3 мая 2024, пятница, 20:39
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Унікальны хлопчык

8
Унікальны хлопчык

Кажуць, кіргізы былі ў шоку. Ад гэткіх нечаканасцяў сапраўды ачомацца нялёгка. Высокія госці з’язджаліся на саміт СНД. На лётнішчы сустракалі іх афіцыйныя асобы. У строгай адпаведнасці з дыпламатычным пратаколам. Усё дакладна вызначана. Да апошняй драбязы. Рытуал, асвечаны традыцыяй міждзяржаўных зносін. І раптам…

З самалёта, які даставіў у Бішкек найвышэйшае кіраўніцтва РБ, выходзіць пяцігадовы хлопчык. Нават з’яўленне хакейнай каманды ў поўнай амуніцыі напэўна не выклікала б большага здзіўлення. Не на пікнік жа клікалі. Не на спаборніцтва акынаў. Візіт афіцыйны. Саміт – гэта саміт. Нават у СНД. А тут маленькі хлопчык. І што рабіць у такім выпадку дзяржаўнаму чынавенству, якое падрыхтавала пратакольную сустрэчу? З бадзёрым рогатам падхапіць малога на рукі? Выклікаць цыган, каб праспявалі славутае “К нам приехал, к нам приехал…”

Кіргізскія чыноўнікі неяк там разблыталі гэту недарэчнасць. Тым болей, не для іх была пастаўлена меладрама пра клапатлівага бацьку, якому няма на каго пакінуць малое дзіця. Саматужны серыял у бяздарнай рэжысуры адрэсаваны самаму ўдзячнаму гледачу – тутэйшаму электарату. Лорду Бэлу, як заўсёды, аўтарства задумы прыпісваць не варта. Ён да гэткага прымітыву не дадумаўся б – які ні ёсць, а лорд. І здзіўляцца нечаканым выбрыкам экзатычнага кіраўніцтва крыху пазнавата. Незабыўны 1994-ы трэба было абвесціць годам усенароднага здзіўлення. А цяпер застаецца толькі рыхтавацца да новых нечаканасцяў. У якіх, між іншым, нічога нечаканага няма.

Пасля нядаўніх “выбараў” шмат хто спрабаваў разгадаць мясцовы палітычны рэбус: што ж тут здарылася ў апошні дзень? Чаму рэжым перакрэсліў раптам усе дамоўленасці з Захадам? Выгоды былі відавочныя, а саступкі патрабаваліся зусім нязначныя. Але ўсё тое бясспрэчна, калі жыць толькі сённяшнім днём.

Гэта наша прадбачлівая апазіцыя перадвыбарчую стратэгію пачынае выпрацоўваць месяцы за тры да прызначанага дня. А начальнік краіны пра галоўную электаральную кампанію дбае ўжо даўно. Ці не з таго дня, калі на тэлеэкране ўпершыню з’явіўся тады яшчэ нікому не вядомы хлопчык Коля. І не таму, што вынікі будучых выбараў кагосьці тут трывожаць. У Беларусі лічаць добра. Памылак не бывае. Але ж адбудзецца гэтая падзея ажно на семнаццатым годзе панавання. Для сучаснай еўрапейскай гісторыі тэрмін шалёны і неверагодны. І дамагчыся толькі чарговай “элегантнай” перамогі было б недаравальна і нават небяспечна. Патрэбны не проста мандат на наступны пяцігадовы тэрмін, а нешта нашмат большае. Прарыў у новае вымярэнне. Пералом у свядомасці народа.

Калісьці, толькі трапіўшы ў Дразды, правіцель абвесціў: “Я пришел всерьез и надолго”. Зразумела, што пасля сямнаццаці гадоў формула дыктатарскай улады запатрабуе карэктываў. Ну што там няпэўнае “надолго”? Час наспеў прызнацца шчыра: “Навсегда”. Да скону дзён. Назаўжды. І начхаць на тое, што ў Еўропе палітычныя дыназаўры кшталту Салазара вымерлі даўно. А ў Беларусі – палітычны запаведнік. І ніякіх сакрэтаў на гэты конт няма.

Напярэдадні мінулых выбараў, якія былі фактычна рэпетыцыяй прэзідэнцкіх, правіцель запрасіў да сябе журналістаў. З уплывовых заходніх газет “The Financial Times” і “Frankfurter Allgemeine Zeitung” І якую ж навіну ён паведаміў Еўропе? На першы погляд, нічога сенсацыйнага. Звыклыя разважанні правінцыйнага дыктатара пра тое, як любіць тут яго народ. Але ў гэтых усім даўно вядомых шчыраваннях прамільгнула нібыта між іншым сціплае прызнанне. Пасаду пакідаць ён не збіраецца, таму што і англійская каралева пры ўладзе ўжо даўно. Вось так. Каардынаты вызначаны. Вясковы абсалютызм – выбар удзячнага народа.

А ў іх, у манархаў, які найпершы клопат? Забяспечыць пераемнасць. Захаваць дынастыю. Таму на палітычным даляглядзе непазбежна павінен быў з’явіцца хлопчык Коля. І ён з’явіўся. Ніхто з дарослых на гэтую ролю прэтэндаваць не мог. У краіне ўжо зашмат людзей, якія іх добра ведаюць. Пачнуцца размовы. Навыдумляюць рознага. А да малога якія могуць быць прэтэнзіі? Тым болей, што яшчэ ў мінулым годзе падчас суботніку на будоўлі спартовага комплексу “Мінск-Арэна” татка перад тэлекамерамі нібы жартуючы назваў яго “уникальным человеком”.

Хіба што наіўныя кіргізскія чыноўнікі маглі здзівіцца нечаканаму выхаду малога з самалёта кіраўніка краіны. Варта толькі ўявіць сабе такі далёкі пералёт, які нават для дарослага не жарты. А ў Беларусі тое нікога не здзіўляе. Дзеля захавання ўлады тут не шкадуюць нічога і нікога. І нават да дзіцяці літасці няма. Унікальны хлопчык даўно ўжо стаў фактарам тутэйшай дзяржаўнай палітыкі. Своеасаблівым гарантам непахіснасці гаранта канстытуцыі. Гэта адмысловая электаральная гульня. Ніхто нікому ўладу не аддасць. Ні сыну, ні брату, ні свату.

А ўнікальны хлопчык – пяшчотны сігнал электарату. Мэсідж, як цяпер гавораць. Наконт таго, што правіцель прыйшоў аднойчы і назаўжды. А розныя там выбары, чарговыя кадэнцыі – усяго толькі фармальнасць. І нават калі скончыцца яго біялагічны тэрмін на зямлі, істотных зменаў тут чакаць не варта. Адбудзецца рэінкарнацыя. Улада застанецца ў сям’і.

Грамадства, стомленае мінулай электаральнай кампаніяй, адпачывае. Або займаецца дробнымі разборкамі. І невядома, за тры гады ці ўспомніць яно, што назаўжды ўлада даецца толькі народу. І пакідаць яе ў руках адной асобы надзвычай небяспечна. І часу на пустыя спрэчкі амаль не засталося. Па дывановай дарожцы беларускай палітыкі ўжо крочыць хлопчык. Унікальны.

Написать комментарий 8

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях