23 декабря 2024, понедельник, 19:52
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Эпідэміі свінога грыпу не будзе - яе забароняць

6
Эпідэміі свінога грыпу не будзе - яе забароняць

Вінаватыя нарэшце знойдзены. Гэта – журналісты. Навіну абвесціла перад тэлекамерамі высокапастаўленая дама, якая апякуецца сродкамі масавай інфармацыі.

Лексіка выступу нагадвала тэкст міліцэйскай абвесткі з гукаўзмацняльнікаў перад разгонам чарговай акцыі на плошчы. Усё тыя ж да болю знаёмыя спецназаўскія словы: “будем пресекать!”

Улада настроена рашуча. Не на барацьбу з эпідэміяй. На выкараненне недарэчных чутак, што ў краіне нібыта нейкі грып. А тым болей, эпідэмія. Логіка зразумелая. Журналісты, “нячэсныя”, вядома, больш небяспечныя нават за вірус свінога грыпу. Той пагражае хворым. А гэтыя ствараюць рэальную пагрозу ўладзе. Падрываюць упэўненасць грамадства ў тым, што правіцель усё трымае пад кантролем. А заадно і гэты небяспечны вірус. Таму ўсе спробы распаўсюджання незалежнай інфармацыі трэба катэгарычна “пресекать”. Інакш усё можа пайсці па непрадказальным сцэнары. Была ж калісьці вялікая краіна – Савецкі Саюз. І ўсе жылі там шчасліва, бесклапотна. Расстралялі ў Навачаркаску дэманстрацыю рабочых, а ў краіне ўсё ціха і спакойна. Бо сродкі масавай інфармацыі сядзелі там, дзе трэба. Пад венікам. Улада вызначала, пра што паведамляць і пра што маўчаць зацята. Парушальнікі спакою траплялі непазбежна за калючы дрот. І не выпадкова пагроза намесніцы міністра гэтым разам прагучала не толькі на адрас газетчыкаў ды радыёжурналістаў. Міністэрства інфармацыі збіраецца ўзяцца і за інтэрнэт. Калі “пресекать”, то па ўсім абшары. Татальна.

Зразумела, што не міністэрская чыноўніца дадумалася да рашучых захадаў супраць апошніх крыніц незалежнай інфармацыі. Ніхто ў вертыкалі без каманды зверху нічога не робіць. Ад ініцыятывы усе даўно адвучаны. Гэта правіцель зноў злуецца: “Это обычная провокация фармацевтических фирм”. А падначаленыя толькі транслююць ягоныя ідэі. Адразу ўцямілі, што журналісты – агенты фармацэўтаў. Новыя ідэі супалі ідэальна з ранейшымі памкненнямі вартавых ідэалогіі.. Неадольныя парывы да знішчэння непадкантрольных рэсурсаў у іх назіралася даўно. Асабліва абвастралася гэтая кіраўнічая хвароба ў тыя дні, калі ўзнікала небяспека, што дзесьці вялікая колькасць людзей можа сабрацца разам.

Аднак палітычныя матывы гэткіх захадаў надта псавалі імідж. І моцна зацягнутыя лейцы даводзілася крыху паслабляць – гулялі ў лібералізацыю. А цяпер не да гульні. Выбары ўжо на даляглядзе. І нагода для чарговага наступу супраць тых, хто маўчаць не хоча, проста ідэальная. Клопат пра здароўе нацыі ды барацьба супраць недарэчных чутак. Нельга не скарыстаць гэткую магчымасць.

У Беларусі – усё цудоўна. Тут нават крызісу няма. А нейкая недарэчная эпідэмія па вызначэнні немагчымая. Галоўны санітарны ўрач таксама ўпэўнена засведчыла, што “нет повода для паники в связи со свиным гриппом, в нашей стране эпидемии этого заболевания нет”. А журналісты, замест таго, каб падхапіць гэтую радасную навіну, публікуюць службовую перапіску медыкаў, якая аптымізму зусім не дадае. І агучваюць расповед Алеся Бяляцкага, які ляжыць у трэцім мінскім шпіталі і на свае вочы можа бачыць, як усё выглядае насамрэч.

Хіба спакойна ўлада можа ўспрымаць гэткія сродкі інфармацыі? Тым больш, пасля таго, як велізарныя сродкі былі кінуты на тое, каб свет пераканаць, што ў цэнтры Еўропы пад кіраўніцтвам мудрага правіцеля самы шчаслівы і здаровы народ з ранку да вечара коўзаецца на каньках у незлічоных лядовых палацах. А нейкая там эпідэмія ў беларусаў выклікае проста смех.

І гэтая ўпэўненасць у фізкультурных здольнасцях народа настолькі неадольная, што ніхто не паклапаціўся нават пра элементарны набор лекаў у аптэках, неабходных падчас звычайнай восеньскай непагадзі. Там толькі чэргі ды амаль савецкі дэфіцыт. Ідыёцкая барацьба з імпартам можа добра вымасціць шлях для якой заўгодна эпідэміі. Але што ім здароўе людзей. Не шкадуюць нікога. Нават малых – ацяпляльны сезон пачалі недаравальна позна. Нешта эканомілі, хітрылі. Хворыя на пнеўманію, як сведчыць Бяляцкі, ляжаць нават у калідорах – месцаў у палатах ужо няма. І ў аптэках самае папулярнае слова ўсё тое ж – няма. А гаварыць пра гэта нельга. Абвінавацяць у распаўджванні чутак.

Ва Ўкраіне, дзе эпідэмія набывае ўсё большыя маштабы, і колькасць ахвяр набліжаецца да сотні, ніхто не хавае непрыемныя факты. А тут, бачыце, панікёры жывуць. І сродкі масавай інфармацыі могуць падштурхнуць іх да неразумных дзеянняў. Савецкае кіраўніцтва таксама было ўпэўнена, што народ – гэта статак баранаў, які залішняя дасведчанасць можа справакаваць да панікі. І калі выбухнуў Чарнобыль, улады старанна абаранялі грамадства ад непатрэбнай інфармацыі. Нават дзетак пагналі на дэманстрацыю, каб засведчыць бязмежны аптымізм ва ўмовах катастрофы. Засведчылі. Да гэтага часу краіна не можа ачуняць.

Ідэалагічная начальніца дарэмна паспяшалася абвесціць джыхад непаслухмяным журналістам. Нават калі нешта забароняць і некага прыдушаць, гэта ўладзе асаблівай карысці ўжо не прынясе. Пра тое, як краіна сустрэла пагрозу эпідэміі, людзей выдатна інфармуюць аптэкі і медычныя ўстановы. Кожны на сваёй скуры адчувае, як аб ім клапоціцца дзяржава. Гэтая восень шмат каму дапаможа зразумець, што для Беларусі магчымая эпідэмія нечаканасцю не будзе. Бо яна тут пачалася ўжо даўно – яшчэ ў дзевяноста чацвертым. І канца ёй пакуль не відаць. А ўсё таму, што не выконвалі старанна вядомыя ўсім патрабаванні. Вяртаючыся дадому – памыць заўсёды рукі. А ідучы на выбары – падумаць.

Хоць аднойчы ў жыцці.

Написать комментарий 6

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях