17 декабря 2018, понедельник, 0:02
Спасибо вам
Рубрики

Стаў вядомы найлепшы беларускі гурт 2018 году

Источник: tuzinfm.by

Абвясьцілі пераможцаў прэміі і ўдзельнікаў канцэрту «Героі году» ад TuzinFM.

Галоўным адкрыцьцём у беларускай музыцы ў 2018 годзе паводле вэрсіі парталу TuzinFM названы менскі пост-панк-гурт Nürnberg. Яго заснавальнікі — Януш Пятрэнка і Алег Савуцін, перадае «Радыё Свабода».

Гурт распачаў актыўную дзейнасьць пад канец лета 2017 году, выдаў дэбютны міні-альбом (ЕР) у Нямеччыне. Музыкі далі каля двух дзясяткаў канцэртаў, трапілі ў фінал конкурсу «Басовішча-2018».

«Нас цікавіць дэпрэсіўны стан і ўнутраная барацьба. Нас натхняе шэрае навакольле і ўсеагульная стома. Нягледзячы на тое, што нашае жыцьцё — шлях у нікуды, шмат якія думкі, пачуцьці, падзеі і рэчы дапамагаюць разнастаіць існаваньне і не захраснуць у штодзённым брудзе з галавой», — распавялі некалі хлопцы TuzinFM хлопцы пра свае песьні.

Найлепшым беларускім гуртом 2018 году TuzinFM палічыў рок-гурт Nizkiz. Сёлета магілёўскія музыкі зьбіралі поўныя залі практычна ва ўсіх гарадах у межах свайго беларускага туру, а на канцэрт у Менску квіткі на тысячную залю скончыліся яшчэ за месяц да канцэрту, і давялося рабіць дадатковы. Былі і пасьпяховыя сольныя канцэрты ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.

Каманда таксама перамагла ў беларускім адборы ды выступіла на найбуйнейшым украінскім фэсце Atlas Weekend, а таксама стала госьцем вялікіх беларускіх оўпэн-эйраў LidBeer i Viva Braslav.

З рэлізаў гурту — сынглы «Інтравэрт» і «Люстэрка». Над апошнім музыкі працавалі разам з партугальскім прадусарам Даніэлем Кардозам. Сёлета выйшлі кліпы на песьні гурту «Люстэрка» і «Небясьпечна». Апошні ўжо мае амаль 300 тысяч праглядаў.

Гурты Nürnberg і Nizkiz выступяць на цырымоніі ўручэньня «Героі году» з нагоды 15-годзьдзя парталу TuzinFM 12 сьнежня.

Таксама ў канцэрце возьмуць удзел аўтары найлепшага альбому на думку слухачоў TuzinFM MorkvoЦвет.

Спэцыяльным госьцем цырымоніі будзе музыка Ігар Варашкевіч. Лідар «Крамы» ўпершыню ў жыцьці заграе дыджэй-сэт.

Весьці канцэрт будзе культуроляг Максім Жбанкоў.