18 мая 2024, суббота, 9:11
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Вуліца для Маркса

5
Вуліца для Маркса

У гэтым Менску – як на вулкане. Жыве чалавек і не ведае, дзе раптам грымне. Гэтым разам магма кіраўнічай ініцыятывы выбухнула ў цэнтры. На вуліцы, якая носіць гордае імя аўтара “Капітала”, колішняга пралетарскага бестсэлера.

Увогуле, ідэя была добрая. Вуліцу ў цэнтры вызваліць ад транспарту, зрабіць пешаходнай. Паўсюдна гэткія ініцыятывы ўдзячныя месцічы сустракаюць радаснымі воплескамі. Ды толькі не тут, у зоне абсурду.

Гэта дзе-небудзь на захадзе пешаходную вуліцу адразу апануюць грамадзяне. Адчыняць прывабныя рэстаранчыкі ды кавярні, адмысловыя кнігарні ды невялічкія крамкі з рознай антыкварнай драбязой. Навешаюць на сцены дамоў скрыначак з пярэстымі кветкамі. І будзе на той вулічцы ўтульна і прыемна, нібы ў хаце дбайнай гаспадынькі. Але ж хіба ўсё тое можна ўявіць на вуліцы, якая носіць імя самога Карла Маркса? Дзе да таго ж ёсць дом, пазначаны магічнай лічбай 38!..

Ці не таму задоўга да здзяйснення чынавенскай задумы з’явіліся яе першыя ахвяры. Гэта старыя дамы, якіх, дзякуючы нястомным клопатам улады, у Менску ўжо кот наплакаў. А таксама іх агаломшаныя жыхары. Цяжкі, недынамічны кантынгент. Замест таго, каб хуценька разбегчыся ў спальныя раёны, як ім было загадана, наважыліся бараніць сваё жытло. Учынілі акцыю пратэсту. У цэнтры! Дадаўшы тым самым ці не найбольш важкі аргумент на карысць свайго непазбежнага адсялення.

Суседзі насцярожана назіралі, як дзівакі спрабуюць адстаяць свае правы. Назіралі здаля, каб выпадкам не раззлаваць начальства. Лепш не вытыркацца. Можа, тады іх дамы кіраўнічая маланка абміне. Наіўныя!.. Абы ідэя ўзнікла. А людзей тут ніколі і ніхто не пашкадуе. Пагоняць, нібы гэта іх закладнікі. Ды яшчэ падмануць – цынічна і нахабна.

Толькі параўнайце кошт кватэры на ўскраіне і тут, ў гэтым злашчасным цэнтры.

Варта азірнуцца, каб зразумець, што навокал нічога выпадковага няма. Саўмін, гарвыканкам, гэбуха, дзве турмы, генпракуратура, контрвыведка і святая святых – Карла Маркса, 38. Вось ён, ідэальны сацыялістычны цэнтр. І дзе ж у гэткім цэнтры месца жыхарам? І навошта яны там?

Гэбісты забегаюцца, правяраючы, ці зачынены ўсе форткі, калі паедзе міма найвышэйшае начальства або адбудзецца якая іншая падзея ў жыцці магутнай улады. І няма чаго крычаць, што высяляюць на ўскраіну. Вунь шмат хто з чынавенства падаўся аж у Дразды. Жывуць – не скардзяцца. Бо перад законам усе роўныя. Да таго ж было абвешчана, што Беларусь – сацыяльна арыентаваная дзяржава. А таму вуліцу ў цэнтры – пешаходам. А жыхароў – на ўскраіну, каб пешаходам тым не заміналі.

І ўсё ж якія стратэгічныя аб’екты плануюцца ўладамі на месца тых дамоў, што падлягаюць разбурэнню? Гарадское чынавенства свае задумы не хавае. Гэта будзе казіно, трохзоркавы гатэль і… паркоўка! Хіба не грандыёзна? Які размах кіраўнічай думкі!

У цэнтры горада, дзе зямля на вагу золата, паўстане ажно трохзоркавы гатэль. Ды яшчэ паркоўка. На пешаходнай вуліцы. Няйначай, аўтамабіль туды давядзецца заносіць на плячах. А можа, аматарам адмысловай той паркоўкі дазволяць з ветрыкам праляцець па пешаходнай?

Гэтыя ідыёцкія праекты для шматпакутнага Менска - зусім не выпадковасць. Аднойчы тут дарваліся да ўлады наменклатуршчыкі раённага ўзроўню. Цёмныя, кепска адукаваныя, але амбітныя надзвычай. І адразу пачалі ўсё перарабляць на свой капыл.

І Менск заблішчэў фальшывай пазалотай, нібы цётка на турэцкім рынку. Зніклі старыя, цудам ацалелыя куточкі. Штосьці плебейскае з’явілася ў абліччы горада. Гэты стыль быў калісьці добра вядомы ў расійскай правінцыі, у асяроддзі дробных купцоў і прыказчыкаў. І мае доўгую, але дакладную назву: “Сделайте нам красиво!”

І куды падзеліся адразу ўсе тутэйшыя архітэктары і мастакі? Такое ўражанне, што ў гэтым горадзе ніхто з іх нават і не начаваў. Не маглі ж, сапраўды, людзі з густам і прафесіяй так апантана кінуцца на паслугі да высокапастаўленых жлабоў, дагаджаючы старанна іх экзатычным пажаданням.

Нават у крымінальнай, наскрозь карумпаванай Маскве ўжо зразумелі, што казіно ў цэнтры – гэта сорам. І плануюць вынесці ўсё тое куды-небудзь у правінцыю, падалей. А тут – у самы цэнтр!

А магчыма, у казіно на вуліцы Карла Маркса і ёсць вялікі сэнс. Будзе красамоўнай ілюстрацыяй вядомага меркавання, што грошы не пахнуць. Дарэчы, і назва добрая ёсць. Той жа Маркс прыдумаў – “Капітал”.

Ужо недалёка час, калі ўвасобіцца ў бетоне, у шкле і гэтая задума ўлады. І будучыню тую няцяжка прыгадаць.

Ноч. Вуліца. Ліхтар. І ніякіх табе аптэк. Нідзе ніводнага асветленага акна. І нават казіно зачынілася, стаміўшыся. Толькі крочыць пільны амапаўскі патруль. А насустрач – самотны пешаход. Патруль добра ведае, што вуліца пешаходная і да вышэйзгаданай катэгорыі грамадзян чапляцца не варта. Тым больш, пешаход такі знаёмы. Невысокі, паважны. З вялікай сіваватай барадой. Кагосьці ён нагадвае. Ды гэта ж!..

Патруль прыцішана чаканіць крок. Ускідвае рукі да берэтаў. У вачах самотнага пешахода – удзячная сляза. Дзеля гэтага варта было жыць. Пісаць у халодным Лондане падручнік для пралетарыята. Вось дзе ажыццявіліся ягоныя ідэі. І нават вуліцы нададзена ягонае імя. Шкада, патруль ужо далёка. У якім жа гэта горадзе? Якая навокал краіна?

Няма ў каго спытаць!..

Написать комментарий 5

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях