29 ноября 2020, воскресенье, 16:48
Сим сим, Хартия 97!
Рубрики

Былы міліцыянер пад уплывам падзей 9-11 жніўня сышоў працаваць у дастаўку

3
Былы міліцыянер пад уплывам падзей 9-11 жніўня сышоў працаваць у дастаўку
Фото: «Наша Ніва»

Раман Весялоўскі назваў загады начальства зверствамі і непавагай да пагонаў.

Раман Весялоўскі — у нядаўнім старшы сяржант патрульна-паставой службы аднаго з мінскіх РУУС, студэнт Акадэміі МУС. Яму 26 гадоў.

Гэта чалавек з вялікі кар'ернымі планамі на органы, ён хацеў расці па службе, атрымліваць афіцэрскія пагоны, марыў трапіць у Дэпартамент фінансавых расследаванняў.

Але пасля 9-11 жніўня яго свет цалкам перакуліўся, ён сышоў з органаў, цяпер развозіць ежу ў дастаўцы і вучыцца на ІТ-курсах.

Раман адгукнуўся на просьбу «Нашай Нівы» даць інтэрв'ю і расказаць, чаму ён так рэзка змяніў жыццё.

«Наша Ніва»: Раскажыце пра сваю работу ў міліцыі.

Раман Весялоўскі: Я працаваў у патрульна-паставой службе міліцыі з красавіка 2014 года, мае абавязкі — патруляванне, выезды на паведамленні аб здарэннях. Мы першыя, хто прыязджае, калі чалавек звоніць у 102.

«Наша Ніва»: Чаму ўвогуле пайшлі служыць?

Фото: «Наша Ніва»

Раман Весялоўскі: Не зусім склалася з універсітэтам — Беларускім нацыянальным тэхнічным. Зразумеў, што абраў не тое, перавёўся на завочнае, тут устала пытанне войска. Ісці служыць ва Унутраныя войскі? Дык можна пайсці працаваць, рабіць тое ж самае, але за грошы. Вырашыў зрабіць так.

І мне спадабалася!

У міліцыі адчуў сябе больш у сваёй сферы і забраў дакументы з БНТУ, перавёўся ў Акадэмію міліцыі на грамадзянскі факультэт, вывучаю права.

У міліцыі працаваць не цяжка фізічна, але цяжка маральна: гэта работа з людзьмі і гэта рэдка лепшыя прадстаўнікі чалавецтва.

Калі стала з імі працуеш, то пачынаецца нейкая прафдэфармацыя, з'яўляюцца думкі аб бескарыснасці работы: усё роўна заўсёды будуць зладзеі.

Але мне падабалася быць такім арбітрам, як у футболе — так, ты ні на што не ўплываеш, але дзякуючы табе гульня ідзе па правілах.

Мне падабалася дапамагаць «добрым» і лавіць «кепскіх», я лічыў сябе карысным для грамадства, адчуваў, што служу людзям.

Фото: «Наша Ніва»

«Наша Ніва»: Ёсць гісторыі, якімі вы ганарыцеся?

Раман Весялоўскі: Ёсць, але гэта ўсё банальныя рэчы. Напрыклад, калі чалавек губляе тэлефон, то па шаблоне ён піша заяву, тая разглядацца, робяцца запыты, потым толькі тэлефон шукаецца, гэта займае час.

І вось звярнуўся чалавек: згубіў тэлефон або скралі — не ведае. Там усе кантакты, сімка замежная.

Ну я мог бы павесці яго ў пастарунак, там каб ён пісаў заяву.

Але мы проста пасадзілі яго ў машыну і паехалі шукаць па тых месцах, дзе ён быў. І знайшлі ў адным з бараў.

Здаецца што проста, але я такімі гісторыямі ганаруся, калі адыходзіў ад шаблону і дапамагаў хутка.

«Наша Ніва»: А чаму служба вас навучыла?

Раман Весялоўскі: З прафесійнага — ацэньваеш абстаноўку аўтаматычна, разумееш, дзе могуць быць рызыкі. А з жыццёвага — вытрымка і кантроль таго, што ты робіш і што кажаш, адмова ад крайнасцей.

Ну і таксама я раней думаў, што вось нейкі маргінал: алкаголік, бомж, ён такі, бо да яго так ставяцца, не любяць. Але не, я зразумеў, што калі чалавек сам абраў такі шлях, то ўсё, не выправіш яго ўжо, толькі калі сам не адумаецца.

«Наша Ніва»: А зброю даводзілася ўжываць?

Фото: «Наша Ніва»

Раман Весялоўскі: Не, зброю ніколі. ПР [дубінку, скарот ад «палка резиновая» — НН] толькі адзін раз пры такіх абставінах: дзве п'яныя кампаніі нешта не падзялілі, пабіліся, пацярпелі людзі на вуліцы, трэба ўсіх затрымліваць, яны ў розныя бакі, я аднаго здаганяю, па-людску з ім, нават кайданкі не надзяваў. А ён ля машыны мяне адштурхоўвае і бегчы, я здагнаў зноў, вяду, ён зноў вырываецца, паваліў мяне, ну тады я ўжо па мяккіх тканках і даў яму, каб не мог бегчы.

Я ўвогуле ПР-ам карыстацца не любіў, лічыў, што яны неэфектыўныя: імі складана біць, да таго ж, яны цяжкія і траўматычныя, я лічыў, што будзе вельмі несправядліва, калі чалавек выйшаў папіць піва і недзе накасячыў, што давялося выклікаць міліцыю, а тая яму зламала палкай палец. Здароўе ўсё ж каштоўнасць.

У асноўным сіла і спецсродкі ўжываюцца да п'яных, якім нічога немагчыма патлумачыць. Ну пярцовы балончык некалькі разоў ужываў, разы чатыры, гэта было для самаабароны, калі чалавек кідаецца і б'е. Гэта крайняя мера, бо заўсёды з гэтым балончыкам ты зачэпіш і сябе.

«Наша Ніва»: На палітычных мерапрыемствах працавалі?

Раман Весялоўскі: На БНР-100 быў на надглядзе.

Я лічу, што міліцыя не павінна займаць палітычны бок, я не падзяляў людзей па сцягах і тады. Памятаю, што была атмасфера свята, ветлівыя прыязныя людзі, але, як на любым масавым мерапрыемстве, былі і грубыя людзі, якія шукаюць канфлікту, і на 3 Ліпеня так.

Тады на інструктажы казалі, што будзе шмат людзей, шмат прэсы, трэба быць ветлівымі.

На мітынгу Ціханоўскай працаваў на кантролі, таксама атмасфера свята, людзі нам дзякавалі і ўсміхаліся, гэта было прыемна.

«Наша Ніва»: Якія былі планы на прафесію?

Раман Весялоўскі: Натуральна, расці вышэй. Мне падабалася работа, хацелася развівацца ў бок фінансаў: УБЭЗ, УДФР, вось туды.

«Наша Ніва»: Дык чаму тады сышлі?

Раман Весялоўскі: Сышоў, таму што міліцыя стала інструментам для ўтрымання ўлады, а не незалежным органам. Гэта калі сцісла.

Мне прыкра і крыўдна, я лічу няправільным, калі супрацоўнік спецпадраздзялення ахоўвае сцяну, лазіць на гарышча здымаць сцяг. Гэта настолькі нізка, такая непавага да пагонаў…

Чалавек, які рыхтаваўся абараняць людзей ад мацёрых злачынцаў, дзяржава выдаткоўвала на гэта грошы, а ён цягне за руку дзяўчынку…

Так, мяне гэта не закранула, але я разумеў, што рана ці позна закране, але гэта не тое, дзеля чаго я ішоў у міліцыю.

Ніхто з кіраўніцтва мне не замінаў, хіба што казалі пачакаць, падумаць, можа яшчэ ўтрасецца, «ты ж перспектыўны, вучышся, мы хацелі раіць цябе вышэй».

Але гэтыя зверствы 9-11-га… Кожны задаваў сабе пытанне, ці можа ён заплюшчыць на гэта вочы або не. Я — не.

«Наша Ніва»: У фонды грашовай дапамогі сілавікам звярталіся?

Раман Весялоўскі: Не. У людзей гора — некаму ногі паламалі, нехта страціў зубы, зрок. А я тут проста звольніўся і «дайце мне за гэта грошай»? Не ведаю, я не стаў. Гэта па-першае.

А па-другое, я гаварыў з тымі, хто раней сышоў і атрымліваў грошы, а там умовы, мне яны не вельмі спадабаліся, я не хацеў бы на відэа казаць, што я герой, а тыя, хто не зрабіў, як я, — не вельмі добрыя людзі. Я так не лічу, я не думаю што ўсе, хто застаўся, — кепскія, не маю маральнага права казаць так аб калегах і не магу.

Фото: «Наша Ніва»

«Наша Ніва»: Да выбараў жа было нейкае прадчуванне супрацьстаяння. Вас, міліцыю, неяк рыхтавалі да гэтага?

Раман Весялоўскі: Ясна было, што будуць нязгодныя з вынікамі выбараў, калі Лукашэнка абвесціць сябе пераможцам, хіба што не чакалася, што іх будзе так шмат.

Так, праводзіліся вучэнні, але яны рэгулярна праводзяцца, тут жа так супала, што перад выбарамі яны былі.

Нейкіх асаблівых ідэалагічных накручванняў канкрэтна на мяне не праводзілася.

«Наша Ніва»: Дзе былі ў ноч на 10 жніўня?

Раман Весялоўскі: Дома. Раніцай мне трэба было на працу, але я амаль не спаў і спрабаваў праз проксі даведацца, што робіцца ў цэнтры. Працаваць мяне не паставілі, можа быць так супала ці неяк кіраўніцтва разумела, што я не гару жаданнем удзельнічаць.

Раніцай, калі прыбыў у РУУС, затрыманых я не бачыў, бачыў толькі вынятыя рэчы, пасля гэтага пайшоў на маршрут, адпаведна, у ноч на 11 таксама быў дома.

«Наша Ніва»: І калі вы зразумелі, што нарабілі сілавікі?

Раман Весялоўскі: 9-11-га былі нейкія фрагменты, дзе было бачна, што супрацоўнікі перагінаюць, але я думаў, што гэта асобныя людзі, а не сістэма, што залежыць ад асобы.

Але, калі аднавіўся інтэрнэт і ўсё стала ясна, у мяне ўзнік вялізны дысананс, стала не па сабе, я зразумеў, што пасля такога не будзе ніякай павагі да супрацоўніка, бо па ўсёй міліцыі мяркуюць па яе вонкавых службах.

«Наша Ніва»: Вы абмяркоўвалі зверствы ў калектыве?

Раман Весялоўскі: Не, гэта імкнуліся не абмяркоўваць. Кожны галасаваў па-рознаму. Я, напрыклад, за Ціханоўскую, не я адзін. Каб калектыў не разлагаць, размовы не вяліся.

Але ў вузкіх кампаніях, дзе людзі — таварышы, канечне, абмяркоўвалі. Пасля такіх размоў людзі і прымалі рашэнні звальняцца.

Пазіцыя кіраўніцтва ж была такая, што ўсё гэта фэйкі, гэта прыдумана, дзяўчатам плацяць тысячы еўра за заявы ў следчыя органы.

«Наша Ніва»: А вы можаце патлумачыць, як беларусы дайшлі да катаванняў і забойстваў?

Раман Весялоўскі: Я не магу сказаць, што 9-10-га з боку пратэстоўцаў усё было мірна, гэта не так. Я бачыў нават канфіскаваныя нун-чакі, заточаныя арматуры, ды што там — ёсць відэа, дзе міліцыю білі разабранымі дошкамі ад лавак.

Я магу паспрабаваць патлумачыць, чаму дэманстранты праявілі агрэсію: усё для іх пачалося не 9-га, гэтую спружыну пачалі сціскаць раней, гэта павінна было стрэліць.

Яшчэ да выбараў неабгрунтавана затрымлівалі людзей, той жа Ціханоўскі ў Гродне — гэта што?

Потым Бабарыка, потым пратэсты і праца нейкіх людзей не па форме, у медыцынскіх масках, якія проста заходзяць у натоўп, выхопліваюць каго трэба і выходзяць з ім. Ужо з законам пачало адбываецца нешта незразумелае.

І было ясна, што, калі ў людзей не застаецца законных спосабаў абараніцца, яны будуць выкарыстоўваць незаконныя, плюс, да гэтага падбухторвалі вялікія тэлеграм-каналы, і на вуліцы ў першыя дні выйшлі тыя, хто быў гатовы даць фізічны адказ міліцыі. Гэта нараджала супрацьстаянні.

А вось чым патлумачыць такія жорсткія дзеянні міліцыі? Шчыра, я не ведаю.

Па БТ нядаўна быў рэпартаж, вядучыя сказалі фразу, кшталту, калі чалавек у натоўпе аднадумцаў, ягоны твар схаваны і існуе падманлівае пачуццё ананімнасці і беспакаранасці, то ён можа ўчыняць неабдуманыя агрэсіўныя дзеянні.

Калі гэтае правіла псіхалогіі справядлівае, то яно працуе і на людзей у чорных масках.

Ваша пытанне трэба задаваць псіхолагам, якія займаліся адборам. Я не ведаю, як гэта патлумачыць, але дайшло да натуральнага садызму. У мяне былі размовы з калегамі, з начальствам, я казаў, што разумею матывацыю таго, што людзей трэба з вуліц прыбіраць, але якімі метадамі?

Хадзілі плёткі, што затрымліваюць людзей з канвертамі з грашыма, што гэта праплачана, што на вуліцах паднаглядны кантынгент з крымінальным мінулым і гэтак далей, можа гэта неяк зніжала адказнасць выканаўцаў перад уласнай мараллю.

«Наша Ніва»: Але ўжо не першы тыдзень працягваюцца пратэсты, вы дагэтуль трымаецеся думкі, што выходзяць маргіналізаваныя элементы?

Раман Весялоўскі: Не, зусім. Апошні мой працоўны дзень быў у дзень самага буйнога мітынгу, я не ўбачыў там наркаманаў, маргіналаў або людзей, гатовых забіваць.

Я не думаю, што людзі, якія разуваюцца перад тым, як устаць на лаву, гатовыя ісці і біць шкло. І мы назіраем моманты, калі праўладныя мітынгі сустракаліся з непраўладнымі. Тыя, хто ідзе ў непраўладных, у іх стаўленне такое: «Вы маеце права быць», але іншы бок мэтанакіравана нападае, лаецца, скандаліць, зычыць смерці, а ім у адказ — здароўя.

«Наша Ніва»: Дык што, па-вашаму, цяпер з іміджам міліцыі?

Раман Весялоўскі: У любым разе ў органы будуць звяртацца: камусьці машыну падрапалі, у кагосьці тэлефон скралі, суседзі п'яныя. Але, як па мне, у людзей ужо няма разумення, што міліцыя дапаможа і абароніць, што ў гэтым яе роля.

Так, ёсць людзі там вартыя вялізнай павагі, але яны за 5 хвілін не дакажуць чалавеку, што яны не такія, як людзі ў чорным з вядомых усім відэа, або не такія, як тыя, хто дае паказанні ў судах.

«Наша Ніва»: Сапраўды, вельмі часта таямнічых сведкаў у балаклавах абвінавачваюць у хлуслівых паказаннях. Чаму так адбываецца, па-вашаму?

Раман Весялоўскі: Сам я быў сведкам у судзе, адказваў па міліцэйскіх пытаннях: «Вы затрымлівалі? — Я», «Пры якіх абставінах? — Пры такіх».

Але ў чым адрозненні судоў з палітычным падтэкстам, дык гэта тое, — я лічу гэта няправільным, — што калі нестыкоўкі ў супрацоўнікаў міліцыі, ім гэта спускаецца, калі нестыкоўкі ў чалавека, то гэта ў шкоду яму.

Спадзяюся, я правільна скажу, выкладчыкі мае не пачырванеюць, што ў грамадзянскім кодэксе адказчык павінен даказваць, што ён невінаваты, а ў адміністратыўным і крымінальным кодэксе менавіта дзяржава павінна даказваць, што адказчык вінаваты, і ўсё, што недаказальнае, што не атрымалася даказаць у судзе, павінна трактавацца на карысць абвінавачанага.

І я не дам адказу на пытанне, чаму некаторыя міліцыянеры ідуць на некаторыя, так скажам, крывадушшы.

Я толькі магу паразважаць, што гэта страх вымовы, звальнення, безграшоўя. З цяперашнімі заробкамі мала ў каго атрымліваецца нейкія грошы адкласці, каб хаця б на некалькі месяцаў была падушка бяспекі, у дзень заробку ў кішэні застаецца 20 рублёў — страшна страціць гэта, калі нічога няма, таму, напэўна, ідуць на згоду з сумленнем.

«Наша Ніва»: Але ці справядліва ўсіх мазаць чорнай фарбай?

Раман Весялоўскі: Я магу паручыцца за некаторых людзей, якія працавалі са мной. Я больш чым упэўнены, што калі б яны трапілі на плошчу, то дзейнічалі б так, як гэта дазваляе і патрабуе заканадаўства, не білі б ляжачых, бо момант учынення правапарушэння ўжо прайшоў, чалавек затрыманы.

Фото: «Наша Ніва»

Адзін з нашых кіраўнічых афіцэраў казаў, мне гэта перадалі, што «калі нехта будзе заўважаны за збіццём, то ён паедзе на Акрэсціна разам з тым, каго ён біў».

Я ведаю, што многія шчыра хочуць дапамагаць людзям, але ім няма куды пайсці, гэта іх жыццё: ён прыйшоў у міліцыю, пакуль там быў нейкі аўтарытэт, ён дапамагаў людзям, верыў у гэта, пайшоў вучыцца ў Акадэмію МУС, атрымаў міліцэйскую спецыяльнасць, адслужыў 10 год. Цяпер кінуць усё? Нікуды ж не возьмуць, а так ён ведае: што б ні здарылася, 20-га ён атрымае заробак, у сям'і будуць грошы.

Гэтыя людзі застаюцца працаваць у міліцыі. Я думаю, што калі камусьці спатрэбіцца дапамога і яны трапяць на такіх супрацоўнікаў, то людзі будуць задаволеныя якасцю іх работы, да іх будзе павага — але да канкрэтных людзей, не да сістэмы, я ўжо не бачу, як бы яна магла адмыцца, пакуль тыя, хто забіваў і калечыў, не панеслі ніякага пакарання.

Стаўленне, праўда, будзе кепскім да ўсіх. Я паспеў з гэтым сутыкнуцца: хадзіў па маршруце ў жніўні з калегам, тут дзяўчына на ровары, спыняецца і ідзе побач, збіраецца з думкамі.

Я думаю, можа, у яе што здарылася, жартам пытаюся, ці ахоўвае яна нас, калі не, то чым можам дапамагчы.

У адказ яна пачала выхоўваць нас, што яна плаціць падаткі, навошта яна гэта робіць? Ці не сорамна нам? Што мы б звольніліся, калі б было сумленне.

Я разумеў, што ёй па барабане, што я ёй адкажу, яна правакуе канфлікт, я маўчаў, я ж не магу ёй тэлепатычна перадаць свае погляды.

«Наша Ніва»: Як выходзіць з сітуацыі?

Раман Весялоўскі: Я не скажу, я не палітык. Але я не ведаю ніводнага прыкладу, калі рэпрэсіі прыводзілі да чагосьці добрага, гэта нічога не дасць. А вінаватыя: тыя, хто займаўся садызмам з аднаго боку, і тыя, хто кідаў кактэйлі молатава з іншага, — павінны быць пакараныя, усе два бакі, не адзін.

«Наша Ніва»: Дык якія цяпер вашы планы на жыццё?

Раман Весялоўскі: Я пайшоў на ІТ-курсы, так выйшла, што акурат на тыя, за якімі доўга сачыў у сацыяльных сетках. Спадзяюся, што яны скончацца да Новага года, і я неяк у гэты бок буду рухацца.

Ну а пакуль працую ў службе дастаўкі.

«Наша Ніва»: І як, у заробку моцна страцілі?

Раман Весялоўскі: А ведаеце, не. Атрымаў за месяц на 40 рублёў больш, чым у міліцыі. За апошні поўны месяц у міліцыі я зарабіў чыстымі $390 у эквіваленце.

https://nashaniva.by/?c=ar&i=260050

Скачивайте и устанавливайте мессенджер Telegram на свой смартфон или компьютер, подписывайтесь (кнопка «Присоединиться») на канал «Хартия-97».