24 декабря 2024, вторник, 20:02
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Аднойчы выйсці разам

Зноў усё той жа сцэнар. Аўтазакі, спецназаўцы, амапаўскія ланцугі. Тыя, хто наважыўся выйсці на плошчу, рассечаны на асобныя групы і выцеснены за яе межы. Усе подступы перакрытыя. Падазроных затрымліваюць і тут жа абшукваюць. Звесткі з цэнтра – нібы з надзвычайнай зоны. Схоплены і адвезены аж у Следчы аддзел МУС Аляксандр Мілінкевіч. Адвезена ў Цэнтральны РАУС Вольга Казуліна.

На вуліцы Інтэрнацыянальнай каля помніка постсавецкай эпохі – сцяны Цоя – проста на зямлі паселі фотажурналісты. Пратэстуюць, што іх не пускаюць на плошчу. Дзіўныя людзі! На плошчы кіпіць ударная міліцэйская праца. Навошта ж там сведкі, тым больш, з фотакамерамі?

А праца тая была натхнёнай і неадкладнай. Гэтым разам шыхтам наступаючых супрацьстаялі прадпрымальнікі. Яны выйшлі пратэставаць супраць катастрафічнага для іх указу нумар 760. Па розных звестках было іх там каля тысячы. А што для розных спецназаў нейкая тысяча? Размінка, не болей. Перамога была прадвызначанай і непазбежнай. Пратэстоўцы не паспявалі падлічваць страты.

Затрыманы грамадскі актывіст Вячаслаў Сіўчык і лідар прадпрымальнікаў Алесь Макаеў. Амапаўцы блакуюць выйсце з метро і выцясняюць людзей з універсаму “Цэнтральны”. Абураная пенсіянерка звярнулася да журналістаў: міліцэйскі начальнік, у якога яна паспрабавала даведацца, дзеля чаго трэба неадкладна пакінуць той універсам, проста паслаў яе на кароткі расійскі адрас. Але чым дапамагчы маглі беднай жанчыне журналісты? Калі б нават усіх, хто бачыў гэта мярзоцце, паклікаць у сведкі, высокі суд прпусціў бы ўсё тое міма вушэй. Гэта апазіцыя лаецца матам. А людзі ў пагонах, калі і дазволяць сабе нешта ненарматыўнае, дык толькі дзеля парадку. Каб падбадзёрыць адзін аднаго пры выкананні адметных службовых абавязкаў. Так было і ў гэты дзень – працавалі старанна, з выдумкай. Таму што справа была святая – стаялі на варце інтарэсаў працоўных.

Плошчу вунь вадой залілі. Каб народу было дзе ўволю пакоўзацца. І не бяда, што марозу няма. Калі-небудзь і тут падмарозіць. І зазвініць пад канькамі лёд. А тут выйшлі нейкія, радасць народную адбіраюць. А таму і каманда з гукаўзмацняльніка прагучала дасціпна і нечакана: “Адзеньце ўсмешачкі і будзьце добранькімі!” І яны працавалі з усмешачкай. Выканалі ўсё, што патрабавала начальства. Плошча апусцела. Толькі некалькі дзесяткаў пратэстуючых рушылі яшчэ да тэлебачання на Камуністычную. Але і там чакаў іх спецназ.

Можа, і ўвогуле не варта было прадпрымальнікам выходзіць на тую плошчу?

Выходзіць варта. Кожная акцыя, чым бы яна ні скончылася, - гэта нейкі крок. Пэўны ўчынак. Для кожнага, хто адолеў страх, прыняў у ёй удзел. Вядома, указ той ніхто не скасуе. А нават калі б і здарыўся гэткі цуд, замест яго з’явіліся б новыя ўказы. У параўнанні з якімі нават гэты выглядаў бы кветачкай на вясновым лузе.

Пры існуючай уладзе да лепшага умовы жыцця прадпрымальнікаў змяніцца не могуць. Бяда не ў тым, што ў бюракратычным асяроддзі нараджаецца часам папера, якая істотна пагаршае ўмовы іх працы. У краіне цывілізаванай гэта сапраўды можна было б выправіць у выніку пэўных перамоваў ды акцый пратэсту. Але тут – зусім іншае. Беларусь – краіна, дзе захаваўся савецкі лад жыцця. І яго рэліктавая эканоміка. У якой усё вырашае каманда начальніка. Прыватная ініцыятыва ў гэткую сістэму не ўпісваецца. І ў кіраўніцтве былога Саюза знаходзіліся адмыслоўцы, якія выдатна разумелі, што чакае краіну ў будучыні. Прапаноўвалі рэформы. І нават іх пачыналі. І спынялі ў хуткім часе. Таму што адразу было відавочна – без свабоды нічога не будзе. А свабода і савецкі лад існаваць адначасова не могуць.

Лёс прадпрымальнікаў ў гэтай краіне прадвызначаны. Саўковая эканоміка канкурэнцыі з імі не вытрымае. А таму выкараненне прыватнай ініцыятывы тут непазбежнае. Не мудрага ўказу бракуе сёння прадпрымальнікам у Беларусі. Ім. як і ўсёй краіне, бракуе свабоды.

Вядома, змагацца за свае правы можна і паасобку. Пісаць куды-небудзь скаргі. Дамагацца адмены нейкай паперы. Зноў і зноў у невялікай колькасці выходзіць на вулічныя акцыі. А потым у глухім завулку ўпотай выціраць злыя слёзы роспачы. А можа, варта было б успомніць, што ёсць у нашай мове цудоўнае слова – разам.

І выйсці на плошчу не безабароннай жменькай перад шыхтамі адкормленых карнікаў. А народам, ад якога карнікі тыя разбягуцца па сваіх норах. Бо нават самыя цёмныя з іх у гэткія моманты раптам усведамляюць, што не кожнае злачынства бывае беспакараным.

Колькі ж яшчэ спатрэбіцца беларусам вось гэткіх расчараванняў, каб зразумець, што паасобку тут нікому нічога не дамагчыся. Свабоду краіне не вернуць дыктатары. Не здабудуць суседзі. Гэта здолеем зрабіць толькі мы.

Разам.

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях