18 мая 2024, суббота, 7:49
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Зноў наш Гамлет на раздарожжы

10
Зноў наш Гамлет на раздарожжы

Восень зусім недалёка. І заўважыць не паспеем, як лета прамільгне. А там – чарговыя выбары. І спрадвечныя пакуты беларускага Гамлета: ісці на іх ці не ісці?

Ды што там прынц дацкі! Калі ён задаваў сабе пытанне – быць або не быць? – у яго сапраўды быў выбар. І гэта зразумела. У тым змрочным Эльсіноры падзеі разгортваліся па законах трагедыі.

А на сцэне тутэйшай ужо чатырнаццаты год ідзе недарэчна зацягнуты фарс. І ніякія законы да яго дачынення не маюць. Бо ў гэтым абсурдным спектаклі ўсё залежыць ад імправізацыі галоўнага і, да таго ж, адзінага актора. Дзверы ў глядзельную залю хтосьці замкнуў. Ключ некуды знеслі. І хочаш, не хочаш, а трэба глядзець на сцэну. А там – такая навіна! – чарговыя выбары. Ісці? Не ісці?..

Наконт тых выбараў начальнік краіны дазволіў сабе дасціпную фантазію. Магчыма, два, а то і тры кандыдаты ад апазіцыі пройдуць у дэпутаты. Калі ўлада палічыць іх вартымі таго. Калі пашанцуе, і ўключаць у спісы. Калі прынцыповы электарат іх абярэ. Адным словам, калі здарыцца цуд.

І што тады? Будзем святкаваць перамогу?

Напэўна адсвяткуем. Толькі не сваю. Міжнароднай супольнасці давядзецца прызнаць легітымнасць выбараў. А чаму ж не? Апазіцыя ўдзельнічала. Нечага там нават дамаглася. Вядома, вынік сціплы. Але з цягам часу… Калі-небудзь потым…

Была ўжо некалі гэткая прыблізна перамога. У палатцы аднадумцаў пачаліся раптам хістанні. І ў асяроддзі прасеяных старанна дэпутатаў узнікла нечакана група нязгодных. Дакладней, згодных не з усім. Якія былі дэпутаты! Актыўныя. Рашучыя. Генерал. Вядомы спартовец. Прадпрымальнік. І іншыя. Насамрэч хацелі штосьці добрае зрабіць дзеля гэтай краіны. І ўжо з той палаткі іх галасы прабіваліся нават да выбарцаў. Але прыйшоў туды ўсім вядомы начальнік. І на генерала накрычаў. А гнеўны адпор генерала чамусьці не зафіксавала гісторыя. Тым і скончыўся сціплы досьвед парламентскай апазіцыі.

А цяпер у дазволенай кіраўніцтвам тройцы не будзе нават гэткіх спартоўцаў і генералаў. Будуць толькі звычайныя, з агульнай каробкі. Час не той. І пільнасць сённяшнюю з тагачаснай не параўнаць. Пройдуць хутчэй за ўсё памяркоўныя. Сціплыя. І дзеля гэткай перамогі на выбары варта ісці?

Але ж і не ісці не выпадае! Вунь якія грунтоўныя аргументы ў некаторых апазіцыйных палітыкаў на карысць удзелу у выбарах. Па-першае, партыі дзеля таго і існуюць, каб удзельнічаць у іх. Па-другое, у выпадку байкоту ўлада можа правесці ўсё бездакорна, і міжнародная супольнасць вынікі павінна будзе прызнаць. А па-трэцяе, нават у Зімбабве апазіцыя перамагае.

Усё так. Доказы на карысць удзелу ў выбарчай кампаніі слушныя. І як тут не ўключыцца ў змаганне за дэпутацкія крэслы? Замінае хіба што нязначная акалічнасць. Праз колькі год пасля гэтай кампаніі – яшчэ адны выбары. Прэзідэнцкія.

А нядаўна ўзнік зусім новы фактар тутэйшай высокай палітыкі. Хлопчык Коля. Ён уразіў грамадства ці не болей, чым шчырае прызнанне пра непазбежнасць чацвертага кіроўнага тэрміну. Нібыта жартачкі пра нібыта малога яшчэ пераемніка высветлілі недвухсэнсоўна нашу незайздросную рэчаіснасць. Вышэйшая ўлада ў Беларусі – бізнес сямейны. Заснаваны ў поўнай адпаведнасці з дэкрэтам аб індывідуальным прадпрымальніцтве. Нікога старонняга. Толькі радня. Свае. “Всерьёз и надолго”.

У гэткіх варунках кошт дэпутацкага крэсла роўны кошту кухоннай табурэткі. І нават здабыўшы ў нялёгкім змаганні цэлы тузін мандатаў недасяжнай палаткі, ці не пацерпіць апазіцыя наша найвялікшую паразу? Так ці інакш, а праблема з легітымнасцю ўлады ў Беларусі застаецца нявырашанай. І міжнародная супольнасць не можа гэтага не заўважаць. Але вынікі выбараў статус ўлады заканадаўчай могуць змяніць істотна. Варта толькі апазіцыі ўхапіцца за голы кручок выбарчай працэдуры.

Можна толькі здзіўляцца, як хутка наша палітычная эліта забывае ўласныя праекты і заклікі. Так выдатна і загаддзя пачалі гэтую выбарчую кампанію. Годна, з усведамленнем сапраўдных маштабаў народнай падтрымкі. Прапанавалі ўладзе перамовы. І нават супрацоўніцтва ў інтарэсах краіны. Улада рашуча адмовілася ад усіх прапаноў. Апазіцыя праявіла настойлівасць і цярплівасць. Прапанавала канкрэтныя змены ў выбарчы кодэкс, каб дэмакратызаваць працэс выбараў. Забяспечыць рэальную магчымасць свабоднага выбару. Улада адрынула і гэта.

Здавалася б, наступным крокам усіх дэмакратычных сіл у такіх умовах можа быць толькі байкот. Але ж не!..

Зноў наш Гамлет на раздарожжы. А можа, на выбары варта ісці? Змагацца за абяцаныя тры месцы ў палатцы. Апантана. Зацята. Верыць у цуд. Страціць апошняе.

І ўсё пачаць спачатку.

Написать комментарий 10

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях