Віктар Івашкевіч: «Трэба бараніць незалежнасць!»
4- 7.12.2007, 15:43
“Інакш як палітычным шантажом гэта не назавеш. Упершыню за апошнія гады пагроза незалежнасці Беларусі набывае цалкам рэальныя рысы. Таму сёння беларускае грамадства мусіць кансалідавацца, каб абараніць сваю незалежнасць”, -- заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 намеснік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч, камэнтуючы інфармацыю пра тое, што Пуцін едзе ў Беларусь, каб падпісаць так званы “канстытуцыйны акт” і ўзначалічаць “саюзную дзяржаву”.
Як мяркуе палітык, “ужо напачатку года было зразумела, што Расея праз эканамічныя рычагі будзе прымушаць Беларусь калі не да простага ўваходжаньня ў яе склад, дык праз так званую “саюзную дзяржаву”. Зараз пра гэта сведчыць і апошняя заява “Газпрома” пра цану на газ ў 165 даляраў за тысячу кубаметраў і тое, што Пуцін, пры вельмі напружаных адносінах з Лукашэнкам, сам едзе ў Беларусь”, - кажа Віктар Івашкевіч.
Намеснік старшыні партыі БНФ лічыць, што трэба рэагаваць аператыўна і выразна прадэманстраваць рашучую нязгоду беларусаў расейскім планам анексіі краіны. “Літаральна заўтра на з’ездзе мы абмяркуем гэтую сітуацыю і прымем рашэнне па нашых дзеяннях на бліжэйшыя дні. Сярод галоўнага – гэта падрыхтоўка масавых акцый пратэсту пад час візіта Пуціна”, - паведаміў Віктар Івашкевіч Хартыі’97.