4 мая 2024, суббота, 1:56
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Варта сказаць хаму толькі адно слова

4
Варта сказаць хаму толькі адно слова

Так павялося здаўна. Пасля няўдалай рэвалюцыі або паразы на чарговых выбарах заўсёды шукаюць вінаватага. Час роспачы і расчаравання гэтаму спрыяе. Грамадства не можа не вызначыць таго, хто за ўсё павінен быць адказны.

Не заўсёды тое – простая задача. І здараецца зрэдку, што вінаватых не знаходзяць. Або наадварот выяўляецца іх столькі, што ўсенароднае пакаранне, хаця б у выглядзе пагарды, страчвае сэнс. Але Беларусь – шчаслівая краіна. Тут даўно і назаўсёды вызначылі, хто вінаваты. Ва ўсіх нашых бедах. У цяжкіх пакутах пад гнётам дыктатуры. У няспраўджаных надзеях. Гэта – апазіцыя.

Першай тое ўцяміла ўлада. Падчас выбараў, якія павінны былі вывесці краіну ў Еўропу, правіцель рашуча заявіў: не тая ў нас апазіцыя. Беларусі тэрмінова патрабуецца іншая. Сістэмная. Канструктыўная. Якая разам з уладай будавала б дзяржаву. Тую, якая ёсць. З яе вертыкальнай беззаконнасцю і азіяцкім дэспатызмам.

І зусім не дзіўна, што менавіта гэтая думка, простая, нібы калючы дрот, знайшла ў нашым грамадстве водгук. Шмат хто даўно ўжо зразумеў, адкуль ўсе нашы бясконцыя няўдачы і паразы. Апазіцыя - не тая. Апошнія выбары выразна паказалі, да якой ступені яна ў нас не тая. Не здолела нават аб’яднацца. Дакладна вызначыць стратэгію. Хтосьці паспяшаўся ў дэпутаты. Хтосьці дэкляраваў байкот. А як у такім выпадку вызначыць пазіцыю простаму выбарцу? Куды ісці – на выбарчы ўчастак? На плошчу? Або ўзяць піва і застацца дома?

Яшчэ пасля выбараў прэзідэнцкіх чуліся цвярозыя галасы. Дэмакратычнаму руху патрэбны дэталёвы “разбор палётаў”. Апазіцыя не прывяла народ да перамогі. Колькі год за ёю крочыць паслухмянае грамадства, і куды яно прыйшло? Усё той жа агідны фокус з падлікам галасоў. Усё тая ж “элегантная перамога” дзеючай улады. Зразумела, што слабая апазіцыя павінна ў такім выпадку сысці. Зусім іншая сёння патрабуецца краіне. Аб’яднаная. Рашучая. Здольная вывесці краіну з бязмежнага балота.

Думка слушная. Пытанне толькі ў тым, дзе новую ўзяць? У якой бульбе яна да гэтых дзён хаваецца? Па якіх прыкметах люд паспаліты здагадаецца, што новая сіла ўжо гатовая выйсці на палітычную арэну?

Плошча пакуль пустуе. Штатнага раскладу апазіцыя не мае. І ўвогуле, ніхто яе тут не наймаў. І шапку па крузе, каб падрымаць хаця б свабодную прэсу, даўно мы не пускалі. Дык можа, не варта кідаць каменне ў тых, хто мае мужнасць не пагаджацца з дыктатарскай уладай. А трапіць на зайздросную пасаду апазіцыянера куды як проста. Варта толькі сказаць прыўладнаму хаму адно толькі слова – “не!” Далейшае афармленне прыналежнасці да апазіцыі возьме на сябе ўсё тая ж улада. Аднак масавых пратэстаў на яе дзікунствы пакуль не назіраецца. Затое выразна чуваць, як шапацяць купюры – тыя, хто працаваў у выбарчых камісіях, дзеляць між сабою з’эканомленыя шэсць мільярдаў. Фантастычны фарс адбыўся меншым коштам. І не якія-небудзь монстры сядзелі ў тых камісіях. У большасці адукаваныя, інтэлігентныя людзі. Выдатна бачылі, як лічаць галасы. І самі іх гэтак жа лічылі. Добра ведалі, што рабілі. Не ведаць не маглі.

Дык чаго ж хоча ад сваёй недасканалай апазіцыі наша высокамаральнае, заўсёды незадаволенае яе дзейнасцю грамадства? Не на гэтых, а на папярэдніх, прэзідэнцкіх выбарах лідэрам яе шмат хто з суседзяў мог бы пазайздросціць. Дзе, у якой краіне можна вывесці на плошчу дзесяткі тысяч здольных да супраціву? Ужо дыктатар палахліва сцягваў у цэнтр усё новыя і новыя рэзервы карнікаў. Здавалася, яшчэ крыху – і будзе пройдзена кропка незвароту. Гэта разумелі ўсе. Клаксоны машын зліваліся ў адзіны хор – іх кіроўцы выказвалі сваю падтрымку пратэстоўцам. Заставалася хіба што драбяза. Паставіць машыну ў гараж ці на стаянку. І далучыцца. Патэлефанаваць знаёмым і сябрам. Усім, на каго можна спадзявацца. І паклікаць на плошчу, дзе ў той момант вырашалася ўсё. Але тутэйшай мужнасці хапіла толькі на клаксон. Імпэт сышоў у гудок. Колькасць тых, хто на плошчу выйшаў, не расла. Катастрафічна не расла.

Тады на арэну выйшлі карнікі. І адбылося тое, што адбылося. А тая апазіцыя, пра якую марыць Беларусь, – новая, рашучая – засталася ўсё ў той жа бульбе. І няма ніякіх сведчанняў, што яна адтуль з цягам часу выйдзе.

Калі суседзі нашы ў Польшчы зразумелі, што без свабоды ім няма жыцця, грамадства згуртавалася вакол “Салідарнасці”. Гэта ж падумаць толькі – вакол прафсаюза. А ў лідэры выйшаў рабочы, электрык Гданьскай верфі. Хіба такое магчыма ў Беларусі? Ды калі б тут раптам з’явіліся і Гавел, і Валенса, ці шмат яны сабралі б аднадумцаў? І ўвогуле, не асоба тады з’яднала Польшчу. А неадольнае імкненне народа да свабоды. А хто там на чале – пытанне зусім іншае.

Дык тое – у Польшчы. А тут наша спрадвечная бяда: апазіцыя не тая.

Але выйсце ёсць. Можа, не варта шукаць нам вінаватага? І папракаць няведама каго. А ўспомніць нарэшце, што найлепшым чынам лёс краіны можа вырашыць народ. І скончыць бясконцы плач над нашым горкім лёсам. І хоць што-небудзь зрабіць дзеля свабоды. У конкурсе гісторыі на лепшы лад жыцця шанцы ўсіх роўныя.

Спяшайцеся, панове!

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях