17 июля 2019, среда, 2:37
Мы в одной лодке
Рубрики

Правілы жыцьця Васіля Быкава

4
Васіль Быкаў

Выказваньні пісьменьніка якія адлюстроўваюць яго бачаньне сьвету.

19 чэрвеня спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэньня Васіля Быкава, беларускага пісьменьніка, публіцыста і грамадзкага дзеяча. Быкаў быў адным зь ініцыятараў стварэньня Беларускага народнага фронту, узначальваў Беларускі ПЭН-цэнтар і Згуртаваньне беларусаў сьвету.

Большасьць твораў Быкава — ваенныя аповесьці, у якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцьця.

Свабода сабрала некаторыя выказваньні Васіля Быкава, якія адлюстроўваюць яго бачаньне сьвету і канцэпцыю дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі.

Пра задачу літаратуры

Літаратура павінна не перастаючы біць у свае званы, настойліва абуджаючы ў людзях патрэбу ў высокай духоўнасьці, безь якой любы самы высокі прагрэс матэрыяльнай культуры не прынясе радасьці.

Пра якасьці чалавека

Сьмеласьць, адвага, пагарда да сьмерці — вось тыя асноўныя якасьці, якімі вызначаецца годнасьць воіна.

Пакуты робяць чалавека чалавекам. Чалавек без пакут — трава.

Я ж засвоiў ад мацi занадта шмат мяккага, што мне неяк шкодзiла — на вайне i пасьля вайны.

Не перамогшы ў сабе карысталюбца, баязьліўца, не пераможаш ворага. Гэта пытаньне жыцьця і пытаньне гісторыі.

Порахам чалавека ня выхаваеш.

Каб зразумець сутнасьць сябра, трэ дачакацца, калі стане ён тваім начальнікам.

Пра мову

Я — беларус, мая родная мова — беларуская.

Пра нацыяналізм беларусаў

Нацыяналізм вялікай нацыі непазьбежна перараджаецца ў шавінізм і імпэрыялізм, а нацыяналізм малой нацыі, якім бы ён ні быў, накіраваны перш за ўсё на выжываньне сваёй нацыі сярод іншых. Горш за ўсё ў жыцьці — нявызначанасьць: яна адбірае волю да дзеяньня.

Пра пакаленьні

Чалавек сталага ўзросту вельмі рызыкуе, калі выносіць нейкія ацэнкі моладзі: яны заўсёды будуць несправядлівыя. Той, хто аднойчы адчуў сябе чалавекам, ужо скацінай ня стане.

Хацелася яшчэ дажыць да свабоды, ды тое, вiдаць, марнае памкненьне. Майму пакаленьню, як i шмат якiм папярэднiкам, свабоды ня бачыць. Хiба наступным...

Пра гісторыю

Нацызм і камунізм ёсьць два канцы адной палкі.

Праўда ў гісторыі — функцыя адназначная, зь яе робяць урокі. З хлусьні ніякіх урокаў ня зробіш, апроч новай хлусьні.

Пра Бога

Верыць у Бога — зусім ня значыць старанна маліцца ці рэгулярна выконваць абрады. Гэта хутчэй — мець Бога ў душы. І паступаць адпаведна. Адпаведна сумленьню, гэта значыць па-Боску.

Пра дэмакратыю і свабоду

Свабода — найбольшая маральна-фізычная каштоўнасьць, дадзеная кожнай жывой істоце фактам яе нараджэньня.

Дэмакратыя ў барацьбе з таталітарызмам ня мае адэкватных сродкаў.

Кожнаму наканавана прайсьці свой шлях да свабоды асобна.

Нельга спадзявацца на тое, што не заслужанае.