Улада як ніколі баіцца пратэстаў
11- 12.01.2008, 16:44
Каардынатар кампаніі “за свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” у Менску Аляксандр Таўстыка лічыць, што сённяшнія арышт Аляксандра Макаева і суд над Віктарам Гарбачовым, папярэднія арышты дэмакратычных актывістаў сведчаць пра тое, што ўлада як ніколі баіцца пратэстаў грамадзян.
“Арышты лідэраў прадпрымальніцкага руху, нават тых, хто з аб’ектыўных прычынаў не ўдзельнічаў у апошняй акцыі пратэсту і да каго, здавалася б, нельга прычапіцца, сведчыць пра тое, што ўлада сур’ёзна занепакоена хваляваннямі грамадзян. Арыштоўваюцца палітыкі і маладзёвыя актывісты. Улада спрабуе ізаляваць актыўных грамадзян напярэдадні 21 студзеня, калі прадпрымальнікі збіраюцца вывесці на вуліцы больш за 10 тысяч чалавек. Мы верым, што 21-га адбудзецца моцная акцыя. Пад уплывам адмены льгот, росту спажывецкіх коштаў да нас далучацца студэнцтва, пенсіянеры, донары, усе грамадзяне, якія востра адчуваюць на сабе пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне”, - сказаў Аляксандр Таўстыка.
Нагадаем, Аляксандр Макаеў быў затрыманы сёння ў цэнтры Менска пасля сустрэчы з намеснікам начальніка ГУУС Аляксандрам Найдзенка, на якой вялося пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна вязьняў, арыштаваных за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня. Сам Макаеў не удзельнічаў у акцыі, бо тады быў затрыманы на прыпынку грамадскага транспарту з малым сынам незадоўга да пачатку акцыі, 2 гадзіны правёў у Фрунзенскім РАУС, пасля чаго знаходзіўся пад хатнім арыштам.