3 мая 2024, пятница, 21:14
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Ці вызваліць Абама Беларусь?

6
Ці вызваліць Абама Беларусь?

Інаўгурацыя сорак чацвертага прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі пратакольнае мерапрыемства пераўзышла. Яна выглядала святам надзеі.

Даўно не збіралася разам столькі людзей. Калі тэлекамера спрабавала ўзяць агульны план тых незлічоных тлумаў, было немагчыма паверыць у абвешчаную колькасць прысутных. Няўжо іх усяго толькі каля мільёна? Здавалася, у гэты дзень усе дарогі прыводзілі да Капітолія. Людзі лавілі кожнае слова Абамы. Тое ўзрушэнне можна зразумець. Пераменаў чакаюць не толькі ў Беларусі.

Амерыка святкавала пачатак светлых дзён. І нічога кепскага бачыць не жадала. А ў тым усхваляваным тлуме стаяў нікім не кліканы госць. Імя якому – Крызіс. Ён нікуды не сышоў толькі з тае нагоды, што скончылася кадэнцыя Джорджа Буша і пачыналася прэзідэнцтва Барака Абамы. Містэр Крызіс добра разумеў, што ў свеце шмат хто блытае паўнамоцтвы прэзідэнта з магчымасцямі Санта Клауса. І ў якасці абавязковага падарунка за ўдалы выбар чакае бясхмарнае жыццё. Адразу і для ўсіх. А таму ўжо на наступны дзень непажаданы госць наведаў біржу. І абрынуў усе паказчыкі. А індэкс Доў Джонс споўз уніз болей чым на чатыры адсоткі. Фінансавыя аналітыкі паспяшаліся патлумачыць гэта расчараваннем. У інаўгурацыйнай прамове не прагучала тое, чаго так чакалі. І ўсе зразумелі, што цуд не адбудзецца. І на выйсце з рэцэсіі спатрэбіцца час. Магчыма, нават доўгі.

Беларусь таксама слухала інаўгурацыйную прамову Абамы. Цікава ж было даведацца, ці ёсць там хоць нейкі намёк на тое, што дыктатарскія рэжымы па-за ўвагай новай адміністрацыі не застануцца.

Аднак лёсавызначальныя падзеі ў гэты дзень адбываліся не толькі за акіянам. Недалёка ад нашай мяжы, у Чарнігаве, начальнік краіны сустракаўся з прэзідэнтам Юшчанкам. За колькі год іншага дня для першага спаткання знайсці не маглі. Напэўна і ўвогуле не сустрэліся б. Але ўсходні сусед прадэманстраваў новае вынаходніцтва – газпрамаўскую пятлю для непаслухмяных. Пачалі разам шукаць паратунак. Параіўшыся, знайшлі. Сякеру пад лаўкай. Балцка-Чарнаморскі энергетычны калідор. Той самы, пра які ў дзевяностыя гаварыў яшчэ Зянон Пазняк. Тады хто толькі з чынавенства не бэсціў тую ідэю. Але калі моцна прыпякло, і да яе даспелі. Здавалася б, радавацца трэба. Дамаўляемся нарэшце з Украінай. Рэалізуем амбітныя праекты. Умацуем незалежнасць. Толькі вось мімаволі ўзнікае пытанне – чыю?

Шмат хто быў проста ўражаны той навязлівай дэманстрацыяй узаемнай сімпатыі і любові, якая панавала на чарнігаўскай сустрэчы. Напэўна ж ведае прэзідэнт Юшчанка пра ўсё тое, што адбываецца ў нашай краіне. І памятае, як на Майдане побач з украінцамі стаялі і беларусы. І што не чырвона-зялёныя сцягі, а бел-чырвона-белыя луналі ў Кіеве ў тыя дні і ночы, калі народ Украіны бараніў дэмакратыю. Напэўна ж памятае. І ведае добра, хто ёсць хто ў Беларусі. Але трубаправоды могуць зблізіць сёння і дэмакратыю з дыктатурай. А газавы туман размые іх непадабенства. І Україна тут не выключэнне.

Ужо і Еўразвяз паціху прывыкае да экзатычнай нашай улады. І не чуваць даўно ў прамовах заходніх палітыкаў бескампраміснага словазлучэння – апошняя дыктатура Еўропы. І тутэйшы кіраўнік не шкадуе ўзнёслых слоў, каб аддзячыць Юшчанку “за колоссальную постоянную поддержку” ў дачыненнях з Еўропай і Амерыкай, у выніку якой дыктатуры гэтай “удалось наладить диалог между Беларусью и Западом”. І чынавенства ўжо старанна вучыцца беспамылкова вымаўляць ненавіснае слова “лібералізацыя”. Чаго не зробіш дзеля выжывання.

Ёсць на Захадзе такая неўрадавая арганізацыя – Freedom House. Яна з году ў год адсочвае ўзровень свабоды ў свеце. Беларусь па ўсіх паказчыках займае адно з апошніх месцаў. У кампаніі з самымі адыёзнымі краінамі.

А ў нас ёсць “Таварыства беларускай мовы”. Дык вось яно нарэшце дамаглося ад Міністэрства адукацыі звестак пра сапраўдны стан роднай мовы ў школе. Толькі 1,9 адсоткі гарадскіх першакласнікаў вучацца сёння па-беларуску. Калісьці генерал-губернатар Мураўёў выказаў меркаванне наконт будучыні нашага мяцежнага краю: тое, чаго тут не дамогся рускі штых, давершаць рускі поп і руская школа. Сапраўды, з царквой рэжым даўно знайшоў паразуменне. І школа сваю справу добра ведае. Няпоўных два адсоткі беларускамоўных першакласнікаў – гэта не статыстыка. Гэта – прысуд. Не цяжка падлічыць, колькі спатрэбіцца гадоў, каб ажыццявіліся надзеі ката Мураўёва.

А ў інаўгурацыйнай прамове Барака Абамы сапраўды ёсць сігнал надзвычай выразны. “Тыя, хто трымаецца за ўладу з дапамогай карупцыі і хлусні, шляхам падаўлення нязгодных, - ведайце, што вы апынецеся за бортам гісторыі, але калі вы гатовыя разняць кулак, мы гатовыя падаць вам руку”. Няма сумневу, што спрактыкаваныя імітатары дэмакратычных жэстаў на прапанову адгукнуцца. Ніякіх кулакоў. Рука будзе адкрытай і сяброўскай. А тую, ў якой дубіна звярынай паліцэйшчыны, можна патрымаць тым часам за спіной. Каб уласны люд бачыў і не забываў.

Але ж спадзявацца варта заўсёды на лепшае. Напэўна за час прэзідэнцтва Абамы будзе адноўлены ранейшы статус амерыканскай амбасады. Больш поўная і дакладная інфармацыя пойдзе з Беларусі. Але вялікія надзеі з новым прэзідэнтам звязваць не трэба. Не таму, што ён нічым не захоча нам дапамагчы. Проста занадта многа павінен ён зрабіць для краіны ўласнай. Да таго ж падарункі ў выглядзе свабоды і дэмакратыі сёння ўжо ніхто не раздае. Кожная краіна вырашае ўласны лёс. На спачуванне і падтрымку іншых можа разлічваць толькі той народ, які змагаецца за сваю свабоду.

Натоўп баязліўцаў нікому не цікавы.

Написать комментарий 6

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях