18 мая 2024, суббота, 7:43
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Лісты ў краіну глухіх

5
Лісты ў краіну глухіх

Такога яшчэ не было. Беларусь не адзначыла святую дату. 170-я гадавіна з дня народзінаў Кастуся Каліноўскага прайшла ў поўнай цішыні. Не выйшаў з кветкамі народ.

І нават моладзь не ўзгадала, што яе пратэстныя намёты стаялі некалі не на кастрычніцкім бруку, а на Плошчы, названай у тыя дні імем Каліноўскага. Ледзь ачуняўшы ад бясконцай летаргіі, Беларусь паспяшалася зноў ператварыцца ў краіну глухіх. Нават у савецкія часы знаходзіліся рупліўцы, якія дамагаліся і выхаду нейкіх кніжак, і правядзення навуковых канферэнцый, і шматлікіх публічных чытанняў.

Ва ўсякім разе, імя ягонае ў лютаўскія дні гучала ў Беларусі. Цяпер – маўчанне. Не пра ўладу размова. Якраз яна на вышыні. Спадкаемцы галоўнага карніка ўзводзяць над нейкім новабудам ў гістарычным цэнтры Мінска цыбуліны чарговай “мураўёўкі”. Імперыя спяшаецца пазначыць тэрыторыю. Калі гэтак пойдзе і надалей, то ўжо недзе побач узнікне і помнік незабыўнаму вешальніку. Менск не Вільня. Тут ён будзе сябе ўтульна пачуваць.

Ды не, ніхто не забыўся, што суполка “Пагоня” наладзіла мастацкую выставу, прысвечаную Каліноўскаму. У маленькай залі. На сядзібе БНФ. І гэта ўсё, што можа Беларусь?.. “А дзе ж тыя ваяры, што са мной хадзілі ў Крым?” Так, не пра нас тая песня. І пра гонар і годнасць узгадваюць найчасцей хіба што ў судовых працэсах, калі хтосьці з чынавенскай чэлядзі прагне спагнаць з каго-небудзь вялікія грошы.

А што ж палітычныя партыі нашы? Берагуць свае сілы для вялікіх народных узрушэнняў? Чакаюць усеагульнага абурэння з нагоды чарговага ўзлёту цэнаў ды іншых свавольстваў улады? Доўга будуць чакаць.

Ну, што ж… Не адзначылі, дык не адзначылі.

Ні Каліноўскаму, ні іншым героям таго паўстання ўвага баязліўцаў не патрэбна. Ім славы не займаць. А гэтыя ўгодкі, што прайшлі, былі патрэбныя нам. Як і тыя, што будуць вясной, – у Дзень Волі. Як і ўсе іншыя даты нашай гісторыі. Яны патрэбныя нам. Толькі нам. Як вада. Як паветра. Бо без іх няма краіны. Няма нацыі. І тупую абыякавасць грамадства да ўсяго гэтага нельга апраўдаць нічым.

Напэўна, мы самі сябе перахвалілі. Такія працавітыя, такія талерантныя, добразычлівыя. Нідзе ў свеце гэткіх няма. І ніяк не ўдаецца зірнуць на саміх сябе без захаплення ды нічым не абгрунтаванай эйфарыі. І сапраўды, калі мы не хочам размаўляць на сваёй уласнай мове, зберагаць усё тое, без чаго народа не бывае, дык хто ж мы?..

Усё скардзімся – улада замінае! А якая ў нас можа быць улада, калі мы нават гістарычнай памяці не маем. Усё, што маглі, раздалі па суседзях. І тое, што ёсць, шанаваць не ўмеем. Як толькі знаходзілі нешта вартае ўвагі, паспешліва неслі ў Маскву. Можа, пахваляць! Няма чаго здзіўляцца, што матэрыялы следства па справе Каліноўскага ды іншых паўстанцаў не ў нашых, а ў літоўскіх архівах.

Што ўзнагарода ліцвіну – герою паўстання, шабля з выявай пагоні не тут, а ў музеі Войска польскага. Тутэйшыя начальнікі даўно б загадалі крамольную выяву сарваць, а шаблю перадаць у сувораўскую вучэльню ці куды-небудзь яшчэ. Не бывае нічога выпадковага ў гісторыі. Усё самае недарэчнае і нечаканае мае глыбокія карані.

Тым больш – беспамяцтва.

Не шануем сваёй гісторыі, не памятаем імёны сапраўдных змагароў, спадзяемся на чужое. Калі надта хочацца, можна жыць і гэтак. Вось толькі выкрэсліць з памяці нічога не магчыма. И калі-небудзь нават тут, у Беларусі, напэўна ж успомняць, што жыў калісьці на гэтай няўдзячнай зямлі Вікенці-Канстанцін Каліноўскі.

Малады. Таленавіты і адважны. Выпускнік Пецярбургскага універсітэту. Кандыдат правоў. Бліскуча адукаваны, ён мог цудоўна ўладкавацца і ў той імперыі. Але ён добра ведаў, дзе яго Бацькаўшчына. І ў якім яна стане. І ён зрабіў свой выбар: “Пасля векавой няволі мы ўсталі сёння на апошняе змаганне, без палкоў і зброі, аднак больш грозныя для ворагаў, чым калі-небудзь, з усведамленнем уласных сіл, без разліку на чужую дапамогу”.

І Яська-гаспадар з-пад Вільні ўзняў свой голас у абарону забранага краю. Выдатны палітык, паўстанцкі кіраўнік пачаў вызвольную вайну. Яны ўсе тады былі адважнымі, свабоднымі, маладымі. Але зусім не наіўнымі. І змаганне з імперыяй яны не прайгралі. Проста, як тут бывае, выйграла подласць і здрада. І волі чакаць давялося яшчэ стагоддзе. І яшчэ шмат дзесяцігоддзяў. Чаканне тое доўжыцца і сёння.

У тыя дні, калі ўжо надзеі не было, Кастусь Каліноўскі напісаў свае апошнія радкі. “Пісьмы з-пад шыбеніцы”, адрасаваныя тым, каго ён найбольш любіў. Марысі, каханай. І свайму народу. На апошняй мяжы гавораць толькі тое, што не прамовіць немагчыма. “Я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжэ не будзе”.

Не падобна на тое, што гэты ліст дайшоў. Магчыма, ён недзе ўсё яшчэ блукае. Але напэўна ж дойдзе. Як толькі адрасат насамрэч стане гэткім, як пазначыў у лісце сваім Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Народам з вялікай літары.

Написать комментарий 5

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях