18 мая 2024, суббота, 8:02
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Іншапланецяне прызямліліся у Бабруйску

8
Іншапланецяне прызямліліся у Бабруйску

Шыкоўная краіна Беларусь. Ну хто яшчэ ў гэтай сквапнай Еўропе мог дазволіць сабе такую раскошу?

У правінцыйным – нават не абласным! – Бабруйску ўзведзены неверагодны аб’ект. Яшчэ задоўга да заканчэння будаўніцтва ўражаныя журналісты паведамілі, што там у старой крэпасці “прызямлілася лятаючая талерка”.

Бабруйск агаломшаны. Узрушаны. Столькі міліцыі, як у гэтыя дні, горад не бачыў нават у тыя часы, калі паводле сведчання Ільфа і Пятрова збіраліся тут паплечнікі Панікоўскага. Мінскаму рэпарцёру на аўтавакзале параілі найлепшы спосаб не заблудзіцца на шляху да “Бабруйск-Арэны”. Трэба ісці туды, дзе перакрыты рух транспарту. І ні ў якім разе не размаўляць на беларускай мове. Каб не было праблем.

А там і сапраўды, нібы касмічны карабель прызямліўся. Віруе народнае свята. І вось зараз адбудзецца доўгачаканы кантакт рознапланетных цывілізацый. Дзе ж яшчэ адбыцца яму, калі не на лёдзе? Найлепшы ключ да ўзаемаразумення – шайба. Выйдзе натхніцель і арганізатар усіх нашых перамог, закаваны ў чырвона-зялёны скафандр. Блісне канькамі. І трапным рухам клюшкі пашле сяброўскую шайбу на той бок лядовага поля. Прывітанне, іншапланецяне, ад спартовай наскрозь Беларусі!

Гэта дзе-небудзь у Даніі або ў незадаволенай усім і заўсёды Францыі заварушыліся б падаткаплацельшчыкі. Пачалі б высвятляць, а з якой нагоды ў ціхім гарадку прызямліўся раптам фантастычна шыкоўны аб’ект. Зацікавіліся б напэўна, а колькі ён сёння каштуе і чаму будаваўся ўдарнымі тэмпамі? Хто асабіста прымаў рашэнне аб фінансаванні? Няйначай, прэса крычаць пачала б, што нават у сталіцы шмат гадоў недабудаванымі стаяць шпітальныя карпусы, а тут…

А тут усё ціха. Што адзін чалавек хоча, тое і робіць. Лядовыя палацы растуць як грыбы. І яшчэ моцна пашанцавала краіне, што ягонае хобі – хакей. А калі б што-небудзь куды даражэйшае? Біблія сведчыць, што быў кіраўнік, які ўздумаў вежу пабудаваць аж да неба. Выдаткі з бабруйскім спартовым цудам не параўнаць. Вядома, і тут – далёка не дробязныя. Збудаванне адмысловае. Найвышэйшы ўзровень тэхнічнага забеспячэння. Сем тысяч месцаў. Цікава толькі, колькі разоў за год і на якіх феерычных відовішчах тут будзе аншлаг?

Кажуць, дзве тысячы будаўнікоў працавалі ў тры змены. Горад зганялі сюды на суботнікі. Спяшаліся задаволіць манілаўскія фантазіі наконт сусветнага чэмпіянату па хакею. А потым высветлілася, што правесці яго у Бабруйску гэтак жа верагодна, як заснаваць шахматную сталіцу ў Васюках.

І нават ужо не пра шалёныя каштарысы гэткіх збудаванняў размова. Сапраўдная бяда для краіны – спартовая гігантаманія, якая пераўзышла ўсе разумныя межы. Наступная “лятаючая талерка” або штосьці падобнае праз пэўны час павінна прызямліцца ў Наваградку. А ў сталіцы распрацаваны грандыёзны план ператварэння былога праспекта Машэрава ў суцэльны ланцуг неверагодна амбітных спартовых збудаванняў. Нібыта не ў Пекіне і Сочы павінны адбыцца чарговыя алімпійскія гульні, а ў Мінску.

Такі маштаб спартовага будаўніцтва магчымы хіба што ў двух выпадках. Або тут сапраўды нейкая фабрыка чэмпіёнаў, або гэта проста фантастычна багатая краіна. Наконт чэмпіёнаў тутэйшых апошнім часам лепш памаўчаць. А са спартовых знакамітасцяў узгадваецца найчасцей хіба што самотны хакеіст, які бесперапынна мільгае на мясцовых тэлеэкранах. Так што застаецца другі варыянт: Беларусь - надзвычай багатая краіна. І гэта сапраўды так. Якая яшчэ дзяржава магла б вытрымаць няспынны здзек над бюджэтам?

Але ж у такім выпадку краіне варта было б і ў іншых сферах жыцця прадэманстраваць сваю шчодрасць. Калі сапраўды ў нас ужо грошы няма куды падзець, то навошта ў школьнікаў ды старых адбіраць не бясплатны нават, а ўсяго толькі напалову ніжэйшы кошт праезду ў грамадскім транспарце? І чаму тут сярэдні заробак меншы, чым у суседзяў? І як магла сацыяльна арыентавая краіна прымусіць бацькоў хворага хлопчыка з Рэчыцы ледзь не міласціну прасіць, каб сабраць сродкі на аперацыю за мяжой? А потым, як распавяла “Камсамолка”, гэтая заможная дзяржава не здолела нават знайсці ў сваім шалёным бюджэце 25 тысяч даляраў. Яны патрэбны былі на замену батарэйкі ў апараце, які хлопчыку пакуль што ратуе жыццё. Але ж батарэйку тую, акрамя ягонай мамы, хто заўважыць? А касмічную талерку лядовай арэны бачыць увесь Бабруйск. Уся краіна. А можа, і ўвесь свет.

У Бабруйску – шыкоўнае свята. Міліцыі і таварышаў у цывільным – нібы падчас турэмнага бунту. Аўтазак на паркоўцы. Без яго цяпер у Беларусі і свята не свята. Навокал натоўпы ўзрушаных бабруйчан. Чародкі гасцей з кіраўнічага наваколля. Мора святла. Зіхаціць бездакорны лёд. Асабістая каманда начальніка шчодрай краіны прымае зорак сусветнага хакею. Сем тысяч самых першых шчасліўцаў у чаканні. Хто каго?..

А зацятыя беларускія геадэзісты тым часам зноў вызначылі дакладна, дзе знаходзіцца цэнтр Еўропы. Ну вядома ж у Беларусі! Але не на возеры Шшо, як памылкова сцвярджалі яны раней. А ў сімвалічным, на іх погляд, месцы – у Полацку.

Наіўныя людзі! А чаму ж у гэткім выпадку не там прызямлілася лятаючая талерка тутэйшых амбіцыяў? Касмічныя навігатары не памыляюцца.

Цэнтр Еўропы сёння – у Бабруйску.

Написать комментарий 8

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях