3 мая 2024, пятница, 21:06
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Ад рэпутацыі правінцыйнага дыктатара не вызваліцца

3
Ад рэпутацыі правінцыйнага дыктатара не вызваліцца

Добрых вестак чакаюць. А прыходзяць яны знянацку. Вызвалення палітвязняў таксама чакалі даўно.

Але на мінулым тыдні было яно сапраўднай неспадзяванкай. Выйшаў на волю Аляксандр Казулін. А праз некалькі дзён – Сяргей Парсюкевіч, Андрэй Кім. Хіба не цуд? Толькі што яны пагражалі спакою існуючай улады. Ахоўваліся як жахлівыя злачынцы. Утрымліваліся ў самых надзейных турмах. І раптам – усе на свабодзе. Ніхто з іх не пісаў слёзных лістоў аб памілаванні. Непадкупныя суды не разглядалі паўторна іх справы. Не выносілі на гэты конт ніякіх рашэнняў. Адзін росчырк кіраўнічага пяра – і ўсё забыта. Вольныя!..

Штоб там ні гаварылі, а гэта юрыдычная феерыя да слёз усхвалявала Беларусь. Не пакінула ў спакоі і нашых заходніх суседзяў. Добры знак. І ў апошнім палітычным балоце Еўропы пачаліся нарэшце доўгачаканыя перамены. Амаль імгненна на відавочную змену сітуацыі з правамі чалавека адрэагавала Амерыка. Памочнік намесніка дзяржсакратара ЗША ў справах Еўропы і Еўразіі Дэвід Меркель адразу наведаў Беларусь. Правёў перамовы з высокапастаўленым чынавенствам, з прадстаўнікамі апазіцыі. Пацікавіўся хадой перадвыбарчага працэсу. Выказаў асцярожныя спадзяванні наконт бліжэйшай перспектывы: “Калі ўлады створаць спрыяльныя ўмовы, і кандыдаты і выбарцы змогуць прымаць удзел у выбарах, гэта будзе крокам да паляпшэння стасункаў”.

З Амерыкай ўсё зразумела. Увогуле Захаду даўно ўжо абрыдла шэрая зона каля польскай мяжы. Хочацца заўважыць хоць нейкія зрухі і ў гэтай змярцвелай прасторы. Тут усё як на Марсе. Нават прывідныя прыкметы нейкага жыцця ўспрымаюцца заходнімі палітыкамі як падставы для бязмежнага аптымізму. Але беларусы жывуць на гэтай грэшнай зямлі. І маюць куды большыя магчымасці для аб’ектыўнай ацэнкі навакольнага асяроддзя. Выпусцілі палітвязняў – сапраўды падзея. Вось толькі каму было тут не вядома, што ніхто з іх ні ў чым не вінаваты. А сядзелі як зацятыя злачынцы. Ды і цяпер судзімасці з іх не знялі. І прабачэння за бязглуздыя прысуды і турэмныя здзекі не папрасілі. На вялікі жаль, уся гэтая гуманная акцыя надзвычай нагадвае выкуп закладнікаў дзе-небудзь у Чачэніі.

Адзінкавая акцыя, як бы эфектна яна не выглядала, пра пачатак пераменаў сведчыць не можа. Не варта яе вырываць з кантэксту паўсядзённага жыцця краіны. А кантэкст гэты – куды які непрывабны. І з набліжэннем выбараў, нават не самых галоўных, набывае ўсё больш пачварныя рысы.

Амаль адначасова з палітычнымі вязьнямі выйшаў з-за кратаў актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Павал Кур’яновіч. Не, гэтым разам ён не быў шэрагах тых, за каго змагалася заходняя дэмакратыя. Бо асуджаны быў не на гады, а на пятнаццаць сутак. Для тых, хто не сядзіць, увогуле дробязь. Артыкул, па якому моладзевага актывіста забэхалі на нары, добра вядомы – хуліганства. І абвінавачванне ў дачыненні да тых, хто туліцца пад венікам не хоча, аднастайна мярзотнае – лаянка матам. Так і было напісанана ў міліцэйскім пратаколе. І месца, і час пазначаны дакладна: вуліца Караля, 21 гадзіна. Менавіта той час, калі ён сядзеў у Маскоўскім РАУС. Дарэмна Павал спрабаваў звярнуць увагу суддзі на відвочную недарэчнасць. І яшчэ на тое, што у кватэру, дзе яго ўзялі, уварваліся амапаўцы. А пад вокнамі, каб не ўцёк, чакалі ў машыне гэбісты. Ці не занадта для хулігана, які ўсяго толькі лаяўся матам? Але гэткімі дробязямі тутэйшая юрыспрудэнцыя не цікавіцца. Свае пятнаццаць асуджаны адседзеў ад званка і да званка. За што?..

А за тое, што малады. За тое, што не баіцца таго, каго тут баяцца павінны ўсе. Дыктатары не любяць людзей свабоды. І псуюць ім жыццё як могуць. Калі ёсць магчымасць – з размахам. Калі няма – подла і дробязна.

А магчымасцяў на вялікія подласці з кожным годам усё меней. Як ні душы незалежную прэсу, а непажаданая інфармацыя нейкім чынам разлятаецца па свеце. І даводзіцца азірацца ўвесь час. І што там ні кажы, а на Захад хочацца. У шыкоўныя гатэлі. На пракладзеную некалі ў Альпах лыжню. У банкі тамтэйшыя. І на прадстаўнічых самітах засвяціцца не зашкодзіла б. А час ідзе няўмольна. І ад рэпутацыі правінцыйнага дыктатара вызваліцца ўсё цяжэй. А тут яшчэ саюзнікі ўсходнія бяруць за горла. На слове ловяць. Патрабуюць немагчымага. І зусім не пашкодзіла б пры гэткіх акалічнасцях нейкая шчылінка ў напрамку заходнім.

А таму – вось вам выбары, “чэсные и справедливые”. Каб нават два ці тры “не сваіх” гэтым разам прайшлі на радасць Захаду. І з турмаў трох палітычных выпусціць можна. Пад нагляд таптуноў і гэбістаў. Зусім не шкада. Спатрэбіцца – пасадзіць можна новых. Адразу пасля тых выбараў. Як толькі выйдуць з пратэстам на плошчу.

Так, вызваленне людзей з турмы – падзея вартая ўвагі. І можна нават на пэўны час забыць і пра тое, што гэта ўсяго толькі адно з дванаццаці патрабаванняў Еўразвязу да незгаворлівага рэжыму. Аднак і залішняй эйфарыіі паддавацца не варта. Сучасная Беларусь – краіна калгаснага самадурства. Калі яна і пайшла насустрач Захаду, то зусім не з таго боку, адкуль яе чакалі.

Усім вядомы лорд-піяршчык Цім Бэл у колішнім сваім інтэрв’ю газеце “Financial Times” быў бездакорна шчырым. І ўпэўнена зазначыў, што ўсе палітзняволеныя ў краіне, іміджам кіраўніцтва якой ён апякуецца, выйдуць на свабоду яшчэ да выбараў. Што і адбылося. Калі менавіта гэтая ініцыятыва была пунктам ягонага праекту па выпраўленні непрывабнага аблічча ўлады, то за што ж усе так крыўдзяць беднага лорда?

Кажуць, што некалі жыццё на непрытульную планету Зямля занесла нейкая камета. Лорд Бэл, як ужо вядома, пачаў не з квітнеючых садоў на тутэйшым Марсе. А зацікавіўся найперш выдаленнем іклаў мясцовага рэжыму. Вынік пакуль сціплы. Але чаго ў свеце не бывае! А раптам менавіта ягоныя піяр-праекты занясуць на тутэйшыя палітычныя абшары кволыя парасткі заходняй дэмакратыі. Іншых варыянтаў не прадбачыцца..

Пакуль народ не ўспомніць, калі і дзе ён бачыў тую плошчу, з якой тут пачынаецца свабода.

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях