3 мая 2024, пятница, 22:38
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Палатка ў парламент не прайшла

3
Палатка ў парламент не прайшла

Чорны панядзелак сенсацый не прынёс. Кволая кветачка, якую так доўга песцілі заходнія выратавальнікі рэжыму, завяла канчаткова.

А яшчэ ў нядзелю ўсё выглядала так прыгожа. На выбарчых участках музыка гучала. Гандаль спакушаў нерашучых выбарцаў зніжанымі цэнамі. І родная міліцыя надзейна ахоўвала месцы народнага волевыяўлення ад магчымых атак злоснай апазіцыі. Убачыўшы на свае вочы непарыўнае адзінства ўлады і народа, назіральнікі ад СНГ плакалі ад шчасця. Іх заходнія калегі таксама не стамляліся распавядаць журналістам пра тое, як ахвотна адгукнуўся тутэйшы правіцель на заклікі Еўропы правесці выбары па стандартах АБСЕ.

Здавалася, пракляты беларускі вузел рассеклі канчаткова. Непрыгожая ўлада пачне сваю гісторыю з чыстай старонкі. На яе рахунку ўжо няма палітычных зняволеных. І можна забыць назаўсёды зніклых палітыкаў. І тысячы і тысячы выкінутых з працы за іншадумства. Безліч тых, каго за тое ж выгналі з краіны. Каб не засмучаць рэжым на яго шляху ў Еўропу змрочнымі ўспамінамі, варта выкрэсліць з памяці ўсіх збітых падчас вулічных акцый і ў катавальнях, усіх кінутых за краты, у мярзотныя бамжатнікі за тое, што гонар і годнасць не страцілі. У сваёй педагагічнай эйфарыі чыноўнікі Еўразвязу ўжо амаль браталіся з рэжымам. І тых, хто пратэстуе, слухаць не хацелі. Садыстаў, вырадкаў і палітычных падонкаў у Еўропе няма і быць не можа. А тым болей, нейкай апошняй дыктатуры. Ёсць звычайныя чыноўнікі, якія ў нечым, магчыма, памыляліся. Вось з імі папрацуюць брусельскія псіхолагі, і хуліганісты рэжым-падлетак стане на шлях выпраўлення. А пакуль трэба прайсці ўсяго толькі дробязны тэст: правесці выбары больш ці менш прыстойна. І працэс вяртання ў еўрапейскую супольнасць набудзе характар незваротны.

Але гэта толькі безнадзейным аптымістам здавалася, што тэст – прасцей простага. Пройдуць выбары. Прагучаць усеагульныя воплескі з нагоды іх дэмакратачыснасці. І палатка, атрымаўшы ў выніку народнага волевыяўлення хаця б аднаго дэпутата ад апазіцыі, ператворыцца ў парламент. Сапраўдны, легітымны. І ўсё будзе цудоўна. Воось толькі дажывём да панядзелка.

Дажылі. Уранні Цэнтрвыбаркам абвесціў папярэднія вынікі гэтых лёсавызначальных выбараў. Прайшлі яны выдатна, як заўсёды. Іншага ў Беларусі мала хто чакаў. А вось магутная кагорта заходніх назіральнікаў, якая тое-сёе пабачыла на свае вочы, была проста агаломшана. Яўка фантастычная – другі тур не спатрэбіцца нідзе. Гэта ўсім толькі здавалася, што выбарчыя ўчасткі пуставалі. Электарат нейкім дзіўным чынам да ўрнаў прасачыўся. І не хілымі адзінкамі. Больш за пяць мільёнаў выбарцаў рашуча выканалі свой грамадзянскі абавязак. Электаральнае цунамі накрыла Беларусь – як тое можна было не заўважыць? Народ паўстаў на абарону роднай ўлады ад заходніх прыдзірлівых экзамінатараў. Ён, народ, засведчыў, што любіць апантана вертыкальшчыкаў. І нейкім чынам звыш пяці мільёнаў выбарцаў здолелі паміж сабой дамовіцца і правесці ў палатку столькі ж вертыкальна-чынавенскіх дэпутатаў, колькі іх было ў мінулым складзе. І нават ранейшую колькасць жанчын. Кандыдаты ад апазіцыі таксама атрымалі ўсё той жа звыклы нуль.

Заходнім прыхільнікам легітымізацыі рэжыму была нахабна прадэманстравана самая дэмакратычная фаза тутэйшага выбарчага працэсу – падлік галасоў. Адзін з назіральнікаў здолеў нават употай зняць гэтую ўнікальную працэдуру. Зразумела, здалёк. З-за той рысы, за якую нікому заходзіць не дазволена.

Некалькі чалавек цесна абступілі стол, павярнушыся спіною да дакучных назіральнікаў. Там, за людской сцяной, мітусліва шапацяць нейкія паперкі. Вось і ўсё назіранне за падлікам. Лагодным да экзатычнага рэжыму еўрапейцам выразна паказалі зад. А чаго хацелі? Не ведалі, з кім дамаўляліся?

У палітычным балоце – ніякіх пераменаў. Зноў рэжым святкуе перамогу. Таксама не навіна. Ён ужо чатырнаццаць гадоў яе святкуе. З таго часу, калі краіну ўзялі ў закладнікі. А расчараваная Еўропа ў адказ на свае наіўныя памкненні ўлагодзіць неўтаймаваных атрымала тое, што была павінна атрымаць. Канфармісты ад апазіцыі, якія, слухаючы заходні хваласпеў пра тутэйшую дэмакратызацыю, ужо амаль наяве бачылі сябе дэпутамі палаткі, замест чырвона-зялёнага значка могуць прышпіліць сабе дзірку ад бубліка. Нікога не шкада. Ведалі, куды ішлі. З кім уступалі ў хаўрус.

У гэтай мярзотнай віхуры подласці і здрады годна паставіла сябе толькі маладая апазіцыя ды тыя палітыкі, якія адразу рашуча адмовіліся па ўбогім брусельскім сцэнары працаваць на легітымізацыю рэжыму. Гэта хлусня, што байкот праваліваўся. Правалілася, у чарговы раз, бяздарная палітыка згодніцтва і здады, дэкляраваная апазіцыйным шэрым канфармізмам. Толькі сляпы мог не бачыць, якая выразная пустата панавала на выбарчых участках. У параўнанні з выбарамі прэзідэнцкімі – неба і зямля. Тым болей красамоўнымі выглядаюць сувымерныя лічбы яўкі, даведзеныя Цэнтрвыбаркамам.

Напэўна, шмат у каго можа узнікнуць пытанне, а чаму ж у такім разе не выйшаў на плошчу народ? Было там, кажуць, недзе каля тысячы, не болей. А што б ім давялося бараніць у гэты дзень? Адно цёплае месца ў палатцы для паслухмянага апазіцыянера?

І дзеля такой падзеі, як гэтыя не цікавыя нікому выбары, на плошчу выйшла зусім не мала. Маладых. Адважных і рашучых. Ва ўсякім разе, было іх дастаткова, каб заявіць пра тое, што ніякія выбары тут не адбыліся. Дастаткова, каб пранесці па галоўнай вуліцы сталіцы сапраўдны сцяг Краіны Беларусь. І ўзняць над плошчай Незалежнасці. Адтуль і да флагштока над Домам Урада зусім недалёка. Адолеюць і гэта. Усяму свой час.

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях