18 мая 2024, суббота, 8:02
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Свабода чакае нас на плошчы

5
Свабода чакае нас на плошчы

Вясна. Сакавік. Дзень нашай Волі. Дзевяноста гадоў з таго дня, калі Беларусь аднавіла сваю дзяржаўнасць. Не ўзгадаць нам краіну, у якой падзея такога маштабу не была б абвешчана усенародным святам. Такое магчыма толькі ў Беларусі.

Кожнае пакаленне тутэйшых уладароў лічыла сваім абавязкам змаганне з Беларускай Народнай Рэспублікай. Яно і зразумела. Краіну стварае народ. Не мог жа ён стварыць сабе амаль у адзін год і БНР, і БССР. Таму па вялікім рахунку змаганне ішло і ідзе за легітымнасць улады. Бальшавікі наіўнасцю не вызначаліся. Цудоўна яны разумелі, што як ні аздабляй гісторыю ўтварэння БССР, а шыла ў мяху не схаваеш. Сапраўднае волевыяўленне беларускага народу, які абраў незалежнасць, страшэнна іх напалохала. І яны паспяшаліся стварыць яе бальшавіцкі аналаг – незалежнасць на маскоўскім ланцугу. Так спяшаліся, што ў мітусні не заўважылі нават, што ў кіраўніцтве “дзяржавы” няма ніводнага беларуса.

Няшчасную ССРБ то скарачалі да некалькіх паветаў, то ўлівалі ў гэткі ж марыянеткавы ЛітБел. А потым паловай яе тэрыторыі разлічыліся з палякамі, каб тыя Савецкую Расію пакінулі ў спакоі. Няўжо пасля ўсяго, што нарабілі тут расійскія бальшавікі, можна ўсур’ёз гаварыць пра тое, што ўсходнія суседзі былі зацікаўлены ў аднаўленні нашай дзяржаўнасці? Навошта ж тады з такой садысцкай упартасцю знішчалі яны самых здольных, таленавітых людзей гэтага краю, старанна ператвараючы народ у маўклівы натоўп?

Не хацела Расія ніякай там Беларусі. Як таго не хоча яна і сёння. Адкрыта, не саромечыся, на прэзідэнцкім узроўні абвяшчае аб намеры аншлюсу: Беларусь павінна ўвайсці ў склад Расіі шасцю абласцямі. І гэта зразумела. Яны ж стварылі тую БССР. Яны, калі захочуць, яе і ліквідуюць. А чынавенства, гатовага гаспадару пры гэтым паслужыць, ніколі тут не бракавала.

Пытанне пра тое, з БНР ці з БССР паходзіць адноўленая наша дзяржаўнасць, зусім не рытарычнае. Гэта пытанне пра тое, ёсць у нашай краіны будучыня ці яе няма. Шмат хто ўжо даўно зразумеў, што бэсэсэраўскі шлях вядзе да згубы, да непазбежнага сыходу нацыі ў нябыт.

Тады, у снежні семнаццатага, калі на Першы Усебеларускі з’езд сабраліся 1872 дэлегаты з усёй краіны, яны не былі, як на савецкіх “народных” сходах, прыхільнікамі адной партыі. Яны прадстаўлялі розныя палітычныя плыні і ўсе слаі грамадства. Гэта былі дэлегаты народа. І было іх у тры разы болей, чым на Другім Усерасійскім з’ездзе Саветаў.

Братняя Расія ў асобе свайго бальшавіцкага авангарду ўварвалася на Усебеларускі з’езд і паспрабавала прыкладамі салдацкіх вінтовак скіраваць нашу гісторыю ў патрэбнае рэчышча. Але дэлегаты, баронячы ўваходы ад націску ўзброенай каманды камісара Крывашэіна, паспелі прыняць пастанову аб самавызначэнні і абранай з’ездам Раддзе надаць ўсе неабходныя паўнамоцтвы па будаўніцтву беларускай дзяржавы. У паравозным дэпо, пад аховай мінскіх чыгуначнікаў, Рада з’езду абрала першы народны ўрад – Выканаўчую Раду.

Можна сёння як заўгодна дыскрэдытаваць БНР, але гэтыя факты схаваць немагчыма. І волю народа забараніць нельга. А таму ўся пазнейшая прапаганда была скіравана найперш супраць тых, хто 25 сакавіка 1918 года абвясціў усяму свету аб утварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Маўляў, паспяшаліся яны. Не ўсвядомілі ўсёй драматычнасці тагачаснага стану краіны. І ўвогуле, рамантыкі яны. Які сэнс абвяшчаць незалежнасць, калі краіна пад акупацыяй?

Знайшлі чым папракаць! З васемнаццатага стагоддзя доўжыцца не тая дык іншая акупацыя. І калі здаецца ўжо, што ўсё безнадзейна, з’яўляецца раптам Касцюшка. І вядзе касіньераў супраць войска Суворава. І бачыць свет, што ёсць тут народ. Калі ж усё патанае ў цемры і забараняюць нават мову, чуецца голас Каліноўскага: “Ты, Народзе, з чым можаш ідзі ваяваці за свайго Бога, за сваё права, за сваю хвалу, за сваю Бацькаўшчыну!”

Якая там рамантыка!.. 3 сакавіка 1918 года Расія і Нямеччына падпісалі Брэсцкую мірную дамову. Паводле яе бальшавікі амаль усю Беларусь аддавалі немцам. Значная частка заходняй яе тэрыторыя са згоды расійцаў атрымала назву Новая Прусія і была ўключана ў склад Нямеччыны. Мінская губернія, большая частка Віцебскай і Магілеўскай лічыліся акупаванай тэрыторыяй. Брэсцкай дамовай было вызначана, што “Россия отказывается от всякого вмешательства во внутренние дела этих областей. Германия и Австро-Венгрия намереваются определить будущую судьбу этих областей”.

Вось так! Здалі і аддалі. Мы рэальна знікалі з мапы свету. З ласкі нашага найдаражэйшага суседа, які бачыў тут толькі пэўную колькасць квадратных кіламетраў і разлічваўся імі ў цяжкія моманты то з немцамі, то з палякамі.

Але абраннікі народа, якія пасля разгону з’езду два месяцы заставаліся ў падполлі, паслядоўна рыхтавалі бездакорную юрыдычную абарону краіны. Варта перачытаць усе тры Устаўныя Граматы, каб пераканацца, як гэта няпроста было ў тых безнадзейных абставінах. І якога разумення гісторыі, тагачаснай палітыкі ды яшчэ асабістай мужнасці запатрабавала ўсё гэта. І чым жа аддзячыла ім БССР, якая і ўзнікла толькі як бальшавіцкая альтэрнатыва нежаданай той БНР? Амаль усіх, хто застаўся ў краіне і не паспеў памерці, знішчылі ў сталінскіх засценках. Каб і ўспаміну пра іх не было.

І нават праз дзевяноста гадоў народ усё яшчэ пазбаўлены магчымасці аддаць належнае дзеячам БНР. Няма на Беларусі помнікаў тым людзям. Няма імёнаў іх у назовах вуліц і плошчаў. І нават свята наша спадкаемцы БССР намагаюцца загнаць у гета – на пустку Бангалор. Не выключана нават, што па сваёй убогай завядзёнцы ў святочны дзень упрыгожаць яны горад аўтазакамі і шыхтамі карнікаў.

Гэта іх падсвядомы, рэліктавы страх.

Яны і сёння баяцца БНР. І добра ведаюць цану таму муляжу, які створаны быў замест расстралянай бальшавікамі Рэспублікі. Але штыхі яшчэ не ўратавалі ніводзін фальшывы рэжым. Не ўратуюць і аўтазакі. З кожным днём у гэтай краіне ўсё меней баязліўцаў. Усё болей вольных людзей. І ад іх не схаваць ужо 25 сакавіка, той дзень, калі народ Беларусі абраў шлях свайго Адраджэння. Шлях БНР. З глыбінь стагоддзяў. Ад Полацкага княства. Ад Вялікага княства Літоўскага. Праз пакуты і страты. Праз паўстанні і войны. Цераз плошчу. Да свабоды.

Написать комментарий 5

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях