы засталіся.

За якія грахі?..

Хіба не мы – у цэнтры той самай Еўропы? Хіба не мы нават раней за немцаў Біблію пераклалі на сваю еўрапейскую мову? Хіба не мы яшчэ ў 1688 годзе прынялі адну з першых на кантыненце канстытуцый – Статут Вялікага Княства? У той час, калі шмат хто пра гэта і марыць не мог. Дык чаму ж сёння мы – пасынкі Еўропы?

Несправядліва. Крыўдна. Немагчыма!..

Так, сёе-тое варта прызнаць. Былі калісьці выбары. Першыя і апошнія, дзе сапраўды быў выбар. І мы іх правялі не лепшым чынам. Уляпілі сваю птушачку не ў той квадрат. А потым ківалі сарамліва на бабулек: гэта яны, цёмныя, выбралі таго, хто нам і ў цяжкім сне не мог прысніцца. Але потым пасля нескладаных падлікаў высветлілася, што на той час у краіне столькі ачмурэлых старых не жыло. Не толькі яны, але і шмат хто яшчэ з разумных і дальнабачных спадзяваўся чамусьці, што чалавек, які абяцае цуд, сапраўды на нешта здольны. Некалькі загадкавых пасаў, некалькі сакральных слоў – і вось яно, заможнае жыццё. Фокус, аднак, не ўдаўся. І апынулася краіна каля разбітага карыта. Але нічога, прыбег старэйшы брат. Нечага падкінуў. Зіму перажывем, а там… Вунь яшчэ ажно два мільярды зялёных абяцае. Хто разлічыцца потым… Сапраўды, хто і чым?..

Няўжо з гэткім іміджам мы яшчэ спадзяваліся на нейкае месца ў новай Еўропе?

А ўвогуле, чаму ўсё павярнулася супраць нас? Варта толькі пагартаць нашы кніжкі ды паслухаць тутэйшыя казкі, каб пераканацца, што беларусы – самыя працавітыя, разумныя ды талерантныя. Героі, якіх нікому і нічым не запалохаць.

Дык чаму ж, выпраўляючы памылку неабачлівых старых, падчас імпічменту не выйшлі мы ўсе на вуліцы і плошчы, баронячы краіну? Няўжо цяжка было зразумець, што не палахліваму Шарэцкаму варта было даручыць тады сустрэчу някліканых гасцей з Масквы, а самым непахісным і рашучым? І спыталі б яны тых імперцаў: хочаце пабачыць сотні тысяч беларусаў, якія не дазволяць гаспадарыць тут чужынцам?

І напэўна, падаліся б прэч расійскія пасланцы.

А мы жылі б і год, і два, і тры ў холадзе, у нястачы - і нас, як некалі літоўцаў, узялі б тады ў блакаду. Але мы выстаялі б і не саступілі. Бо даражэй за незалежнасць і свабоду для нас няма і не было нічога.

Што кажаце?.. Гэта – не пра нас? А па той бок мяжы – чужое свята? Нас ніхто там не чакае? Мы нават не перайшлі Варшаўскі мост? З такім грузам, як у нас, увогуле яго не перайсці? Абрынецца пад намі?..

Ды які там, да д’ябла, груз!.. За доўгія гады беспамяцтва амаль усё сваё мы пагублялі. Лягчэй за нас хіба што толькі цень.

А тое, што нясем – чужыя рэчы.

…На доўгія трынаццаць год спынілася краіна перад Варшаўскім мостам. Шлях назад – на згубу, на знішчэнне. Наперадзе – спакойнае і годнае жыццё. Толькі варта зрабіць усяго некалькі крокаў. Перайсці мяжу рэліктавага страху.

Але пакуль і гэта немагчыма. З нашым грузам нікуды нельга. Багаж негабарытны. У ім тое, што вызначае нашу саўковую свядомасць. Чырвона-зялёны сцяг. Маскоўска-тутэйшая падмалёўка замест святой Пагоні. І грувасткае кіраўнічае крэсла, да якога навечна прыкарэў нейкі чалавек. Мы топчамся, не ведаючы, што з усім гэтым рабіць.

А можа, нам наважыцца нарэшце? Шпурнуць свой вар’яцкі груз у бліжэйшае балота. Уздыхнуць з палёгкай. І – наперад.

Vivat, свабода?..

Написать комментарий 5

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях