3 мая 2024, пятница, 20:14
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Канфармістаў чакае бонус

5
Канфармістаў чакае бонус

Здаецца, дачакаліся. На вераснёўскіх "выбарах" апазіцыя нарэшце "пераможа". Толькі безнадзейныя скептыкі маглі не верыць у непазбежны "поспех".

І нават неабачліва заклікаць да байкоту гэтых “выбараў”. Аднак у апошні дзень лета ўсё стала на свае месцы. І перспектывы бліскучай перамогі ўжо набываюць рэальныя рысы. Беларусам варта запомніць гэты гістарычны дзень – 31 жніўня.

Не, у сумнавядомае выбарчае заканадаўства ніхто ніякіх зменаў не ўнёс. І на датэрміновае галасаванне больш не зганяць натоўпы не абяцаў. І сціплую прысутнасць апазіцыянераў у выбарчых камісіях не пашырыў. Аднак аптымізм дэмакратаў узбуяў не на пустым месцы. З крыніцаў неафіцыйных стала вядома, што настойлівыя намаганні заходняй дыпламатыі, асабліва нямецкай, далі нарэшце пэўны плён. Некалькі амбасадарскіх пакаленняў біліся над тым, каб хоць крыху змягчыць гэты жалезабетонны рэжым. І першыя зрухі, кажуць, ужо ёсць. Вядома, сціплыя парады ўвесці ў “палатку” хаця б двух-трох прадстаўнікоў апазіцыі ўладзе падаліся дзёрзкай фантазіяй заходніх летуценнікаў. Сышліся нібыта на адным.

Дзе ў такім разе перамога? Ну як жа!.. Варта ўсяго толькі параўнаць магчымыя перспектывы з вынікамі “выбараў” папярэдніх, каб пераканацца ў наяўнасці неверагоднага прарыву. Дасягненнем той выбарчай кампаніі быў абсалютны ноль. А цяпер, калі пройдзе нават адзін кандыдат, - чым не перамога? Ва ўсякім разе, для Еўразвязу, які дачакаца не можа нагоды зняць з рэжыма санкцыі, апазіцыйны дэпутат будзе пераканаўчым сведчаннем дэмакратычных пераўтварэнняў.

Палітыкаў заходніх можна зразумець. Беларусь для іх – гістарычная недарэчнасць. Краіна, якая “не хоча” дэмакратыі. І нават падчас свабодных выбараў выказалася рашуча на карысць рэліктавай дыктатуры. Аднак тут, як высветлілася, неблагая нерухомасць. Ды іншыя відавочныя выгоды. З дня на дзень чакаецца тут вялікая распрадажа. Ісці на рынак ва ўмовах адыёзнай дыктатуры – усё адно, што купляць крадзенае. Але ж і стрымліваць здаровыя памкненні зацікаўленых кампаній ніяк не выпадае. А таму найлепшы спосаб развязання недарэчнага вузла – легітымізацыя рэжыму. Праз “выбары” ў “парламент”. Тутэйшая ўлада выдатна разумее, чаго хоча Захад. Ахвотна ідзе насустрач. І прапануе бяспройгрышны варыянт.

Сапраўды, знешне ўсё выглядае нават прыстойна. Зарэгістравана 76 кандыдатаў у дэпутаты ад дэмакратычных сілаў. Усяго іх было ў прапанаваным дэмакратамі спісе 98. Прыстойны вынік. А тое, што не прайшлі самыя вядомыя палітыкі, - пытанне другаснае. Ну, не прайшлі! Выбары ёсць выбары. Калі не падабаецца, даказвайце ў судзе.

Цяпер для ўлады застаецца дробязь. З сямідзесяці шасці зарэгістраваных вызначыць самага нягеглага. Абранню не перашкаджаць. І болей нічога. І ўжо рассеяўся морак. Краіна выглядае прыстойна. Замест нейкай незразумелай “палаткі” – дэмакратычна абраны парламент. У якім прадстаўлена апазіцыя. Які мае ўсе паўнамоцтвы, каб узаконіць тое, у чым шмат хто зацікаўлены. І на Захадзе. І на Усходзе.

31 жніўня – сумная дата. Яна адгукнецца краіне яшчэ не аднойчы.

У гэты дзень аб’яднаныя дэмакраты пацярпелі цяжкую паразу. Не ад улады. Ад уласнага палітыканства. На тым фатальным сходзе было дастаткова людзей, якія цвяроза ацэньваюць сітуацыю. І не маюць ілюзій наконт наступстваў удзелу апазіцыі ў “выбарах”, праведзеных па даўно вядомай завядзёнцы. Іх вынікі ні для каго ўжо не сакрэт. Колькі ўлада захоча, столькі прапусціць. Нечаканасці не прадугледжаны. У выбарчыя камісіі, як усім ужо вядома, уключана 0,07% прадстаўнікоў апазіцыі. Пры такім прадстаўніцтве апанентаў улады кандыдатамі ў дэпутаты можна было рэгістраваць колькі заўгодна іншадумцаў. І запрашаць назіральнікаў хоць з усяго свету. Што яны зразумеюць у тутэйшых падліковых фокусах!

Але на гэтую выразную долю адсотка нашы дэмакраты чамусьці належнай увагі не звярнулі. І голы кручок фактычна праглынулі.

І ўсё ж дзіўна! У апазіцыі такія дасведчаныя, спрактыкаваныя палітыкі. І так лёгка дазволілі яны ўцягнуць сябе ў прымітыўныя гульні з уладай. Навошта было з такімі неверагоднымі цяжкасцямі змагацца за аб’яднанне ўсіх нязгодных? Толькі дзеля таго, каб у адказны момант, сабраўшыся разам, засведчыць, што выйсця няма?

Так, канчатковага рашэння дэмакраты пакуль не прынялі. Яны яшчэ збяруцца. 21 верасня. Занадта позна. Але ўсё ж збяруцца. Толькі лідэр БНФ Лявон Баршчэўскі на гэты конт выказаў непрыхаваны скепсіс. Не збяруцца. Захварэюць. Ці знойдуць іншую нагоду не прыйсці. І навошта, сапраўды?

28 верасня гэтага года рэжым збіраецца прыняць капітуляцыю “аб’яднаных” дэмакратаў. Цырымонія адбудзецца ў прысутнасці міжнародных наглядальнікаў. Канфармістаў чакае бонус. Суцяшальны прыз за добраахвотную паразу. Мандат у “палатку” на адну персону. Цёплае месца і далейшыя выгоды ўлада гарантуе.

Выбары – гэта адзінае, чаго тут панічна баіцца рэжым. І людзі пойдуць на выбары. Кожны – на свае. Тыя, хто абірае кампраміс, пакорлівасць і згоду, скіруюцца да урнаў. Тыя, для каго свабода і незалежнасць не пустыя словы, выйдуць галасаваць на плошчу.

Кожны абірае сваё. На тое і выбары.

Написать комментарий 5

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях