18 мая 2024, суббота, 10:25
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Недарэчныя прыгоды перадвыбарчай інтрыгі

2
Недарэчныя прыгоды перадвыбарчай інтрыгі

Савецкая цэнзура, вядома ж, лютавала. Аднак менавіта пад яе ўціскам анекдот дасягнуў найвышэйшага росквіту. Напэўна таму, што адлюстроўваў самую сутнасць жыцця. І доўга не страчваў актуальнасць.

Вось, да прыкладу, зусім прыватная, побытавая нават гісторыя. Галоўны ўрач вар’ятні абыходзіць зранку падуладную тэрыторыю. І бачыць раптам, што каля поўнай ванны прыладкаваўся з вудай пацыент. Асцярожна, каб не спалохаць небараку, падыходзіць ён і пытае шэптам: “Рыбку ловім?” Пацыент абураецца: “Толькі поўны ідыёт можа ў ванне лавіць рыбу!” “Дык чаго ты сядзіш тут з вудаю?” – раззлаваўся ўрач. Пацыент прамовіў ціха: “А раптам?..”

Хто б падумаць мог, што даўняя гэта гісторыя можа стаць у нашы дні ледзь не перадвыбарчай праграмай шмат якіх палітычных партый. Блукала ж тут яшчэ напачатку года зусім неблагая ідэя: выбары ў палатку байкатаваць. І ніхто з апазіцыйных дзеячоў не цешыў сябе надзеяй, што ўлада, устаўшы аднойчы не з тае нагі, адмовіцца ад звыклай завядзёнкі. І выбары ў сваю нелігітымную палатку правядзе па стандартах еўрапейскіх. А з якога, уласна кажучы, ражна?..

Толькі таму, што галоўны начальнік паабяцаў, што ўсё будзе “чэсна”? А ў выбарчым заканадаўстве абяцанне тое знайшло хоць бы нейкае адлюстраване? Ды не, усё тая ж ванна ў адпаведным шпіталі. Толькі поўная такой прывабнай вады. І вуды раскручаны. І чарвячок пад рукой. І нават шыцік. Ну як тут не закінуць вуду? Так спакусліва пялёхнуў паплавок. І нейкі цень імкліва прамільгнуў на дне. Ці не той гэта шчупак, на якога палюем ужо чатырнацаты год? А раптам?..

Так, і пра іншы бок выбарчай кампаніі нельга забываць. Гэта ж выдатная магчымасць наўпроставых кантактаў з самымі шырокімі масамі народу. І палітычныя партыі паспрабавалі магчымасцю той скарыстацца.

Два актывісты АГП выйшлі на Нямігу. Нічога крамольнага яны і ў цяжкім сне не планавалі. Збіраліся ўсяго толькі перадвыбарчае пасланне дэмакратаў раскідаць па паштовых скрынках. Але іх чакалі ўжо міліцыянты. Схапілі і прывезлі ў пастарунак. Нібы ў злосных злачынцаў знялі адбіткі пальцаў. Нікога не цікавіла, што надрукавана пасланне без аніякіх парушэнняў, з выходнымі дадзенымі. Усё роўна трэба правяраць. І праверка тая будзе доўжыцца пэўны час. А потым усе 2800 паасобнікаў будуць вернутыя ўладальнікам. Дзесьці адразу пасля выбараў.

Сціплыя ўмовы свайго ўдзелу ў выбарчай кампаніі дэкляравалі тыя партыі. Хаця б па адным прадстаўніку дэмакратычных сілаў уключыць у склад акружных выбарчых камісій. Усім абрыдла гэтая анамалія ў цэнтры Еўропы. А таму і заходнія палітыкі ўпарта ціснулі на тутэйшае чынавенства. Схавалі пугу. Дэманстравалі толькі пернік – салодкі і прывабны. І чаго, здавалася б, упарціцца? Правесці нейкія няшчасныя выбары больш ці менш прыстойна, і такія адкрыюцца перспектывы! Гэта ж не жарты, калі размова ўжо ідзе нават пра легітымнасць існуючый улады.

Спакуса вялікая. Але ж рэжым – не дурань. Журавель у небе сапраўды мэта для яго прывабная. Аднак і сініца ў руках - вось яна, цёпленькая. Трапеча паціху. Неабмежаванай уладай завецца. Такім здабыткам не рызыкуюць. А таму мясцовая гульня ў свабодныя выбары застанецца ўсё той жа – бессаромнай і цынічнай. Костка ў выглядзе звольненых чыноўнікаў высокага рангу, кінутая ў працэсе гэтай гульні электарату, як ні дзіўна, электарат той у зман не ўвяла. А вось у шэрагах апазіцыі шмат хто палічыў гэтую ўбогую валтузню ледзь не пачаткам палітычнай рэформы. Ва ўсякім разе, прыхільнікі байкоту выбарчай кампаніі засталіся ў прыкрай меньшасці.

І вось падведзены нарэшце першыя вынікі таго няўклюднага кампрамісу з уладай. Заўзятыя аптымісты паспрабавалі яшчэ раз уключыцца ў гульню па яе ўласных правілах. І што з таго атрымалі? Пры неверагодна сціплых, нагадаем, патрабаваннях - па адным прадстаўніку ад апазіцыі ў кожную акружную выбарчую камісію. Усяго камісій тых 110. У іх ўключана 1430 грамадзян. Вылучэнцы з адзінага спісу палітычных партый атрымалі 35 месцаў. А ўсяго ад апазіцы прайшло толькі 42 чалавекі.

Гэты папярэдні паказчык нават больш красамоўны, чым той, што будзе атрыманы па выніках выбараў. Там, стрымліваючы непажаданых кандыдатаў, улада заўсёды можа спаслацца на волю народа. Стараліся, як маглі, за вушы цягнулі гэтых апазіцыянераў, але што рабіць, калі прынцыповы электарат не хоча іх бачыць у палатцы. І паспрабуй, дакажы потым, як усё выглядае насамрэч.

А тут – зусім іншае. Тут як у люстэрку бачна, якую гульню ў чарговы раз прапануе ўлада. І ці такая яна ўжо ў нас непахісная. Калі яна сапраўды такая моцная, то чаму б ёй не задаволіць патрабаванні такой слабой і нягеглай апазіцыі? І адкрыта, без таямніц і падману, падвесці вынікі выбараў. Каб пераканаліся ўсе – народ супраць апазіцыі!

Жартуеце? А раптам – за?..

Калі тых хлопцаў з АГП, што на Нямізе спрабавалі распаўсюдзіць пасланне да выбарцаў, прывезлі ў пастарунак, там сярод міліцыянтаў убачылі яны нейкага таварыша ў цывільным. Па рацыі ён дакладаў свайму начальству: “Тут два человека с листовками по нашей теме”.

Вось і ўся няхітрая інтрыга гэтых выбараў.

Можна ісці на кампраміс. Вылучаць кандыдатаў. Ад слабой ці надта моцнай апазіцыі. Або нават незалежных. Галасаваць за іх апантана і заўзята. А вынік будзе ўсё той жа. Даўно вядомы. Да таго часу, пакуль выбары ў гэтай краіне будуць “тэмай” для таварышаў у цывільным.

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях