Аляксандр Мілінкевіч: «ЕС і ЗША павінны выступаць адным фронтам»
- 8.12.2007, 20:39
На сустрэчы з дэлегацыяй беларускай апазіцыі прэзідэнт ЗША Джордж Буш распавядаў гісторыі са свайго жыцця і папрасіў доўга не казаць пра падзеі ў Беларусі, бо выдатна ўсё ведае.
У інтэрв’ю Рацыі Аляксандр Мілінкевіч дзеліцца ўражаннямі ад візіту ў ЗША.
‑ Спадар Мілінкевіч, ужо пяць дзён дэлегацыя дэмакратычных сіл Беларусі знаходзіцца ў ЗША. Адбылася вашая сустрэча з Джоржам Бушам. Якія вашыя агульныя ўражанні ад візыту?
‑ Я б назваў гэты візіт партнёрскім, а не фармальным. Канешне, прыём у Джоджа Буша ці Кандалізы Райс — гэта вялікая маральная падтрымка працэсаў дэмакратызацыі ў Беларусі. Але ўсё ж — гэтыя сустрэчы партнёрскія. І Буш, і Райс выдатна ведаюць пра сітуацыю у нашай краіне. Нават прасілі доўга не распавядаць пра тое, што адбываецца, а вырашаць, што мы можам рабіць разам. Сярод таго, пра што мы размаўлялі, на першым месцы былі медыі. Казалі, што ўсе яны патрабуюць падтрымкі, не можа быць прыярытэтаў. Вялося пра маленькія і буйныя газеты, пра радыёстанцыі, пра тэлебачанне. Тое, што ёсць, трэба падтрымаць.
‑ Як будзе здзяйсняцца гэтая падтрымка?
‑ Мы ведаем, як гэта здзяйсняць і як падтрымліваць гэтыя СМІ. Галоўнае, каб было палітычнае рашэнне. Зразумела, што ў палітыцы падтрымкі правоў чалавека ў свеце ў Злучаных Штатаў праблем шмат. Беларусь — толькі адна з такіх праблемных краін. Але ў плане падтрымкі газет, радыё і тэлебачання праблем не будзе.
‑ Як на Вашую думку, ці назіраецца пэўнае паразуменне пазіцый па сітуацыі ў Беларусі паміж вамі, амерыканскім кіраўніцтвам і кіраўніцтвам Еўрапейскага саюзу?
‑ ЗША — краіна гістарычна яшчэ маладая. Такую магутную дзяржаву амерыканцы збудавалі дзякуючы таму, што была зробленая стаўка на маральныя каштоўнасці: свабода, дэмакратыя, правы чалавека. Мы змагаемся за тое ж самае. Таму нам вельмі проста паразумецца. ЗША сапраўды лічаць сваёй місіяй патрымку дэмакратыі ва ўсім свеце. І тут змены палітыкі не адбываецца. Іншая справа ў прыарытэтах. У Еўропе Беларусь — безумоўны прыарытэт. Дарэчы, мы размаўлялі пра неабходнасць цеснага супрацоўніцтва паміж краінамі ЕС і ЗША, што да сітуацыі ў Беларусі. Яны павінны выступаць адным фронтам. Сёння будзе сустрэча з тройкай Еўрасаюза. Учора ў нас была сустрэча з амбасадарам Нямеччыны тут. Так што падчас нашага візіту тэма супрацоўніцтва Еўропы з Беларуссю таксама прыстунічае.
‑ Распавядзіце, калі ласка, падрабязней пра сустрэчу амерыканскім прэзідэнтам Джорджам Бушам. Якія ў Вас уражанні ад яго, як ад чалавека і палітыка.
‑ Я з ім сустракаюся ўжо ў трэці раз. Гэта была даволі доўгая сустрэча — доўжылася гадзіну замест 40 хвілін. Буш паказаў сябе вельмі шчырым, адкрытым і маральным палітыкам. Казаў, што ён глыбока веруючы чалавек, і гэта адна з прычынаў, чаму ён у палітыцы. Буш распавядаў багата гісторыяў пра сваё жыццё. Нават не даў нам сказаць тое, што мы падрыхтавалі. Замест гэтага ён пачаў весці дыскусію, дыялог. Без сумнему, гэта палітык вельмі высога узроўню.