21 ноября 2019, четверг, 18:17
Правда о «выборах»
Рубрики

20 гадоў таму па цэнтры Гродна прайшло шэсце патрыётаў з паходнямі

1
20 гадоў таму па цэнтры Гродна прайшло шэсце патрыётаў з паходнямі
Фотa: racyja.com

Як гэта было?

20 гадоў таму, 25 красавіка 1999 года, некалькі дзясяткаў беларускіх патрыётаў зладзілі шэсце з паходнямі па цэнтры Гродна, пiша nn.by.

Неўзабаве амапаўцы ўзялі калону ў аблогу і атакавалі дэманстрантаў. Тыя адбіваліся паходнямі. Сілавікі ўжылі слезацечны газ.

«Крыху пазней да месца сечы пад'ехалі машыны хуткай дапамогі, якія забіралі траўмаваных, прычым як удзельнікаў акцыі, так і міліцыянтаў, аднаму з якіх зламалі сківіцу, а некаторым рэбры. Адзін з пацярпелых маладых беларускіх патрыётаў трапіў у рэанімацыю хуткай дапамогі, яшчэ аднаму зламалі руку. Напрыканцы бойкі міліцыянты ўсё ж затрымалі 16 чалавек», — адзначала газета «Навіны».

Вось што пісала пра гэтую гісторыю тагачасная «Наша Ніва»:

«Іх атрымалася недзе чалавек з сорак.

Хлопец, апрануты ва ўсё чорнае, зірнуў на вежу з гадзіннікам. Стрэлкі ішлі да мэты з зайдроснай упартасцю, не рухаючыся на вачах, але не спыняючыся. Цяпер яны рыхтаваліся акрэсліць на плоскасці часу чвэрць цыферблата, сысціся ў простым куце. Але людзі ўжо не стаялі купкай, а выраўняліся ў карэ. Па цёмна-плямістых шыхтах у паўцемры скакалі вогненныя цені. Яны выхоплівалі таксама колеры трох палотнішчаў над галовамі. Колеры чырвані на белым тле.

Праз імгненне звон сарваўся з вышыняў вежаў гарадзенскіх храмаў і накрыў сабой плошчу. Узрушэнне хваляй прайшло па тварах людзей з паходнямі. Званы бласлаўлялі крок.

— Бог нас чуе! — натхнёна выгукнуў адзін.

— Жыве Беларусь! — рэхам данеслася ў адказ.

«…Жыве вечна!» — зноў падумаў у гэты час Невядомы чалавек. Званы заспелі яго непадалёк, на самым рагу плошчы. Абярнуўшыся, ён убачыў калёну — і ўсё зразумеў.

***

Вось што распавёў пра гарадзенскія падзеі іхны непасрэдны відавочца…

Яны прайшлі па Савецкай метраў сто, калі іх ужо чакалі. Дзве машыны амону і адна — з «цывільнымі» міліцыянтамі. Амонаўцы былі ў бронекамізэльках і з аўтаматамі.

У шыхце пачулася нейкая кароткая каманда. Калона проста абышла машыну й рушыла далей — прыкладна ў той бок, дзе ў Горадні месціцца чыгуначны вакзал.

А на вуліцы пры гэтым было шмат народу. Некаторыя людзі спачатку пачалі абурацца, крычаць: «Гэтыя эрэн’ешнікі, фашысты, колькі можна, ужо й да нас дабраліся!» А потым пабачылі ў чале калёны тры вялікія бел-чырвона-белыя сцягі ды прымоўклі. Зразумелі, што гэта не РНЕ, а нешта цалкам адваротнае. Вакол мяне пачуліся крыкі: «БНФ! БНФ! БНФ!» Сабраўся натоўп чалавек прыблізна ў дзвесце. Ды там, ля ўнівермага на Савецкай, звычайна тусоўка моладзі…

Менавіта ля гэтага ўнівермага і ўспыхнула бойка. Міліцыя атакавала.

Хлопцы, што йшлі наперадзе, становяцца ў больш шчыльны шыхт. І раптам пачулася: «Ру-бон! Ру-бон!»

Народ адразу сціх. Такога ў Горадні не бачылі яшчэ ні разу. Міліцыя пачала наскокваць на шыхт дэманстрантаў, але ў рукох у тых палалі паходні. З боку глядзелася, быццам калона ашчацінілася гэтымі паходнямі, як ёрш.

Дэманстранты прасілі міліцыю дазволіць ім прайсці па вуліцы Ажэшкі, абяцалі адразу пасьля гэтага разысціся й нічога не парушаць. Нехта з калоны напаўжарт прапанаваў амапаўцам таблеткі ад галаўнога болю. Мабыць, менавіта гэта іх і раззлавала. Пасля сутычак яны й так не былі ў гуморы. Перамовы скончыліся тым, што амон пайшоў у атаку. Аднак першыя атакі зноў былі адбітыя.

Частка людзей, што стаялі ў натоўпе разам са мною, пайшла біцца за гэтых невядомых хлопцаў. Знайшліся некалькі чалавек, якія кінуліся біцца таксама, але — у шэрагі міліцыі.

Стаяў вэрхал, міліцыя ўжыла газ.

Хлопцы пачалі разьбягацца хто куды. Частку «павязалі». Паклалі на асфальт, білі дубінкамі і аўтаматамі, прыкладамі.

Прыблізна апоўначы на вакзале было ўжо шмат «людзей у цывільным». Затрымлівалі ўсіх, нават малалетак, абы тыя мелі выгляд, хоць чымсь падобны да выгляду дэманстрантаў. Прыкметамі былі чорныя джынсы, чорныя курткі, «берцы» — вайсковыя боты на шнуроўцы. Пазней высветлілася, што разам з удзельнікамі забралі некалькі зусім выпадковых людзей.

Адны ў Беларусі баяцца. Баяцца лёсу Генадзя Карпенкі, Арнольда Пячэрскага, Юрыя Захаранкі. Баяцца знікнуць. Знайшлося 40 мужоў харобрых. Якія не баяцца ўзнікнуць», — эмацыйна пісала Тацяна Снітко.