18 мая 2024, суббота, 7:00
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Пакаленне свабоды

Пакаленне свабоды

Раней дзікунствы рэжыму былі амаль прадказальнымі. І нагадвалі рэакцыю раз’юшанага звера на падазроныя рухі ў навакольным асяроддзі. Брутальны перыяд выпадаў зазвычай на восень і вясну. Зласліўцы нават звязвалі гэта з псіхічным цыклам сезонных абвастрэнняў. Але сёлета ўлада рашуча абвергла недарэчныя меркаванні. Менавіта ў студзені, калісьці сонным, ціхім, адбыўся нечаканы выбух тутэйшай паліцэйшчыны.

На вуліцах і плошчах зноў грукочуць амапаўскія боты. Злоўленых збіваюць у аўтазаках. Па-стаханаўску працуюць суды. Турмы і бамжатнікі прымаюць новых вязняў. Карнікі наўмысна дэманструюць неверагодную жорсткасць. Няма спагады ні да падлеткаў, ні да жанчын. Кожны, хто трапляе ў кіпцюры ахоўнікаў улады, атрымлівае на поўную моц. Няўжо гэта няшчасныя прыватныя гандляры наіўнымі спробамі адстаяць свой кавалак хлеба так узбудзілі помслівую ўладу?

У пэўнай ступені – яны. Але не толькі. Тут нешта больш глыбіннае. Нават падсвядомае. Да таго ж некаторыя падзеі апошняга часу ніяк не ўпісваюцца ў фізіялагічную схему датэрміновага абуджэння ад зімовай спячкі.

Хто мог чакаць, што ў Беларусі – у цэнтры Еўропы! – выбухне раптам пачварны судовы працэс, якому маглі б пазайздросціць нават тыя, хто ў цёмныя стагоддзі распачыналі паляванне на ведзьмаў. Судзілі журналіста. Былога рэдактара ліквідаванай уладамі газеты “Згода”. Судзілі за тое, што некалі перадрукаваў у той газеце сумнавядомыя дацкія карыкатуры. Яны, маўляў, абражаюць пачуцці мусульманаў. Даўно ўжо, выкрыкнуўшы штатныя пагрозы на адрас карыкатурыста і некаторых выданняў, змоўклі нават самыя апантаныя шэйхі. Ды і ўвогуле, занадта цёмнаю была тая антыкарыкатурная кампанія. І пачалася яна з неверагодным спазненнем адносна даты публікацыі. Зразумела, што гэта чарговая маніпуляцыя свядомасцю цёмнай, малаадукаванай масы. І што робіцца гэта наўмысна, у палітычных, надзвычай карыслівых мэтах.

І раптам, калі ўсе даўно забыліся на тое, усхвалявалася раптам улада тутэйшая. Абражаюць! Сеюць варожасць паміж народамі!

Карыкатуры, бачыце, усхвалявалі. А гэта іх не хвалюе? “Чем больше представителей реакционного духовенства удастся нам расстрелять, тем лучше”. Гэтак напярэдадні ХІ з’езду партыі бальшавікоў заклікаў сваіх паплечнікаў Ленін. Не каго небудзь, а сваіх, праваслаўных святароў выракаў ён на згубу. Чым больш, тым лепш! Калі гэтае садысцкае вычварэнства не найцяжэйшае злачынства і абраза пачуццяў вернікаў – тады што? А калі ўсё так, то чаму ўлада, якой уласціва абвостранае пачуццё справядлівасці ў дачыненні да ўсіх веравызнанняў, да гэтага часу не вызваліла нашы вёскі і гарады ад помнікаў пачвары, якая так злосна і подла абразіла вернікаў самай вялікай канфесіі? Няўжо ў краіне, дзе беспакарана разбуралі старажытныя бажніцы і палілі абразы, дзе шмат хто з сённяшніх чыноўнікаў яшчэ не так даўно шчыраваў на ніве атэістычнай прапаганды, узнікла раптам вострая неабходнасць менавіта ў судовай абароне мусульман ад журналістаў? А чаму ж не спяшаецца ніхто абараніць каталікоў, якія моляцца пад сценамі касцёла святога Язэпа і просяць уладу вярнуць ім адабраную бажніцу? Чаму карыкатурам дацкім такая адмысловая ўвага?

Ды ўсё тут зразумела. Вельмі хацелася дагадзіць сябру Ахмадзінеджаду. Выслужыцца перад ім. На ўсялякі выпадак. А раптам давядзецца пакарыстацца пэўны час ягонай гасціннасцю. Тым болей, што заўсёды спагадлівага Саддама даўно ўжо няма. Толькі вось кепскія ў тутэйшай улады дарадчыкі. Не ведаюць яны Усходу. Той, дзеля каго быў учынены гэты вэрхал з сярэднявечнай жорсткасцю да ахвяры, чхаць хацеў на гэткія падарункі. Прыме да ведама, і не болей. З непрыхаванай пагардай.

І ўсё ж напрошваецца пытанне: а што здарылася падчас пераходу з мінулага году ў гэты? Што выклікала нечаканы выбух брутальнасці? Чаму пачалося раптам татальнае паляванне на нязгодных?

На першы погляд тут усё па-ранейшаму. Куды ні зірні – бязмежнае балота. Крэкчуць натужна ідэалагічныя жабы. Абывацель пакорлівы і маўклівы. І жалезабетонныя леніны на кожным кроку ўказваюць яму адзіна правільны накірунак. Усё як заўсёды. Чаго ж яна так мітусіцца, гэтая ўлада? Краіна на ўздыме. Поспехі ў зводках на кіраўнічым стале неверагодныя. І да таго ж крэдыт вялізны падкінулі суседзі. І зіма цёплая і лёгкая. І брат Уга абяцае процьму шчодрых падарункаў. А поўнага шчасця няма. Болей таго, пагрозліва нарастае прадчуванне нейкай катастрофы. Блізкай, неадольнай.

У маналітным, здавалася б, грамадстве выявіўся выразна тэктанічна небяспечны пласт. З яго сыходзяць бесперапынныя штуршкі. Прадвеснікі непазбежнага землятрусу. Адбылося нешта непажаданае – вырасла нясечанае пакаленне. Усенародная праграма чаркі і шкваркі яго не натхняе. Усім тут ужо зразумела, што неяк інтэгравацца ў гэта грамадства можна толькі шляхам адмовы ад самога сябе і ператварэння ў поўнае дзярмо. І нічога іншага маладым прапанаваць рэжым не хоча. І ніколі ні ў чым не саступіць. Інакш яму капцы. Ён жа разумее выдатна – толькі шчылінку прыадчыні!..

Таму ён загаддзя, не чакаючы вясновых забурэнняў, перайшоў у наступ. Нанёс прэвентыўны ўдар. І наіўна меркаваць, што гэта прадпрымальнікі яго справакавалі. Ды захоча – змяце ўмомант тых прадпрымальнікаў. Патлумачылі ж ім уцямна: прыватнікі падрываюць лёгкую прамысловасць краіны. Як лемантавала прапаганда пасля іх выхаду на вуліцу! Гэта што ж робіцца, з усёй масы арыштаваных – толькі некалькі прадпрыймальнікаў. Зноў моладзь вядзе рэй. Вось адкуль сыходзіць пагроза!

Беларусь прагне волі. Без яе не будзе краіны. Толькі воля ўратуе незалежнасць. Здаецца, гэта шмат хто ўжо зразумеў. Але з году ў год мы ўсё пакідаем “на потым”. На вуліцах і плошчах – усё тыя ж дзесяць тысяч. Астатнія нечага чакаюць.

Пакаленне свабоды не хоча болей чакаць. І гэта няпраўда, што Беларусь яму не спачувае. Яна шануе сваіх змагароў. І ганарыцца імі.

Толькі ў рашучы момант чамусьці пакідае іх ў поўнай адзіноце.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях