24 мая 2024, пятница, 9:21
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

В Могилеве и Орше почтили память жертв сталинских репрессий (Фото)

Сегодня в Могилеве и Орше почтили память жертв сталинского террора. Возле креста памяти в Могилеве, установленного на месте массовых расстрелов в 20-30-е годы прошлого века, отслужили панихиду и провели траурный митинг.

На ім выступілі гісторыкі, палітыкі й простыя грамадзяне. Здалёк за людзьмі ля крыжа назіралі міліцыянты, паведамляе “Радыё Свабода”.

Паніхіду адслужыў грэка-каталіцкі сьвятар айцец Васіль. Яму дапамагалі маладыя дыяканы з рыма-каталіцкай, ды беларускай аўтакефальнай цэркваў.

Крыж на праспэкце Дзімітрава ўзвышаецца над пяшчаным кар’ерам, у якім і расстрэльвалі людзей. Дагэтуль невядома, колькі іх тут загінула. Паводле гісторыкаў, масавыя расстрэлы пачаліся тут яшчэ ў 1918 годзе.

“На гэтым месцы расстралялі Сьвятаполк-Мірскага, ксяндзоў, тут расстралялі першых праваслаўных сьвятароў. На жаль, у архівах знайсьці дакумэнты дужа цяжка. А да тых, якія і ёсьць, доступ у апошнія гады стаў дужа абмежаваны. Нават дасьледніку атрымаць інфармацыю дужа цяжка й складана”, — зазначыў на мітынгу гісторык Ігар Пушкін.

Жудасная таямніца кар’ера адкрылася выпадкова. Будаўнікі пачалі для сваіх патрэбаў браць адсюль пясок і выявілі чалавечыя парэшткі. Грамадзкі актывіст Міхась Булавацкі на мітынгу згадаў, што трэцяга ліпеня 1987 году Кастрычніцкі райвыканкам Магілёва пастанавіў стварыць камісію для дасьледаваньня і ўстанаўленьня фактаў зьнішчэньня тут людзей.

“Камісія вырашыла, што рабіць, — узялі людзей з спэцпрадпрыемства й пачалі раскопваць. Гэтыя людзі працавалі тут тыдзень ці болей. Навыкопвалі каля сотні шкілетаў, а плацілі за гэта мала. Яны сказалі, што тут год капаць трэба, каб тут усё павыкопваць. Яны адмовіліся. Людзей іншых не знайшлося тут раскопкі рабіць. Тое, што яны навыкопвалі, — перазахавалі на паўночных могілках тыя шкілеты. І далей тут усё прыпынілі”, -- распавёў Міхась Булавацкі.

Ушанаваць памяць свайго бацькі, расстралянага тут, у кар’еры, у 1937 годзе, прыйшла Ядзьвіга Антонаўна. Да крыжа яна прыходзіць штогод. Бацька спадарыні Ядзьвігі, Антон Каліновіч, быў каталіцкім сьвятаром на Шклоўшчыне.

“Дзявятнаццатага верасьня забралі майго тату, ксяндза Фашчаўскага. Нас з дому выгналі. Мама ўсё падавала ў вышук. Даслалі, што ён нібыта памёр у сорак другім годзе праз заражэньне крыві. Аднак яго расстралялі 16 кастрычніка 1937 году. Нават месяца не пасядзеў”, -- кажа жанчына.

Пра тое, што Антон Каліновіч скончыў жыцьцё ў кар’еры, ягонай жонцы паведамілі людзі, якія бачылі, як яго туды вялі расстрэльваць. Ядзьвіга Антонаўна кажа, што зь вёскі Чамаданы, дзе яны жылі, разам з бацькам чэкісты забралі яшчэ дзявятнаццаць чалавек.

Па сканчэньні мітынгу яго ўдзельнікі наведалі магілы знаных магілёўцаў: Уладзімера Голуба, Валянціна Ермаловіча ды Натальлі Рославай. Кожны зь іх зрабіў свой унёсак у станаўленьне беларускага дэмакратычнага руху.

Пад Воршай наведалі месцы растрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій на Кабыляцкай гары і славутае Крапівенскае поле

Актывісты Воршы наведалі сёньня месцы загубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій на Кабыляцкай гары, а таксама славутае Крапівенскае поле, дзе загінулі сотні беларусаў — удзельнікаў гістарычнай бітвы пад Воршай, паведамляе “Радыё Свабода”.

Ва ўрочышчы Кабыляцкая гара, дзе ў 30-50-я гады мінулага стагодзьдзя былі расстраляныя некалькі соцень мірных жыхароў, сабраліся сёньня сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, дэмакратычныя актывісты і мясцовыя жыхары, якія памятаюць тыя трагічныя падзеі.

Паводле ўспамінаў старажылаў, тут ёсьць 7 ці 8 вялізных масавых пахаваньняў, але дакладную колькасьць загінулых тут ахвяраў сталінізму ня ведае ніхто. Парэшткі забітых людзей былі знойдзеныя у 70-я гады мінулага стагоддзя, калі будавалі адрэзак чыгункі да станцыі Ворша-Паўночная. Але толькі пасьля таго, як адкрылася праўда пра менскія Курапаты, у Воршы была створаная адмысловая камісія па вывучэньні пахаваньняў. А ў 1992-м годзе на загад гарвыканкаму ва ўрочышчы Кабыляцкая гара быў усталяваны вялікі помнік-камень з мэмарыяльный шыльдай. Аднак шыльду неўзабаве скралі — відавочна, злодзеі паквапіліся на каляровы мэтал, зь якога яна была зроблена. Але на аднаўленьне шыльды дзяржаўных грошай не знайшлося, а зь цягам часу мясцовыя улады пра месца пахаваньня растраляных землякоў нібыта забыліся — добраўпарадкаваньне на Кабыляцкай гары сталася клопатам выключна мясцовых апазыцыйных актывістаў. Цяпер штогод на Дзяды яны праводзяць тут жалобныя імпрэзы

Выступаючы перад прысутнымі, аршанскі гасторык і краязнаўца Юры Копцік згадаў, што ня толькі на Кабыляцкай гары знайшлі апошні спачын растраляныя па загадзе НКУС грамадзяне — ёсьць яшчэ адно месца на ускрайку горада, якое варта было б зрабіць грамадзкім мэмарыялам:

— Другое месца, дзе ляжаць забітыя невінаватыя людзі, — гэта лес уздоўж Магілёўскай шашы. Там ужо ўшчыльную падыходзіць жылая забудова, і я ведаю магілы, ад якіх да найбліжэйшых дамоў засталася якая сотня мэтраў. Цяпер у Воршы варта было б працягнуць традыцыю стварэньня народнага мэмарыялу на ўзор Курапатаў — усталяваньне крыжоў на месцы масавай загубы людзей. Каб улады ведалі, што на чалавечых костках будаваць новыя дамы нельга.

Паніхіду па загубленых пад Воршай ахвярах сталінізму адслужыў уніяцкі сьвятар айцец Зьміцер, які адмыслова дзеля гэтага прыехаў зь Віцебску.

Яшчэ адно набажэнства ў памяць пра загінулых суайчыньнікаў ён правёў на знакамітым Крапівенскім полі, дзе ў 1514 годзе адбылася славутая бітва пад Воршай. Яна скончылася перамогай над большым амаль утрая расейскім войскам, але на беразе рэчкі Крапіўны палеглі сотні тагачасных ваяроў — абаронцаў ВКЛ. У гонар тых падзей на Крапівенскім полі ўсталяваны вялікі драўляны крыж, каля якога сабраліся мясцовыя актывісты, узьняўшы бел-чырвона-белыя сьцягі

Пасьля набажэнства перад прысутнымі выступіў бард Андрэй Мельнікаў. А потым у кароткіх прамовах актывісты зноў і зноў згадвалі тое, дзеля чаго сабраліся на сёньняшнія жалобныя акцыі: і на Кабыляцкай гары, і на Крапівенскім полі знайшлі апошні спачын тысячы люзей, што па волі лёсу ня маюць сёньня нават сваіх магіл, якія маглі б дагледзець сваякі або нашчадкі. Таму трымаць гэтыя месцы ў належным парадку ёсьць абавязкам грамаждзкасьці — прынамсі, той часткі , якая неабыякавая да беларускай гісторыі і яе герояў.

Магілёў. Паніхіду адслужыў грэка-каталіцкі сьвятар айцец Васіль

Магілёў. Гісторык Ігар Пушкін расказвае пра сталінскі тэрор

Магілёў. Міхась Булавацкі й дачка расстралянага сьвятара Ядзьвіга Антонаўна

Магілёў. Крыж памяці на праспэкце Дзімітрова>

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях