18 мая 2024, суббота, 7:48
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Выбух пад грукат салюта

Выбух пад грукат салюта

Грымнула ў Менску. Подла. Цынічна. У людскім натоўпе. Прыгожы міт пра спакойную Беларусь, якім так цешылася ўлада, разляцеўся ў адно імгненне.

На вялікі жаль, у сучасным свеце, дзе тэрарызм стаў з’явай амаль што побытавай, спакойных месцаў не бывае. І Беларусь з яе расчыненай наросхрыст мяжою на Усход ніякім выключэннем быць не можа. Ды і сваіх паўдуркаў тут хапае. У краіне, якая столькі год жыве ў стане ваеннага псіхозу, не можа што-небудзь не грымнуць. Спакой краіны ад шырыні лампасаў на штанах начальства не залежыць. Адбылося тое, што адбываецца паўсюдна. З папраўкай на тутэйшае галавацяпства.

Што пачула грамадства з першых паведамленняў пра тое жудаснае здарэнне? Ды ўсё тое ж – бязмежнае захапленне ўлады сваёй непахіснасцю. Панікі ніякай. Поўная стабільнасць. Сітуацыя пад кантролем. Праўда, злачынцу ці злачынцаў не злавілі. Выбух не папярэдзілі. Але канцэрт сарваць не дазволілі. І як аператыўна дзейнічалі! Падобна на тое, што чарговы подзвіг сілавікоў ва ўмовах поўнага экстрыму хутка будзе адзначаны высокімі ўзнагародамі.

Вяліказоркавыя міліцэйскія чыны, ледзь з’явіўшыся на тэлеэкране, паспяшаліся супакоіць грамадзян, што ніякага тэракту не было. Асноўная версія – хуліганства.

Нейкія падонкі загаддзя плануюць выбух у натоўпе. Здабываюць недзе выбухоўку. Збіраюць адпаведнае прыстасаванне. Напаўняюць яго шрубамі, каб узмацніць эфект паразы. Міну заносяць на месца прызначэння. І ўзрываюць. Амаль паўсотні чалавек пасечана тым д’ябальскім жалезам. Урачы ўсю ноч ратуюць параненых. І гэта, высвятляецца, ніякі не тэракт. Усяго толькі хуліганства.

Радыёжурналіст здолеў у шпіталі пагутарыць з параненай дзяўчынай. Яна плакала і ўсё паўтарала, што не можа зразумець, як такое здарылася ў Беларусі? І не толькі яна таго не разумее. Мясцовая тэлескрынка шмат каго паспела пераканаць, што любае кіраўніцтва начэй не спіць, а толькі думае пра дабрабыт і бяспеку кожнага паасобку і ўсіх разам. І раптам гэта прыкрае здарэнне. Грымнула.

І як жа яны ўсе ўсхапіліся на абарону свайго аўтарытэту! Якія скульптурныя позы пачалі дэманстраваць, пераконваючы народ, што хвалёная стабільнасць ад выбуху таго не пацярпела. У тых мітуслівых клопатах забыліся нават, што найпершы абавязак улады ў такіх выпадках – наведаць параненых. Прынесці ім свае прабачэнні за тое, што, паклікаўшы на масавы фэст, не здолелі гарантаваць бяспеку.

І дзяўчыну тую ім варта было паслухаць. У размове з журналістам яна ўсё здзіўлялася, чаму пасля ўсяго, што здарылася, нават не спынілі тое бурапеннае свята. Але наўрад ці дачакаецца адказу. Толькі простаму чалавеку дзіўна, што ў той момант, калі льецца людская кроў, хтосьці побач спакойна слухае папсу і жлукціць піва. А з пункту гледжання высокага кіраўніцтва ў гэткія моманты адбываецца найвышэйшы ўздым грамадскай свядомасці. Электарат змагаецца з магчымай панікай і дэманструе непарыўнае адзінства з роднай уладай.

Сапраўды, як можна было адмяніць канцэрт, калі яны так ганарыліся дасягнутым эфектам. Столькі навезлі з Расіі майстроў папсовага чосу. Паўмільёна гледачоў сабралі. Правадыр у атачэнні простага люду з аднолькавымі сцяжкамі. Усе разам праспявалі гімн. Паўночная Карэя можа пазайздросціць! Хіба тое не ўсенародная падтрымка менавіта гэтага свята?

Аднак ці такое ўжо яно ўсенароднае, тое свята?

Пры неабмежаваных магчымасцях вертыкалі, пры тых сродках, якія ўбэхалі ў падрыхтоўку відовішча. А калі б вырашылі адзначыць раптам іншую, зусім адвольную дату і паабяцалі электарату салют, расійскую папсу і мора весялосці, хіба не сабралася б незлічоная масоўка? Знайшлі чым ганарыцца! Прыслухаліся б лепш да недаўменных слоў той дзяўчыны ў шпіталі. Чаму ж пасля выбуху не адмянілі канцэрт? Цвердзяць, што намагаліся пазбегнуць магчымай панікі.

А гарантыя таго, што выбуховая прылада там ўсяго толькі адна, у іх была? Кажуць, нібыта знайшлася і другая. А хто мог засведчыць, што іх там не пяць і не дзесяць? А калі б грымнулі новыя выбухі – што тады? Ці можа, у іх былі ўсё ж нейкія звесткі пра тое, што нічога небяспечнага на тым узгорку ўжо няма?

А калі так, навошта ж было такі палымяны гнеў скіроўваць на лідэра партыі камуністаў, які ўсяго толькі засцерагаў уладу ад спакусы чарговага наступу на палітычных апанентаў пад выглядам барацьбы за бяспеку грамадзян. І ўзгадаў у гэтым кантэксце падпал Рэйхстагу, які быў так удала скарыстаны тагачаснай уладай у Нямеччыне.

Якія толькі абвінавачванні не абрынуліся на яго! Нават у фашыстоўскай ідэалогіі быў абвінавачаны лідэр няўгодных камуністаў. Можа, гэта ён, а не хтосьці іншы, даводзіў карэспандэнту газэты “Хандэльсблат”, што “не все только плохое связано в Германии с известным Адольфом Гитлером”? І хіба падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў не было ідыёцкіх заяў пра тое, што апазіцыя збіраецца атруціць гарадскі вадаправод з дапамогай здохлага пацука?

Яшчэ нічога не вядома пра той выбух. Міліцэйскія начальнікі толькі нешта няпэўнае прамармыталі перад тэлекамерамі. А ўжо ўлада заняла выразна акрэсленую пазіцыю. Дакладней, рубеж.

Лінія Сталіна. Камуфляж. Пагоны на плячах. І гучныя заявы: “Теперь мы будем разговаривать с ними на другом языке!” З кім?.. І што гэта за сакрэтны “другой язык”? А можа, варта ўспомніць, што ўлада ў цывілізаванай краіне павінна размаўляць толькі на мове права? Не толькі з тымі, хто здзейсніў злачынства. Але і з тымі службовымі асобамі, якія, сабраўшы вялізную масу людзей у адным месцы, не здолелі гарантаваць ім бяспеку.

Няўжо за столькі гадоў бессэнсоўнага змагання з уласным народам гэта неверагодна кафліктнае кіраўніцтва так і не ўсвядоміла простую ісціну, што ўся вялікая арда сілавікоў не здольная вырашыць элементарныя праблемы аховы грамадскага парадку. Таму што скіраваная яна не на барацьбу са злачыннасцю, а найперш супраць тых, хто думае інакш чым кіраўніцтва.

Інцыдэнт адбыўся тут зусім не адназначны. Але ў звязку з ім узгадваць славуты берлінскі пажар не варта. Спакуса правакацый адольвае ўладу толькі ў пэўныя моманты. Калі сапраўды ўзнікае пагроза страціць уладу. Узятую аднойчы і назаўжды.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях