18 мая 2024, суббота, 8:46
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Аўтазак з Чарнобыльскага шляху

7

Чарнобыль беларусаў не цікавіць. Той, жахлівы, ужо далёка. А новы пакуль яшчэ не збудавалі. Нядзельным ранкам прагледзеў на незаблакаваных сайтах рэпартажы з Чарнобыльскага шляху. Каментароў – ноль. Не сенсацыя. Не тэма нават.

Тым болей, і затрыманняў не было. Спецназаўскі начальнік, як звычайна, выйшаў на рубеж. Але сядзеў ў машыне і некаму ляніва паказваў фак. Ангельскі аналаг расійскай брыдоты.

І толькі наіўная прырода не падзяляла чамусьці агульны настрой. Яна настойліва намагалася нагадаць тупому грамадству той даўні дзень. Калі гэтак жа раптам запанавала вясна. Шчодра свяціла лагоднае сонца. І млела зямля ад стомы і няўхільнага набліжэння травеньскай квецені. Дзікімі і недарэчнымі здаліся тады першыя трывожныя чуткі.

Вядомы навуковец, які працаваў у той час у Інстытуце ядзернай энергетыкі, скарыстаўшыся адсутнасцю шэфа, з ягонага габінета патэлефанаваў па вяртушцы ў ЦК. І вельмі адказнаму партыйнаму кіраўніку патлумачыў, што неабходна як найхутчэй вывесці ўсе палівачныя машыны і старанна прамыць горад. Высокі таварыш гнеўна спыніў нахабнага навукоўца. І папярэдзіў, што калі яшчэ дзе-небудзь пра тое ён скажа, пакладзе партбілет. Па тым часе не жарты.

Шмат хто спрабаваў тады дастукацца да глухіх. Але дарэмна. Партыйнае кіраўніцтва ўжо атрымала дырэктыву Масквы: любой цаной спыніць магчымую паніку. І яно старанна выконвала загад. І цана сапраўды была жахлівай. Але каго цікавіць сёння тая даўніна?

На зыходны пункт сёлетнега Чарнобыльскага шляху я прыйшоў за 15 хвілін да прызначанага часу. На пляцоўцы перад Акадэміяй людзей было наўрад ці болей сотні. Усе спяшаліся міма. Ці не першы па-вясноваму цёплы дзень. Які там Чарнобыль! Не хочацца думаць пра тое.

Каб час не марнаваць у чаканні, пайшоў па наваколлі. А яно было цікавым, тое наваколле. На аўтастаянцы каля патрульнай машыны нейкі чын у цывільным даваў апошнія парады падначаленым. Кароткастрыжаныя малайцы, апранутыя ў аднолькавыя скураныя курткі, уважліва слухалі кіраўніцтва. А крыху далей, на вуліцы Акадэмічнай, стаялі ўжо амапаўскія аўтобусы. Нічога новага. Усё як звычайна.

А тады, у восемдзесят шостым, краіна з неверагодным імпэтам рыхтавалася да Першамаю. Нават у райцэнтрах павінны былі прайсці дэманстрацыі працоўных. А як інакш развеяць недарэчныя чуткі замежнай прапаганды? Увесь свет павінен быў пераканацца ў тым, што ў Беларусі ўсё спакойна. На трыбунах стаялі злачынцы. А дзеткі ў чырвоных гальштуках праходзілі міма, уздымаючы гібельны пыл. За гэтай подласцю з замілаваннем сачыла Масква. Самая савецкая з рэспублік у цяжкі час спраўдзіла надзеі кіраўніцтва.

А на пляцоўцы каля Акадэміі сабралася тым часам шмат людзей. І ўжо хваля бел-чырвона-белых і еўразвязаўскіх сініх сцягоў гойдалася над імі. Ішоў мітынг. І тут усё – як звычайна. Як заўсёды. Я сустрэў там сяброў. Некаторых даўно не бачыў. Дамовіліся адразу пасля мітынгу куды-небудзь пайсці. Бо тут асабліва не пагаворыш. А ўдзельнічаць у шэсці па Сурганаўскім маршруце, ад якога не здолелі адбіцца кіраўнікі апазіцыі, ахвоты не было. Але раптам здарылася нечаканае. Сёй-той з лідэраў, прамаўляючы, пачаў заяўляць, што на Бангалор не пойдзе. І зрабілася неяк няёмка. Дык што, хіба гэта мы збіраліся на сабачую тую пляцоўку?.. А раней адмовіцца было нельга? Моцна грукнуць дзвярыма. Калі ж не атрымалася загаддзя, то вось тут і прапанаваць нешта іншае. Годнае і рашучае. Мы што, са сцягамі сюды прыпёрліся, каб толькі гэта пачуць?

Пры такім нечаканым раскладзе давялося забыць прыватную нашу задуму. І пайсці з усімі разам. Не пайсці было ўжо нельга. Бо зашмат раптам з’явілася вінаватых у тым, што ісці давядзецца ганебным маршрутам. Такіх набіралася тысячы дзве. І ўжо рухалася калона. Прынцыповых можна суцешыць. На Бангалор ніхто не збіраўся. Мэтай руху была царква Маці Божай Чарнобыльскай. А гэта не адно і тое ж.

Шэсце было дазволена ўладай. Але як жа тая ўлада, умее давесці да кожнага, што яна чхаць хацела на ўласны дазвол. Калона была вялікай. Займала некалькі кварталаў. А ісці па ходніках тройчы клятай вуліцы Сурганава немагчыма. І вельмі небяспечна. Там на кожным кроку нейкія выгарадкі, перашкоды, бетонныя ганкі. Дэманстранты здзіўляліся, чаму нельга прапусціць калону, вызваліўшы на некалькі хвілін адзін бок вуліцы. Але дзе там! Здзек над людзьмі закладзены ўладай у “дазвол”. Гэта складовая частка аднойчы знойдзенага вычварэнства.

Па дарозе мы ўзгадалі Чарнобыльскі шлях дзевяноста першага года. І тады ўлада на Беларусі была безнадзейна тупой і злоснай. І амапаўскімі кардонамі спрабавала спыніць калону. Але колькі ж выйшла людзей! І не скардзіўся ніхто, што канфіскавалі ўлёткі і няма інфармацыі. Час, вядома, не той. Але нават і сёння нас было б нашмат болей. Што мы дзелім? Паасобку куды мы дойдзем?

Калі ўжо наблізіліся да царквы, хтосьці ўскрыкнуў: глядзіце, колькі людзей – там яшчэ калона! Так, людзей шмат. Але ж гэта была не калона. Чарга. Вялікая, нібы у савецкі час. Вернікі прынеслі на асвячэнне прысмакі. Вялікдзень!..

Вярталіся мы той жа вуліцай. Бярозавы гай каля царквы быў поўны ранняй лістоты і доўгачаканага сонца. А ўздоўж ходнікаў цягнуўся абрыдлы ланцуг амапаўскіх аўтобусаў з чорнымі вокнамі. Ланцуг замыкаў аўтазак. Вялізны, нібы саркафаг. Не, яны нікога ў той дзень арыштоўваць не збіраліся. Проста гаспадар Драздоў пра шэсце ведаў. І яго ўдзельнікам перадаў гэткім чынам сваё прывітанне.

Написать комментарий 7

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях