23 мая 2024, четверг, 7:59
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Час марадзёраў

3
Час марадзёраў

Нішто сабе пачынаецца год! Яшчэ не паспеў баявы авангард рэжыму ачуняць ад святочнай папойкі, а ўжо зухавата ўзяўся за працу. Калоны аўтазакаў рушылі ў цэнтр сталіцы. Там жа прадпрыймальнікі пратэстуюць. Хіба можна цярпець гэткі здзек над рэжымам?

І ўдарныя шыхты пайшлі на натоўп, пракладаючы шлях дубінкамі і кулакамі. І гэта ўжо не тыя кулакі, што гаспадарылі тут калісьці. У скураных адмысловых пальчатках. З металічнай укладкай. Даўняе вынаходніцтва крымінальнікаў пад назовам “касцет”.

Сакоча бесперапынна шавецкая машынка ўжо вядомага на ўвесь свет правасуддзя – шыюць судовыя справы. Па старых, апрабаваных схемах. Па даўніх лекалах. На ўсю катушку. Прыстойным, адукаваным людзям – за мат, за хуліганства. Чорт ведае за што. На нары. У бамжатнік. У камеры, дзе сядзяць п’янтосы і небяспечна хворыя. Дзе тэмпература каля нуля. Дзе не дазволены нават абавязковыя ва ўсіх турмах свету кароткатэрміновыя выхады на свежае паветра. Для вычварэнскіх катаванняў не абавязковая наяўнасць ката.

І бессэнсоўна распавядаць на судовых працэсах пра зверствы амапаўцаў. Пра тое, як нагамі збівалі ў падземным пераходзе на плошчы Незалежнасці непаўналетняга хлопца. Дарэмна студэнтка звяртае ўвагу суддзяў на тое, як біў яе ў твар каваным кулаком амапавец і дэманструе залітую крывёю куртку. Чхаць хацела правасуддзе на тое. На паказаннях сведкаў грунтуецца прысуд.

А сведкі ў мянтоўскіх пагонах іржуць у калідоры, распавядаючы пахабныя анекдоты. Ім весела. Зарплата добрая. Рэжым непахісны. У галаве адна звіліна. А болей – навошта? Як там было сказана калісьці? За нас фюрэр думае! І яны засведчаць усё, што трэба.

Кравецкі цэх правасуддзя працуе выдатна. Швы бездакорныя. Рукі ўмелыя, спрактыкаваныя. Колькі спатрэбіцца, столькі пасадзяць.

Год пачаўся, як і павінен быў пачацца пры гэткім рэжыме – подла і мярзотна. Нічога новага. Усё тая ж руціна зоны, якаую трымае пад кантролем супольнасць крымінальнікаў і вертухаяў. І толькі адна недарэчная нечаканасць парушыла звычную завядзёнку. Галоўны міліцыянт прызнаўся, што быў гатовы пусціць слязу. Зусім не таму, што падначаленыя вырадкі, загнаўшы дзяўчат у аўтазак, агідна іх абражалі і лаяліся такім вычварэнскім матам, што нават апошні зэк такога б сабе не дазволіў. Зусім не тое выціснула слязу. Дэманстранты, высветлілася, крыўдзілі няшчасных амапаўцаў!

І ён плача, бедны. Але хіба не даносілі яму падначаленыя, як падчас незабыўнага супрацьстаяння з нагоды масавых парушэнняў закона на прэзідэнцкіх выбарах плошча скандавала: “Міліцыя з народам!” І чым яны аддзячылі народу за гэткую добразычлівасць? Усё тым жа кулаком, абкладзеным металам, усё тымі ж аўтазакамі і масавай пасадкай у бамжатнік. Ды яшчэ жудаснай карнай аперацыяй на пачатку праспекта Дзяржынскага.

Колькі часу Захад пераконваў гэтую ўладу сесці за стол перамоваў і пашукаць шлях да паразумення і згоды ў грамадстве. Шмат хто гатовы быў нават не ўзгадваць пра зверствы рэжыму дзеля гэткай мэты. Марныя спадзяванні!..

Як у рэальнасці выглядала б усё тое, прадэманстраваў намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў сталічнага выканкама. Ледзь выйшаў ад яго пасля перамоваў лідар прадпрыймальніцкага руху Аляксандр Макаеў, як быў тут жа арыштаваны.

Гэтым разам ударныя сілы рэжыму атакавалі прадпрыймальнікаў. На каго яны абрынуцца заўтра? На незадаволеных жыццём вяскоўцаў, студэнтаў або пенсіянераў? Не трэба гадаць. Яны абрынуцца на ўсіх нас. Пакуль мы ўсе паасобку.

Нашы заходнія суседзі ўжо даўно жывуць па законах свабоды. Там складаная структура грамадства. Там прафесійныя ды іншыя інтарэсы яднаюць людзей. Прафсаюзы і партыі пільна сочаць за станам правоў грамадзян. А па гэты бок мяжы нібы іншы свет. Тут няма маладых і старых. Няма аратых і інжэнераў. Няма настаўнікаў і гандляроў. Тут усё інакш. Ёсць толькі яны і мы. Калі мы не спынім гвалт і здзек, яны нас знішчаць. Гэта закон, які дзейнічае пры ўсіх дыктатурах. Выключэнняў пакуль не было.

Свабода зусім недалёка. Але яе не цікавяць пакорлівыя і баязліўцы. Шлях да яе добра ведае кожны. А пакуль нашы плошчы і вуліцы безнадзейна пустыя, у краіне гаспадараць марадзёры.

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях