4 мая 2024, суббота, 0:18
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Калі народ у бядзе, ягоныя героі вяртаюцца ў новых пакаленнях

3
Калі народ у бядзе, ягоныя героі вяртаюцца ў новых пакаленнях

На мінулым тыдні ўлада зноў вяла ўпартыя баі. На ўсё тым жа Слуцкім напрамку. У авангардзе наступу, як і варта было чакаць, ішлі спецслужбы.

Ніводзін падазроны куст не пазбег пільнай іх увагі. На тое яны і спецслужбы – небяспеку чуюць за вярсту. Нібыта звычайная, на першы погляд, рыхтавалася ў сталіцы вечарына. У прыватным клубе. Не надта вялікая. Запрашальных білетаў распаўсюдзілі недзе каля сотні. Але прысвечана было гэтае мерапрыемства чарговым угодкам Слуцкага збройнага чыну. А таму паспяшаліся ў той клуб адпаведныя таварышы. І настойліва параілі дырэктару падпісаную і прафінансаваную дамову скасаваць. Зазірнулі і яшчэ раз. Каб пераканацца, што выконваецца парада бездакорна. Спроба ідэалагічнага прарыву ў стратэгічны тыл дзеючай улады спынена спецслужбамі рашуча.

І што найбольш цікава, нават цывільнае чынавенства з Мінскага аблвыканкаму, нібы той піянер, што некалі патроны падносіў чырвонаармейцам, паспяшалася да аперацыі вартавых бяспекі дадаць свае два грошы. Катэгарычна і без тлумачэнняў забаранілі Таварыству аховы помнікаў гісторыі і культуры праводзіць паездку ў тыя мясціны, дзе змагаліся ў дваццатым случакі. Здавалася б, чаго тут хвалявацца – усяго толькі краязнаўчая вандроўка. Але чыноўнікі ведаюць, што робяць.

Столькі гадоў запар улада заганяла джына ў бутэльку. Ужо шмат хто стаміўся ад бесперапыннага супрацьстаяння. І нават у шэрагах перакананых праціўнікаў рэжыму знаходзіцца шмат тых, каму ў дзеяннях улады хочацца бачыць нейкі сэнс. А магчыма, і памкненне да грамадскага паразумення. Наверсе настроі гэткія заўважылі. Але зразумелі па-свойму, як гатовасць заглынуць чарговы голы кручок. А тут раптам – Слуцкі збройны чын. Угодкі. Успаміны. Размовы пра не надта даўнюю вайну супраць чырвоных акупантаў. Як бы тут не сапсаваць знянацку рахманы вобраз беларускага народа, які жыццё аддаць гатовы за свайго ўсходняга суседа. А заадно і пастараль пра мудрага кіраўніка, які настойліва дамагаецца згоды ў грамадстве. Гэты немудрагелісты твор прыдворных ідэёлагаў ужо карыстаецца пэўным попытам у Еўропе. Там таксама спадзяюцца, што гэты неспакойны край нарэшце агорне цішыня.

А кожны напамін пра Слуцкі збройны чын так ці інакш узрывае гэтую цішыню. Парушае раўнавагу. І высвятляе зноў непрыемную для ўлады акалічнасць. Што дзяржава БССР, ад якой засведчыў сваё паходжанне кіруючы рэжым, - без каранёў. Сурагат. Марыянетка, створаная ў палітычных інтарэсах Савецкай Расіі. У той час, калі яна ўзнікла, народ інакш вырашаў свой лёс. І змагаўся не на яе баку.

У гэтай улады сёння добрыя дарадцы. І неблагія аналітыкі. Яны даўно ўжо вызначылі, адкуль ёй пагражае небяспека. Не шкадуючы ні сіл, ні сродкаў, рэжым вынішчае гістарычную памяць беларусаў. А без яе няма народа. Манкурта можна гнаць куды заўгодна. Ён пойдзе. На Захад. Ці на Ўсход. Яму ўсё адно. Трэба толькі няспынна разбураць усё тое, што абуджае памяць. А тым болей – гонар нацыі.

Рэжым засвоіў урок пачатку дзевяностых. Тады з цемры забыцця нечакана выйшла Гісторыя. І ўзняла нібыта маўклівых беларусаў да змагання за ўласную лзяржаву. Ледзь паспелі задушыць той непрадказальны ўздым. Таму для састарэлай ужо ўлады адзіны паратунак – вырасціць як найхутчэй пакаленні бяспамятных. Калі на пытанне пра Янку Купалу можна будзе пачуць ў адказ: “А гэта хто такі?” Тады ўжо і спецназ нарэшце зможа адпачыць. А пакуль у спецслужбаў шмат гарачай працы. І не цяжка зразумець, чаму так насцярожана ўспрымае ўлада нават самую нязначную спробу выхаду за калючы дрот яе ідэалогіі. І яна будзе да апошніх дзён настойліва сцвярджаць, што Беларуская Народная Рэспубліка – гэта выдумка нацыяналістаў. А Слуцкі збройны чын – увогуле злачынная акцыя супраць роднай савецкай улады.

Рэжым, які пануе сёння ў Беларусі, ведае цудоўна, што БНР створана народам. І ўсведамляе сваю няпоўнавартаснасць у параўнанні з тым Урадам, паўнамоцтвы якому былі нададзены Першым Усебеларускім з»ездам. А таму ідэёлагі не стамляюцца сцвярджаць, што БНР – не сапраўдная дзяржава. У яе не было нават свайго войска.

Нашым суседзям, акрамя ўсходніх, дапамагалі ствараць уласныя войскі або Нямеччына, або Антанта. Пастаўлялі ўзбраенне і амуніцыю. Накіроўвалі ваенных дарадцаў. І толькі Беларусі ніхто не дапамог. Але ў 1920-м, у самы безнадзейны час, калі ўсе былыя ворагі паміж сабой знайшлі паразуменне і пачалі рваць на часткі Беларусь, яе войска было створана. Усяго на некалькі дзён усходнія і заходнія акупанты пакінулі Слуцк. І там былыя афіцэры, салдаты, сяляне і нават гімназісты ў тым краі ўзяліся за зброю. І за некалькі дзён стварылі выключна боездольнае вайсковае фармаванне – Першую Слуцкую брыгаду. Тая брыгада, колькасцю да пятнаццаці тысяч ваяроў, абвесціла сябе Войскам БНР. Уступіла ў бой супраць расійскіх акупантаў, разгарнуўшы фронт амаль на шэсцьдзесят кілометраў. І пачала вызваляць нашы вёскі, мястэчкі.

У гэткія ж безнадзейна шэрыя дні, як цяпер, ішло тое зацятае змаганне. За незалежнасць. За Бацькаўшчыну. За сваю Дзяржаву. Першы снег зімы, на які пралілася кроў жаўнераў, стаў сцягам славы таго войска. І нашай надзеі. Амаль да Другой сусветнай у розных кутках краіны доўжыўся народны супраціў.

Нястомныя чакісты шмат гадоў агнём і жалезам знішчалі сляды беларускага збройнага чыну. Руплівая іх праца марнай не была. Над краем – цішыня. Здаецца, усе маўчаць. Але пра што яны маўчаць? І кіраўніцтва ўсіх узроўняў успрымае кожную вандроўку, кожную кветку да памятных крыжоў як пачатак нейкай катастрофы. Не варта туды ехаць. Не трэба ўспамінаць. Каб не абудзіць былое рэха. Хто ведае, а раптам недзе ў лесе каля Морачы ўсё яшчэ блукаюць Пракулевіч, Жаўрыд, Сокал-Кутылоўскі. А там далей – і Каліноўскі, і Касцюшка. Кажуць, калі народ у бядзе, ягоныя героі вяртаюцца ў новых пакаленнях. Можа дзе-небудзь яны ходзяць у школу. Або ўжо стаяць у пікетах. І толькі невядомыя пакуль іх новыя імёны. Уладзе цяжка жыць у гэтай Беларусі. Непрадказальная краіна…

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях