18 мая 2024, суббота, 8:05
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Сорак першы, самы доўгі дзень

5
Сорак першы, самы доўгі дзень

Беларусь апантана любіць вайну. Амаль сем дзесяцігоддзяў яна жыве ў ваенным чадзе. Нават Дзень Незалежнасці паспяшалася перанесці на 3 ліпеня, звязаўшы яго з мінулай вайной.

Сапраўды, якое ж гэта свята без грукату танкаў і начальніка ў саматужных лампасах. Калі б які-небудзь іншаземец паглядзеў у такі дзень мясцовае тэлебачанне, пераканаўся б напэўна, што ў другой сусветнай перамагла аднаасобна Рэспубліка Беларусь. Пад кіраўніцтвам двух правадыроў, партрэты якіх носяць па вуліцах удзячныя ветэраны. Але ёсць у той незабыўнай вайне адзін дзень, які не любяць узгадваць у Беларусі. Як не любілі тое і ў магутным Савецкім Саюзе.

Гэта – 22 чэрвеня 1941 года. Ахілесава пята савецкай улады і яе нашчадкаў. Казённыя казкі пра вераломнага ворага, які напаў знянацку, нават афіцыйную прапаганду задавальнялі не надта. Як гэта – знянацку? А ваенная выведка для чаго існуе? І калі гэта вораг быў невераломным? А калі так, то хтосьці павінен быў адказаць за ганьбу чэрвеньскай катастрофы.

Вінаватага знайшлі яшчэ тады, у сорак першым. Генерала Паўлава, камандуючага тутэйшай вайсковай акругай. Расстралялі. Схавалі канцы ў ваду. Ён, генерал Паўлаў, вінаваты ў тым, што немцы разгарнулі імклівы наступ па ўсяму неабсяжнаму фронту – ад Ледавітага акіяна да Чорнага мора. І што амаль чатыры мільёны вайскоўцаў апынуліся ў палоне.

Але ж хіба гэта генрал Паўлаў перад вайной, непазбежнасць якой адчуваў ужо нават самы апошні калгаснік, распачаў татальную чыстку каманднага складу Чырвонай Арміі? Хіба ён расстраляў усіх дасведчаных камандармаў, большасць камкораў ды прызначыў на іх месца неабстраляных камандзіраў ніжэйшага рангу? І напэўна ж не ён дзяліў з фашыстоўскай Нямеччынай супольную здабычу - землі бліжэйшых суседзяў ды абяцаў вечную дружбу Гітлеру.

Не любіла савецкая ўлада ўзгадваць гэты чэрвеньскі дзень. І спробы прыгледзецца да яго спыняла рашуча. Гісторык Некрыч выпусціў калісьці невялічкую кніжачку ў мяккай вокладцы, прысвечаную таму дню. Які ўзняўся вэрхал! Кніжачку забаранілі адразу. Выкінулі з бібліятэк. А то як жа – ідэалагічная дыверсія. А раптам людзі думаць пачнуць. Ды задаваць недарэчныя пытанні. Напрыклад пра тое, як гэта так атрымалася, што немцы, нібы на свае палігоны, скідвалі бомбы на Кіеў і Мінск, не сустракаючы супраціву? А куды падзелася наша славутая авіяцыя? Чаму на магутнай лініі Сталіна баі загрукаталі толькі праз шэсць дзесяцігоддзяў? Пра гэта і сёння можна было б спытаць. Але навошта?

Непрыемныя даты лепш не ўзгадваць. І сціплую кніжачку пра самы доўгі дзень сорак першага года прасцей забараніць, чым адказаць на пытанні, якія яна выклікае. Патрыятычным крыкам і сёння можна заглушыць недарэчную цікавасць да таго, а хто ж сапраўды вінаваты ў незлічоных ахвярах той жахлівай вайны. Толькі шыла у мяшку, як вядома, схаваць немагчыма. І як красамоўны дадатак да молатаўска-рыбентропаўскіх сакрэтных пратаколаў існуе растыражаваная ўжо кінахроніка, знятая ўвосень трыццаць дзевятага года ў толькі што адваяваным Брэсце. У ёй усе адказы на праклятыя пытанні гісторыі.

Толькі што скончылася гераічная абарона Брэсцкай крэпасці. Яшчэ не наш, а польскі гарнізон змагаўся і гінуў у яе сценах. І калі сціхлі там апошнія стрэлы, прайшоў у Брэсце ганебны парад. Без болю і сораму немагчыма глядзець тую даўнюю хроніку. Савецкі камандзір Крывашэін і гітлераўскі генерал Гудэрыян разам прымаюць супольны парад пераможцаў. Такі ўздым – сцёрлі з мапы Еўропы Польшчу. Саюзнікі. Браты па зброі. Байцы Чырвонай Арміі і салдаты Вермахта крочаць разам па адным і тым жа бруку. А энкавэдысты і гестапаўцы тым часам ужо абменьваюцца спісамі людзей, якіх яны выдадуць адзін аднаму. Каб потым паставіць да сценкі. І ў адпаведнасці з асаблівасцю прафесінага почырку ўсадзіць бедалагам кулю ў лоб або ў патыліцу. І у гэты самы час нямецкія сапёры ўжо даследвалі Буг, вызначаючы месцы, прыдатныя пад вайсковыя пераправы.

Потым, у чэрвені сорак першага, чырвонаармейцы з разбітых палкоў будуць доўга блукаць па беларускіх лясах і балотах. Шмат хто з іх, не зважаючы на подласць улады, якая выракла іх на згубу, выканае годна вайсковы свой абавязак. І цаной жыцця хоць на долю секунды, на імгненне спыніць наступ на асобным сваім рубяжы. І з гэткіх імгненняў складзецца той самы час, які спатрэбіцца краіне, каб спыніць неадольны бліцкрыг.

Пройдзе шмат гадоў, пакуль з большага падлічаць ахвяры вайны. Дзесяць нашых на аднаго забітага немца. Але што тая жахлівая арыфметыка ў параўнанні з геніяльнасцю вусатага стратэга, на асабісты рахунак якога потым будзе залічана перамога.

А можа, і сапраўды не варта ўзгадваць гэты горкі і жудасны дзень. А лепш успомніць пра тое, як шчыра і ўзнёсла святкуе Рэспубліка Беларусь найвялікшае свята – Дзень Перамогі. У сцягах і кветках патанае сталіца. Незлічоныя натоўпы людзей выходзяць вітаць ветэранаў. І скіроўваюца ўсе ў адным напрамку – да Вечнага Агню.

Вось гэтак жа ішлі калісьці па галоўным праспекце ветэран ваеннага флота Артур Вольскі, беларускі партызан Валянцін Тарас, які падлеткам падаўся ў атрад, Васіль Быкаў, камандзір ўзвода супрацьтанкавай артылерыі. І шмат яшчэ было побач з імі людзей, якіх па добрым часе з ганаровай вартай трэба сустракаць. І ўлада гэта зразумела. Насустрач ветэранам імгненна рушыла адпаведнае падраздзяленне. Сфармаванае з тых дзецюкоў, што аб уласныя галовы разбіваюць цагліны, дэманструючы бездакорнае выкананне загаду. Яны разгарнуліся ў ланцуг і перакрылі праспект. Героі Айчыннай вайны на плошчу Перамогі не прайшлі. У той момант улада праводзіла там піяр-акцыю пад назваю Дзень Перамогі.

І гэтыя людзі ў спісах статыстаў не значыліся.

Написать комментарий 5

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях