18 мая 2024, суббота, 10:25
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Што год наступны нам рыхтуе?

1
Што год наступны нам рыхтуе?

Краіна сустракае Новы год. Якая навіна! Якая нечаканая падзея! Здавалася яшчэ ўчора, што году мінуламу не будзе і канца.

А вось ён, Новы, - грукае ў дзверы, уваходзіць у хату. Аглядаецца па-гаспадарску: яму столькі часу давядзецца жыць нашымі трывогамі, памкненнямі, надзеямі. А мінулы год… А што мінулы? Ён пайшоў. Ён развітаўся з намі. І яго шкада бязмежна. Бо гэта, якім бы ён ні быў, год нашага жыцця. Дык што ж мы прыгадаем потым, успамінаючы яго?

Найперш – адметнае, сапраўднае, лёсавызначальнае.

Што было? Чаго мы дамагаліся, да чаго імкнуліся? Чаго адзін аднаму жадалі, сустракаючы той, пражыты год? Шчасця? Дабрабыту? Напэўна ж, і свабоды – краіне і ўсім нам. Дачакаліся?..

Прыкрае пытанне пакінем без адказу. І ўспомнім тое, што па-сапраўднаму яднала ўвесь народ. Быў гэткі момант. Была падзея – газавы канфлікт з суседам нашым.

Ноч навагодняя ператварылася ў нешта фантастычнае. Сталы святочныя марна дамагаліся ўвагі. Пітво пацела безнадзейна. А краіна ўтаропілася ў тэлевізар.

Што там нейкія футболы ды розныя фабрыкі зорак! Ударная кагорта тутэйшага чынавенства штурмавала непахісны газпрамаўскі рубеж. Забыўшы родны дом. Не прамачыўшы нават глоткі пад навагодні звон курантаў. Не да таго было – вырашалася галоўнае пытанне. Будзе сінявокая з расійскім газам, або толькі з тым, што ў родным лесе? Расійцы не хацелі саступаць цану ні на капейку. І не пагаджаліся на іх умовы нашы абаронцы, бо напэўна ж адчувалі, як ім у патыліцу насцярожана дыхае краіна.

Гэта дзе-небудзь у бязмежжы еўрапейскім народ наймае сабе менеджэра на пэўны тэрмін і даручае яму свае надзённыя праблемы. І калі не будзе раптам газу або яшчэ чаго, спытае строга з таго, каго наймаў. Пакажа яму на дзверы. І пакліча іншага - хто болей кампетэнтны. І толькі ў нас кіруючы таварыш прыходзіць “усур’ёз і надоўга”. І чаго б ён там ні нарабіў, пазбавіць абранніка пасады немагчыма. А таму ўсе дробныя і вялікія праблемы тут – клопат усенародны. І які-небудзь дзядок у далёкай вёсачцы гатовы ўжо апошняе аддаць, абы краіна была з газам.

Сквапныя браты той векапомнай ноччу ў два разы падвысілі цану. Але мы неяк выжылі. Выстаялі. Не скарыліся перад нахабствам вераломнага суседа. Можа, найперш таму, што ў адрозненне ад тых еўрапейцаў знянацку не мяняем менеджмент – кіраўніцтва па-тутэйшаму. Інакш вакол каго нам гуртавацца? За кім ісці? На чый заклік адказваць парывам усенародным?

Так, былі ў мінулым годзе і пэўныя непрыемнасці. Напрыклад, тыя ж ільготы. Калі іх кіраўніцтва адмяніла, сёй-той пачаў крычаць, што рэжым рабуе бедных, палез у кішэні інвалідаў, шкаляроў, пенсіянераў. Усё тое – паклёп, вядомая ўжо спроба падарваць аўтарытэт улады. А насамрэч адмена ільготаў – яшчэ адно сведчанне няспыннага клопату пра дабрабыт народа. Было ж патлумачана, што завёўся студэнт, які на вучобу ездзіць на ўласным “мерседэсе”. Потым спыняе яго дзе-небудзь і лезе, нягоднік, ў аўтобус. Прабівае талончык. Ільготны!.. Падлічылі, колькі ён гэтак скраў у народа – стала страшна. Каб аднавіць сацыяльную справядлівасць, якая ў нашай краіне даражэй за ўсё, ільготы адмянілі. Чаму не пайшлі іншым шляхам, не злавілі таго шкодніка? Ды як жа зловіш, калі ён – на “мерседэсе”!..

А ў астатнім было ўсё цудоўна. Краіна плавіла метал. Стварала ўнікальныя станкі ды машыны. Перапрацоўвала нафту. Спрабавала нават выйсці ў космас, аднак ракета суседзяў чамусьці ляцець туды не пажадала. Але хіба гэта бяда?.. Якія рапарты мы чулі ўвесь год! Пра тое, як сеялі, як гераічна вялі бітву за небывалы ўраджай. Якія потым справілі дажынкі – суседзі плакалі ад зайздрасці. А наша прамысловасць!.. Няхай плявузгаюць зласліўцы, што яна нерэфармаваная, састарэлая, саўковая. Затое як працуе! Нашы вытворчыя паказчыкі нават Савецкаму Саюзу не сніліся. Рэкорды. Перавыкананні ўсіх магчымых планаў. Ужо трактары ды ровары няма куды падзець. Не купляюць? Не хапае нават складскіх памяшканняў? Пабудуем новыя!

Дарэчы пра наша будаўніцтва. Чулі, якімі тэмпамі яно ў нас расце? Колькі ў мінулым годзе ўзведзена жытла? Хіба гэта не паказчык неверагоднага росту дабрабыту ў квітнеючай краіне? Гэта раней дзесяцігоддзямі стаялі людзі ў нерухомых чэргах. А цяпер на бочку грошы – і трымай ключы ад кватэры або нават уласнага дома.

Заробкі не тыя? На дах над галавой не сабраць за ўсё працоўнае жыццё? Так, сапраўды, праблема ёсць. Але ж і выйсце ёсць таксама. Трэба толькі глядзець ды слухаць родны тэлевізар. Там са спагадлівай усмешкай суцешаць кожнага. Распавядуць, у якой цудоўнай краіне мы жывем. Тут з ранку і да вечара кіраўніцтва дбае пра народ, пра наша бесклапотнае, заможнае жыццё. Трэба толькі пачакаць. Яшчэ год. Яшчэ дзесяцігоддзе. Два ці тры. Чакаць, як пры савецкай уладзе. І не слухаць розных там агентаў. А то паведаміла іх недабітая газетка, што ў Літве заробак мінімальны ўжо роўны нашаму сярэдняму заробку. Хіба не крыўдна? За краіну, за народ, за кіраўніцтва. Або крычаў тут нехта, што цана аднапакаёўкі ў Мінску пераўзышла ўжо яе цану ў Берліне. Як кажуць, кожнаму – сваё. Дорага ў нас – купляйце ў Нямеччыне.

Туды нас не пускаюць? Адбудоўваем паціху жалезную заслону? А як жа без яе?.. Вунь братняя Паўночная Карэя аддзялілася ад усіх калючым дротам. І як жыве!.. І мы абралі свой адметны шлях. Калі ідзе размова аб свабодзе друку, правах чалавека, усё часцей нас параўноўваюць з Бірмай і Зімбабве. Але і гэтага нам мала. Нават на зыходзе году, пад заслону, калі ўсе ўжо рыхтаваліся да свята, мы не адолелі свайго неўтаймаванага імпэту. І на ўвесь свет агучылі пагрозу: калі яшчэ раз Амерыка скажа нешта крыўднае пра тутэйшую ўладу, выкінем увогуле з краіны яе пасла.

Вось гэта маштаб! Сапраўды, цяпер ўсе зразумеюць, хто ёсць хто.

…А ў нашым краі – пах святочнай хвоі. Прайшоў стары, на парозе Новы год. Якім ён будзе? Чаканым, спагадлівым, добрым?

Год будзе такім, як мы захочам. Цудаў ён не абяцае. І здзейсніць толькі тое, на што нам хопіць рашучасці, упартасці, адвагі. Але чаго мы ад яго чакаем? Чаго хочам? Каб жа тое ведаць!..

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях