4 мая 2024, суббота, 1:08
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Доўгае паломніцтва ў Сочы

Доўгае паломніцтва ў Сочы

Наўрад ці ён хацеў туды ісці. Чатыры месяцы вытрымліваў позу гордай непахіснасці. Але жорсткая рэчаіснасць змусіла да паставы зусім іншай. Масква ўмее прыніжаць слабейшых. Асабліва тых, хто выяўляе раптам ганарлівасць. Ды сам на прыніжэнне нарываецца.

Знешне ўсё выглядае нібыта бездакорна. Кіраўнік адной дзяржавы прыехаў да кіраўніка другой. На нефармальныя фактычна перамовы. А заадно яшчэ і адпачыць. Што тут кепскага? Ды амаль нічога. За выключэннем дробязяў. У якіх, як здаўна вядома, д’ябал крыецца. І яны, дробязі тыя, далёка не бяскрыўдныя.

Мядзведзеў, з якім планавалася сустрэча, дарагога госця ў Сочы не чакаў. Да прызначанай сустрэчы заставаўся амаль тыдзень. І ён паехаў у Манголію. А потым падаўся ў Бурацію. Дзе ў яго адбываліся стратэгічна важныя сустрэчы. З будзіскімі манахамі.

А сусед, запрошаны ў госці, цярпліва чакаў гаспадара ў Сочы. У гордага правіцеля не надта багатай Беларусі рэзідэнцый розных – нібы ў таго Саддама ў лепшыя часы. Ёсць і ў тым Сочы неблагі куток. Але спыніўся ён не там. А ў гатэлі “Родина”, які з’яўляецца прыватнай уласнасцю алігарха Дзерыпаскі. Расійскія журналісты, якія зацікавіліся гэтай далікатнай тэмай, высветлілі, што кошт адной ночы ў тым гатэлі – да трох тысяч даляраў. Там за сваіх гасцей зазвычай плоціць сам Мядзведзеў. У такім выпадку няпростая ўзнікае сітуацыя. Што за падарункі? З якой нагоды? Калі ж не ён фундатар шыкоўнага адпачынку, таксама паўстае пытанне. А чым і колькі за тыдзень раскошы давядзецца потым заплаціць усё той жа Беларусі?

І ўвогуле, дзіўная на вертыкальнай вышыні ўзнікае завядзёнка – туляцца па чужых кутках. То ў гарналыжны гатэль нейкага сербскага бізнесоўца наведаецца з усёй чэляддзю, то да Дзерыпаскі завітае. Потым высвятляецца, што ў таго шчодрага серба прыватны інтарэс у Беларусі. Ды і Дзерыпаска ў свой час да Мінскага аўтазавода пільна прыглядаўся. А вартавыя законнасці, апантана змагаючыся з карупцыяй, у выніку неверагодных намаганняў ловяць нейкага урача, які паквапіўся на хабар у памеры сорак пяць даляраў.

Аднак той, хто запрасіў дарагога госця ў Сочы, на сустрэчу не спяшаўся. І жнівеньскі чацвер, на які было прызначана спатканне, ніяк не надыходзіў.

Журналісты, сумуючы, выдумлялі сенсацыйныя здагадкі. Мудрыя аналітыкі сцвярджалі, што абодвы бакі таму не спяшаюцца на “нефармальную” сустрэчу, што рыхтуюць спісы ўзаемных папрокаў і абвінавачванняў. Толькі навошта іх рыхтаваць? Каму яшчэ невядома, чаго дамагаецца Расія ад суседа? Гэтак жа і самаму дробнаму крамлёўскаму чыноўнічку вядома добра, што сусед гэты будзе зноў і зноў выпрошваць грошы на жыццё. У якім заўгодна выглядзе.

Незайздросны стан гордага правіцеля ні для каго ўжо не сакрэт. Нерэфармаваная, адсталая эканоміка ды яшчэ таталітарная сістэма ўлады не даюць падстаў спадзявацца на хуткі выхад з крызісу. Каб хоць неяк утрымацца на прыстойным узроўні, патрабуюцца ўсё новыя і новыя грашовыя ін’екцыі. А дзе іх узяць? Дырэктар Еўрапейскага дэпартамента МВФ вядомы эканаміст Марэк Бэлька і ўвогуле выказаў меркаванне, што Беларусі пагражае страта фінансавай стабільнасці. З неверагоднай хуткасцю краіна паглынае свае сціплыя золатавалютныя рэзервы. Экспарт беларускі сёлета знізіўся амаль што напалову.

Еўразвяз вялікіх сродкаў пад пустыя абяцанкі не дае. А таму застаецца ў запасе ўсё той жа правераны шлях – паломніцтва да ўсходняга суседа. Куды заўгодна – у Маскву, у Горкі падмаскоўныя, у Сочы. Усё з той жа прапановай: крэдыты ў абмен на нейкія саступкі. Крэмль пра тое ведае даўно.

А таму паломніка прымусілі чакаць. На першы погляд ўсё амаль прыстойна. Прыехаў чалавек адпачыць – стаміўся ў няспыннай бітве за ўраджай. Вось і далі яму прытулак у Дзерыпаскі. А заадно і магчымасць падумаць у цішыні над сваім гаротным лёсам.

Пасядзеў. Падумаў. Дачакаўся. Адвезлі ў Бачароў Ручай – рэзідэнцыю Мядзведзева. І там нарэшце з’явіўся гаспадар. Паімкнуўся госць насустрач патэнцыйнаму крэдытору, паспрабаваў абняць. Але той выразна адвярнуўся. Папазіравалі крыху перад тэлекамерамі. Прамовілі звыклыя банальнасці. І ўсё.

Перамовы доўжыліся больш за тры гадзіны. Зразумела, у закрытым рэжыме. А пасля расійскі бок задаволіўся агульнымі словамі, выказанымі прэзідэнцкім памочнікам Сяргеем Прыходзькам. Затое правіцель часу на расповед пра тую незабыўную сустрэчу не пашкадаваў. І мяркуючы па шматслоўных і няпэўных спробах падаць ўсё як чарговы дыпламатычны поспех, справы насамрэч даволі кепскія. Расія паціху прыціскае. А ён здае, што можа. І на стварэнне сіл хуткага рэагавання пагадзіўся. І старшынства ў АДКБ прымае. Нават на два тэрміны. А вось з вяртаннем ў Еўропу, якое тут ужо мроілася шмат каму, давядзецца пачакаць. Ва ўсякім разе, магутныя манеўры каля заходняй мяжы разам з расійскім войскам, наўрад ці той самы крок, якога Еўразвяз з нецярплівасцю чакае.

А як жа крэдыты?

Вось тут версіі бакоў разыходзяцца істотна. Правіцель горача пераконваў, магчыма, самога сябе, што праблем няма. Ужо ў верасні кіраўнікі ўрадаў сядуць побач і ўсё адразу вырашаць. Аднак усё той жа Сяргей Прыходзька зазначыў, што пытанне пра нейкія крэдыты і не абмяркоўвалі. А ён жа стараўся. І напярэдадні так шчыраваў перад расійскім тэлежурналістам, распавядаючы пра сваю любоў да метраполіі. І якія ў тым расповедзе пасажы! “Я вырос как такой русский человек, в таком обобщенном смысле слова. А русские в данном случае это и белорусы, и русские, ну одинаково ориентированы в пространстве и по идейным соображениям. Поэтому Россия для меня никогда не была чужой”.

Такі вось патрыёт. Вельмі любіць тамтэйшую, а найперш сваю ўладу. І вядома, “Родину”.

Тую, што належыць алігарху.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях