18 мая 2024, суббота, 9:11
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Дзесяць год побач з пеклам

3
Дзесяць год побач з пеклам

Як жыць у Беларусі? Дзе старанна падзелены людзі на сваіх і чужых. І ўсялякая ініцыятыва непазбежна вядзе за краты. Бо на кожным кроку – знак забароны.

Каб нічога не парушыць, сядзець трэба ціха. Без каманды не вытыркацца. У кожнага тут свая роля. У большасці – незайздросная. Краіна маўклівая. Пакорлівая. Для людзей здольных, актыўных – зусім непрыдатная. Сапраўды, як ім тут жыць?

Але знайшоўся чалавек, якога вывучэнне мясцовых варункаў захапляла не надта. Часу ў яго на тое не было. А працы – процьма. Яшчэ невядома, ці адолеў бы яе нават даследчы інстытут. А ён узяўся адзін. І адолеў. Падрыхтаваў і выпусціў у свет дванаццаць тамоў унікальнага ў гісторыі Беларусі даследавання. У гэтых кнігах – імёны і кароткія біяграфіі тых, каго праглынуў ГУЛАГ. Тысячы, дзесяткі тысяч імёнаў нашых грамадзян, якім савецкім рэжымам было адмоўлена ў праве жыць на гэтай зямлі. А шмат каму – на гэтым свеце. Імёны тыя знікнуць маглі бясследна. Назаўсёды. Але вярнуў іх з нябыту Леанід Маракоў, беларускі пісьменнік. 15 красавіка яму споўніцца 50.

Ён з ліку тых людзей, якія не прападуць і на пустыннай выспе. Ва ўсякім разе, у Беларусі мог бы ўладкавацца бесклапотна. Але абраў сабе тут іншы шлях. Гэта хлусня, што ад аднаго чалавека, тым больш, не надзеленага пасадай, нічога не залежыць. Яшчэ як залежыць!

Мог за яго выканаць тую працу хто-небудзь іншы? Наўрад. Бо гэта не праца. Гэта – катарга. Дзесяць год запар сыходзіць у пекла, каб вырваць з нябыту яшчэ некалькі забытых імёнаў. Кожны дзень з ранку да позняга вечара сядзець за кампутарам, удакладняючы сабраныя звесткі аб жыцці і смерці тысяч і тысяч людзей. Дванаццаць тамоў – сапраўдная энцыклапедыя сталінскіх рэпрэсій у Беларусі. Цяпер нават у нашай краіне, якая пакутуе ад правалаў у памяці, будуць подлымі хлусамі выглядаць усе тыя, хто скажа, што генацыду беларускага народа не было. Ужо дакладна вядомыя імёны людзей, якія ў тыя гады тут жылі. І якіх пачварная улада выракла на згубу.

Леаніду Маракову не аднойчы даводзілася ўсё пачынаць нанова. У савецкія часы працаваў ён на заводзе імя Арджанікідзе. Быў адным з лепшых адмыслоўцаў. Рыхтаваўся ў аспірантуру. Але надышоў 1991 год. Краіна развіталася з былымі забабонамі. З Захаду патокам пайшлі кампутары. І вытворчасць айчынная была ўжо нікому не патрэбнай. Леанід Маракоў і ў катастрофе той не разгубіўся. З даўнім сябрам заснаваў на Далёкім Усходзе фірму, якая пастаўляла кампутары на бязмежны расійскі рынак.

Праз некалькі год вярнуўся ў Мінск. Толькі на кароткі адпачынак. Але ў той час патэлефанавалі яму з адной сталічнай газеты. І спыталі, ці няма ў яго якіх-небудзь матэрыялаў аб жыцці ягонага дзядзькі Валерыя Маракова. Беларускага паэта, расстралянага ў трыццаць сёмым.

У сем’ях рэпрэсаваных, каб выпадкам не сапсаваць жыццё дзецям, на гэткія тэмы не размаўлялі. Але не мог ён паехаць з Мінску, не даведаўшыся пра дзядзьку нічога. Пайшоў ў архівы. Пачаў шукаць сведкаў тых падзей. Даўно скончыўся адпачынак. Даўно адноўлены былі невядомыя старонкі з жыцця сям’і Мараковых. А ён усё разбіраў жудасныя завалы не такой ужо даўняй айчыннай гісторыі. З таго часу прайшло дзесяць год. Выходзілі з друку кніга за кнігай. Дзяржава ў іх патрэбы не мела – не тая тэма. Даўно скончыліся некалі заробленыя грошы. І на кожны новы том трэба было знайсці сродкі. А потым яшчэ і выдавецтва, якое не пабаялася б гэткую літаратуру друкаваць.

Аднойчы на дасвецці ён каля кампутара страціў прытомнасць. Пасля некалькіх тыдняў ў шпіталі доктар сказаў яму тое, што ён і сам ужо ведаў. Так працаваць нельга. Гэта вышэй мяжы, якая дадзена чалавеку прыродай. Трэба спыніцца.

Так, напэўна. Але ж колькі яшчэ імёнаў не вернута з гулагаўскай цемры. І нават з простага іх пераліку ўжо добра відаць, што не было выпадковасці ў арыштах і расстрэлах. Людзі павінны ведаць пра тое. Не бандытаў і шпіёнаў лавілі чэкісты на нашай зямлі. Улада свядома вынішчала разумных.

У адной з апошніх кніг, якая выйшла пад назвай “Ахвяры і карнікі”, пададзены успаміны Яўхіма Гаварушкі, якога арыштавылі ў снежні трыццаць шостага. “Следчы сцвярджаў, што “падпішыце вы пратакол допытаў ці не, мы ўсё роўна асудзім. Бадай усім дзесяці былым студэнтам газетна-выдавецкага аддзялення дадзім па 10 год, а вам – 6”. “А чаму?” – спытаўся я. “А таму, што вы не вінаваты. Мы доўга думалі, ці браць вас. А потым вырашылі – узяць, бо вы таксама не дурны мужык, а ў нас ёсць загад народнага камісара Яжова убраць усіх разумных інтэлігентаў. Такі загад ён даў нам, калі прыязджаў у Мінск”.

Час даўно не той. І свет ужо іншы. І магчымасці ў сённяшніх карнікаў далёка не тыя, што былі ў трыццаць сёмым у сталінскіх катаў. Але які знаёмы почырк!

Як жыць у гэтай Беларусі?

Каб жа тое ведаць…Зразумела, што шляхам Леаніда Маракова наўрад ці хто пойдзе. Пачаць з нічога вялікую працу, узяць на сябе адказнасць можа далёка не кожны. Цяжка. Невыгодна. Небяспечна. Але ж і пакутваць бясконца над праклятым пытаннем не выпадае. Дык можа, паспрабаваць хоць аднойчы таксама што-небудзь здзейсніць на карысць Бацькаўшчыны. Нейкі ўчынак. Кожнаму, хто яшчэ здольны на тое. Гэткіх тут далёка не дзевяць мільёнаў. Але ж і не мала. І калі на тое наважацца ўсе, колькасць непазбежна пяройдзе ў якасць. І хто ведае, можа тады мы ўбачым нарэшце краіну, якую так доўга шукаем. І ўсё ніяк не знойдзем.

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях