3 мая 2024, пятница, 23:54
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Новы год - ад развітання да сустрэчы

1
Новы год - ад развітання да сустрэчы

Апоўначы краіна перасякае тую загадкавую рысу. Нібы вандроўнік – дзяржаўную мяжу. Гадзіннік дасканала выконвае абавязкі строгага памежніка навагодняй ночы. Дванаццацю ўдарамі ён праштампуе нашы пашпарты. І ўсё – няма звароту.

У мінулае не перабегчы. Толькі наперад, у невядомы 2009 год. Якім ён будзе? Што рыхтуе?

Розныя чуткі хадзілі ў свеце пра гэты Новы год. І крызіс там жахлівы. І шалёныя хістанні на валютным рынку. І ўвогуле няведама што ўсіх нас там чакае. Але якім бы ён ні быў насамрэч, давядзецца кожнаму правесці дванаццаць доўгіх месяцаў на ягонай суверэннай тэрыторыі. І хочацца ведаць, будзе ён лепшым ці горшым, чым той, што ўжо застаецца ў мінулым. А таму, праводзячы год стары мілагучным звонам келіхаў, зусім не зашкодзіла б азірнуцца на гэты пройдзены шлях. Уважліва і нават прагматычна. Алгарытм паводзінаў грамадства ў мінулым падкажа сёе-тое і на будучае.

У выніковых аглядах ці не найбольшую цікавасць выклікаюць падзеі, звязаныя з рухам прадпрымальнікаў. Сапраўды, менавіта іх масавымі выступамі пачынаўся год. Імі і скончыўся. Але ж якое непадабенства у пратэстах студзеньскіх і снежаньскіх. На пачатку года пратэстоўцы, даведзеныя свавольствам улады да адчаю, выразна дэманстравалі гнеў і бязмежную рашучасць. А цяпер на вуліцы выйшлі нібы зусім іншыя людзі. Яны не толькі адразу пагадзіліся на прапанаваны ўладамі маршрут, але і папярэдзілі, каб палітычныя актывісты да іх не далучаліся. Нешматлікая калона прайшла па вуліцы Сурганава, дэманструючы хіба што сумнавядомую памяркоўнасць. Вялікі гандлёвы паход на Бангалор прынёс доўгачаканую палёгку. Пакутнікам, загнаным у кут, далі адтэрміноўку. А звыш таго - і бонус. Прыўладным цэрберам забаронена на пэўны час тэрарызаваць іх бясконцымі праверкамі. Выразнае дыстанцыянаванне ад апазіцыі і яе сымболікі ацэнена высока. Толькі з віншаваннямі не трэба тут спяшацца. Яшчэ невядома, чым фокус гэты скончыцца.

І ўвогуле – час сумны і няпэўны. Куды цікавей было б, узгадваючы год мінулы, найперш звяртацца да падзей у літаратуры ды мастацтве. Менавіта яны адлюстроўваюць выразна і яскрава сапраўднае жыццё краіны еўрапейскай. Але ж і тут Беларусь застаецца сумным выключэннем. Ідэалагічная касілка па нацыянальнай культуры прайшлася грунтоўна і старанна. Цяпер кожнае каліва на гэтым полі добра ведае дазволены стандарт. Мастацтва пакорлівых нікога не цікавіць. А таму зноў даводзіцца вяртацца да тэмы супраціву. Што рабіць, калі тут без палітыкі ўжо і крапіва нават не расце.

Безумоўна, на ролю адметнай падзеі года магла б прэтэндавць мінулая выбарчая кампанія. Толькі не з нашым шчасцем. Байкот выбараў у палатку мог выклікаць пэўную кансалідацыю грамадства. Аднак ідэя ў апазіцыйным асяроддзі шырокай падтрымкі не знайшла. Партыі паспяшаліся ўключыцца ў перадвыбарчыя гульні на ўмовах улады. І атрымалі тое, што атрымаць былі павінны, – поўную паразу. Сумны вынік нікому не патрэбнага змагання адразу паспяшаліся падаць у выглядзе істотнай перамогі. А то як жа – зняволеных палітыкаў вызваліў рэжым. І дзве беспрытульныя газеты вярнуў у шапікі. А калі моцна пашанцуе, то можа і мардавароты не будуць біць дубінкамі безабаронных дэманстрантаў. Чым не дэмакратыя?

Пасля такой выдатнай перамогі заставалася толькі пакорліва хадзіць на Бангалор. І паўтараць са скрухаю горкі наш радок: “Далёка нам яшчэ да Беларусі…” Але знайшліся тыя, хто не дазволіў году мінуламу застацца ў памяці безнадзейна змарнаваным. Шукаць паплечнікаў на грунце канфармізму не пажадала моладзь. Яна выдатна разумее, што рэжым – жалезабетонны. І рэфармаваць яго ніхто не можа. Ніколі і нікому не дазволіць ён тут жыць па законах цывілізаванага грамадства. У той краіне, дзе пануе ўлада правінцыйных вертыкальшчыкаў, можа быць прэстыжнай толькі адна прафесія – наглядчык. Вертухай. А ўсім тым, хто хоча рэалізаваць свае здольнасці і таленты, тут няма чаго рабіць.

Улада адчувае, адкуль сыходзіць небяспека. І таму кожны выступ маладых, кожны знак пратэсту выклікае брутальную рэакцыю. А вынік адваротны - ніякага страху. Яны смяюцца з гэтай безнадзейна старой, няўклюднай дыктатуры. Маладыя. Дзёрзкія. Прыгожыя. І што ім злосная, рэліктавая ўлада, калі няўмольны час – на іх баку.

А таму, сустракаючы і гэты Новы год, не варта нам палохаць адзін аднаго непазбежным крызісам ды іншымі вядомымі страшылкамі. Напэўна, цяжкасці не абмінуць нікога. Але як бы ўсё ні павярнулася, надзея беларусаў не пакіне. Бо ёсць у нас краіна. Не тая, што пачынаецца і канчаецца ў Драздах. Уласнасць, няведама чыя. З таварным штрых-кодам. У цяжкі час гатовая на продаж. А тысячагадовая Краіна Беларусь – ад Полацкага Княства, ад Вялікага Княства Літоўскага, ад БНР. Краіна са старажытным гербам і найпрыгажэйшым бел-чырвона-белым сцягам. Яна ад нас зусім ужо недалёка.

А якім ён будзе, гэты пакуль што незнаёмы год, ніхто не можа прадказаць. А таму проста павіншуем адзін аднаго. І пажадаем спраўдзіцца надзеям. Мінулы, 2008, таксама ўспомнім добрым словам. Ён скончыўся. Гадзіннік адлічыў дванаццаць.

І мы на цэлы год бліжэй да Беларусі.

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях