26 марта 2019, вторник, 4:06
Вызов для каждого
Рубрики

«Мова абараняе межы краіны мацней за армію»

6

Патрыёты Віцебшчыны выступаюць за ўмацаваньне дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі.

Канфэрэнцыя «Беларуская дзяржаўнасьць. Гісторыя і сучаснасьць» прайшла ў Віцебску 5 студзеня. Імпрэза пачалася супольным сьпевам рэлігійнага нацыянальнага гімну «Магутны Божа» і скончылася прыняцьцем выніковай рэзалюцыі. Уся дзея праходзіла ў актавай залі абласной бібліятэкі, піша «Віцебская вясна».

У рэзалюцыі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Віцебшчыны выказалі занепакоенасьць агрэсыўнай палітыкай Крамля і запатрабавалі ад уладаў актыўных захадаў па абароне незалежнасьці краіны.

На пачатку мерапрыемства адзін зь яго арганізатараў Хрыстафор Жаляпаў зазначыў, што ў залі сабраліся прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Віцебшчыны, якіх турбуе лёс Бацькаўшчыны.

Хрыстафор Жаляпаў

Ён патлумачыў, што ідэя правядзеньня гэтай канфэрэнцыі ўзьнікла ў яго пасьля актывізацыі ў вобласьці прарасейскіх сілаў і асабліва пасьля візыту ў Віцебск Сяргея Бабурына, які правёў у горадзе зьезд грамадзянскай ініцыятывы «Саюз» – супольнага ўтварэньня расейскіх і беларускіх прыхільнікаў «адзінай дзяржавы».

Нацыянальную сьвятыню беларусаў хаваюць у манастыры пад Масквой

У сваім выступе кандыдат гістарычных навук Сяргей Тарасаў распавядаў пра «Вытокі Беларускай дзяржаўнасьці», закранаючы тэрытарыяльныя, эканамічныя, моўныя, палітычныя, рэлігійныя, культурныя, нацыяўтваральныя аспэкты, якія ўплывалі на фармаваньне беларускай дзяржавы.

Сяргей Тарасаў

Закрануў Сяргей Тарасаў і гісторыю этнагенэзу беларускага, украінскага і расейскага народаў, нагадаўшы, што ўсходнія славяне прыйшлі на землі, заселеныя абсалютна рознымі этнічнымі групамі, ўзаемадачыненьні зь якімі па-рознаму паўплывалі і на этнічныя, і на моўныя асаблівасьці кожнага з гэтых трох народаў.

Сярод найгалоўнейшых чыньнікаў, якія ствараюць дзяржаву, гісторык вылучыў і веравызнаньне. У сувязі з гэтым пытаньнем расповед Сяргея Тарасава пра полацкую архітэктурную школу ды крыж Эўфрасіньні Полацкай уразіў залю асабліва. Рэч у тым, што полацкі Сафійскі сабор па сваіх памерах амаль цалкам супадае з царквой сьв. Сафіі ў Ахрыдзе (Македонія). Розьніца складае ўсяго пяць цантымэтраў. Супадзеньні з баўгарска-македонскай архітэктурнай школай мае і яшчэ адзін полацкі храм. Гэта кажа пра шчыльныя сувязі Полацку з балканскім рэгіёнам.

Дый той факт, што першы мітрапаліт быў прызначаны Канстантынопалем у Полацак толькі ў 1125 годзе, змушае задумацца над тым, а хто накіроўваў туды мітрапалітаў раней? Гісторык Тарасаў пераконвае: хрысьціянства прыйшло да нас наўпрост з Балгарыі ці Македоніі. Ужо ў 10-м стагодзьдзі Балгарская царква была аўтакефальнай, мела статут патрыярхіі, мела права хрысьціць іншыя землі ды прызначаць сваіх мітрапалітаў.

Кажа Сяргей Тарасаў:

– Што тычыцца Эўфрасіньні Полацкай, то я хачу зьвярнуць увагу на дзьве рэчы. Яна сама называла сябе Офросінія. Тройчы яе імя гэтак напісана на крыжы Эўфрасіньні Полацкай. Гэтак жа яна называе сябе і на трох пячатках, знойдзеных у Полацку. Усе іншыя Эўфрасіньні (Галіцкая, Александрыйская...) пісалі сваё імя праз «Е», і толькі наша пісала праз «О». І гэтая акалічнасьць ёсьць асаблівасьцю беларускай мовы 12 стагодзьдзя.

Дарэчы, Спаскі манастыр, у які прыйшла Эўфрасіньня, ужо існаваў, і ён не належаў Кіеўскай мітраполіі. Гэта быў манастыр Баўгарскай патрыярхіі. І апошняе, што я пасьпяваю вам сказаць: крыж Эўфрасіньні Полацкай жывы! Ён – ў манастыры пад Масквой. Яго бачылі, але баяцца пра гэта гаварыць. Пра гэта ведае і ўладыка Філарэт. З крыжа Эўфрасіньні ён узяў кропельку Крыві Гасподняй і перанёс на новы крыж. Чаму не аддаюць? Па-першае, гэта асабістая рэліквія патрыярха Кірыла і Маскоўскай патрыярхіі. Па-другое, гэта найвялікшая беларуская нацыянальная сьвятыня, і калі яна зьявіцца ў нас, ці ні паўстаньне пытаньне пра аўтакефалію, як ва Ўкраіне?»

Самымі зацятымі праціўнікамі беларускай дзяржаўнасьці былі віцебскія камуністы

Гісторык Ніна Стужынская задалася пытаньнем: «БССР – гэта важны этап станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці ці "буфэр" бальшавіцкай Масквы?» Дасьледчыца нагадала, што насамрэч было некалькі плыняў арганізацыі беларускай дзяржаўнасьці. Найперш яна зьвярнула ўвагу, што нацыянальна-арыентаваная плынь беларускіх палітыкаў у неспрыяльных умовах вайны зрабіла ўсё магчымае, каб прывесьці народ беларускі да абвяшчэньня БНР у форме народнага волевыяўленьня. Высілкі з боку ініцыятараў утварэньня БНР былі зробленыя неверагодныя.

Ніна Стужынская

Зьвярнула ўвагу Ніна Стужынская і на тое, што ў нацыянальным пытаньні бальшавікі ад пачатку вызначыліся з тым, каб не даваць самастойнасьці ніводнаму народу былой Расейскай Імпэрыі. Яна падкрэсьліла, што ўтварэньне БССР было саступкай маскоўскай улады тагачаснай геапалітычнай сытуацыі, міжнароднаму становішчу і нацыянальным памкненьням беларусаў.

Стужынская пераконвае, калі б ня зьнешняя польская пагроза, на ўтварэньне БССР бальшавікі ніколі б не пагадзіліся. Дый вядомая цытата Леніна ў дачыненьні да беларусаў кажа сама за сябе, падкрэсьліваючы штучны характар тагачаснай беларускай дзяржаўнасьці:

«Рэспубліка – буфэрная і патрэбная толькі таму, што мяжуе зь іншымі краінамі».

Эсэрка Палута Бадунова, якая прысутнічала на абвяшчэньні БССР у Смаленску, выступіла супраць яе ўтварэньня:

«Беларуская Народная Рэспубліка ўжо абвешчаная законнымі прадстаўнікамі беларускага народу. Усё, што вы тут робіце, – фальш. Ніхто нас не выбіраў».

Дэлегатаў на зьезд выбіралі паводле прынцыпу адданасьці – выбіралі камуністаў, дасюль невядомы нават поўны сьпіс яго ўдзельнікаў. Адзіная губэрня, якая не прыслала сваіх дэлегатаў, была Віцебская. Там віравалі антыбальшавіцкія паўстаньні. Дарэчы, самымі зацятымі праціўнікамі беларускай дзяржаўнасьці былі віцебскія камуністы.

Як зазначыла Ніна Стужынская, легітымнасьць абвяшчэньня БССР (ССРБ) застаецца пад вялікім пытаньнем. Пра гэта сьведчыць і сам маніфэст, які быў падпісаны толькі 2 студзеня пад вялікім ціскам з Масквы. З 17-ці чальцоў ураду яго падпісалі пяць, сярод якіх толькі два беларусы.

Цынізм бальшавіцкіх уладароў уражвае. Ужо праз два тыдні пасьля ўтварэньня БССР, 16 студзеня, адмысловай пастановай Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую вобласьці далучылі да РСФСР, пакінуўшы толькі Менскую і Гарадзенскую губэрні. І хаця пазьней адбылося два ўзбуйненьні БССР, і ў рэспубліцы намінальна існавалі атрыбуты дзяржаўнасьці, усе важныя рашэньні прымаліся Крамлём. Па сутнасьці, БССР была несамастойнай, марыянэткавай рэспублікай, існаваньне якой, тым ня менш, дазволіла захавацца і ў 1991 годзе абвясьціць незалежнасьць Беларусі.

Невясёлым падаўся і погляд Ніны Стужынскай на ўтварэньне БССР праз прызму чалавечых лёсаў сямнаццаці чальцоў беларускага ўраду. Першы быў расстраляны бальшавікамі яшчэ ў 1919 годзе. Двое скончылі самагубствам. Адзінаццацера зьніклі падчас чысткі. Мясьнікоў, старшыня ЦБ КП(б)Б, загінуў у 1925-м пры авіякатастрофе. І толькі двое памерлі сваёй сьмерцю.

«Мова абараняе межы краіны мацней за армію»

Журналіст-фрылянсэр Зьміцер Казакевіч гаварыў пра ролю СМІ ў фармаваньні беларускай ідэнтычнасьці. У сваім выступе ён апэраваў лічбамі, якія ўражваюць кожнага сьвядомага беларуса, перакананага, што «мова абараняе межы краіны мацней за армію» (Уладзімер Арлоў).

Зьміцер Казакевіч

Так, 57 адсоткаў грамадзянаў Беларусі выступаюць за выкарыстаньне ў СМІ выключна расейскай мовы і толькі 4 адсоткі – выключна беларускай. 43 адсоткі беларусаў асноўнай крыніцай інфармацыі называюць расейскія каналы. Агульнанацыянальны канал АНТ у сваіх трансляцыях мае ўсяго 10-20 адсоткаў уласнага кантэнту. У процівагу яму амаль увесь кантэнт тэлеканалу «Віцебск» – свой. Да таго ж на тэлеканале багата добрых беларускамоўных перадач. І хто пасьля гэтага скажа, што Віцебск расейскі горад?

Ёсьць у Віцебскай вобласьці і цалкам беларускамоўныя сайты, якія маюць большую ці супастаўляльную зь дзяржаўнымі сайтамі наведвальнасьць. Сайт Catholicnews.by працуе выключна па-беларуску і мае 40 тысячаў наведваньняў за месяц. Гэта параўнальна з сайтам абласной газэты «Витебские вести». А вось лідэры мэдыярынку Віцебскага рэгіёну (сайты tut.by, «Витебский курьер», «Народныя навіны Віцебска») маюць амаль выключна расейскамоўны кантэнт.

Сярод іншага, з улікам сёньняшніх рэаліяў, Зьміцер Казакевіч прапануе чытаць, слухаць і распаўсюджваць сваё.

Віцебск і Ворша – беларускія гарады-фарпосты на ўсходзе Беларусі

Віцебскі гісторык Ігар Цішкін паспрабаваў зрабіць немагчымае: ахапіць у сваім выступе тысячагадовую гісторыю беларускага і эўрапейскага гораду Віцебску. Вялікая частка расповеду была прысьвечаная згубленым, захаваным і адноўленым знакавым гарадзкім забудовам. Віцебск вякамі быў горадам, які сярод першых супрацьстаяў навале, якая ішла з Усходу.

Ігар Цішкін

Сярод цікавых фактаў гісторык прыгадаў тую акалічнасьць, што сын Альгерда, будучы кароль Польшчы Ягайла, зь вялікай доляй імавернасьці нарадзіўся ў віцебскім Верхнім замку. У сваім выступе Ігар Цішкін высока ацаніў значэньне ўніяцкай царквы для беларускай нацыі, ролю якой ён параўнаў з роляй лютэранскай царквы ў гісторыі Нямеччыны.

Аршанскі краязнаўца Ігар Казьмярчак распавёў пра Воршу і аршанцаў, якія вякамі баранілі Бацькаўшчыну ад безупыннай маскоўскай агрэсіі. Прамежак паміж Дняпром і Дзьвіной быў тым стратэгічным вайсковым шляхам, празь які ішлі захопнікі і з Захаду, і з Усходу. Гэты факт вызначыў і лёс Воршы, і лёс Віцебску. У сваім выступе краязнаўца прыгадаў падзеі, зьвязаныя з першай і другой бітвамі пад Воршай.

Ігар Казьмярчак

Полацкі краязнаўца Міхась Баўтовіч паглядзеў на гісторыю свайго гораду праз палітычную і сацыя-культурную прызму, адзначаючы і трагічныя, і гераічныя этапы яго разьвіцьця.

Міхась Баўтовіч

Палітоляг Андрэй Ляховіч, прааналізаваўшы ўзаемадачыненьні Беларусі і Расеі, выказаў меркаваньне, што Расея ня мае магчымасьцяў ваенным шляхам захапіць Беларусь, бо ў Расеі вельмі слабая эканоміка.

Андрэй Ляховіч

Апошнім прамаўляў пачэсны старшыня абласной Рады ТБМ Ёсіф Навумчык. Ён ухваліў правядзеньне канфэрэнцыі, арганізаванай грамадзянскай супольнасьцю Віцебшчыны, адзначаўшы, што дзяржава за трыццаць гадоў так і ня здолела выпрацаваць сыстэму нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва.

Ёсіф Навумчык