4 мая 2024, суббота, 2:49
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Татальная аблава абвешчана не сёння

3
Татальная аблава абвешчана не сёння

Перамовы ўлады з Еўразвязам, урачыстыя абяцанні ды іншыя эмацыйныя заявы на звыклы лад жыцця ніяк не ўплываюць. Высокія ўлады – самі па сабе. А міліцыя – у сваім рэжыме.

Няма такой краіны ў свеце, якая не стамлялася б ніколі. Рана ці позна надыходзіць час, калі грамадству надакучваюць палымяныя жарсці. І яно пачынае думаць пра вечнае. Або займацца чымсьці звычайным, будзённым.

Палітыка ўвогуле некуды знікае. Найчасцей здараецца такое недзе на сыходзе лістапада, калі на даляглядзе бачыцца ўжо святло каляднай зоркі. Толькі Беларусь – зусім іншая краіна. Тут зацішша не бывае.

Здавалася б, адышлі, адгрукаталі выбары, на якія так шмат паставіла ўлада. А новыя – недзе па той бок рэчаіснасці. Як кажуць, не сезон. Можна расслабіцца. Або хоць на нейкі момант супакоіцца. І не палохаць свет штодзённым паліцэйскім вычварэнствам.

Суцішыцца б на нейкі час. Вытрымаць паўзу. І паглядзець, што да чаго. Але ж не выпадае! Тым болей, незлічоная тутэйшая ахова гэтак званага правапарадку – на варце, як заўсёды. І пільнасці ёй ніколі не бракуе.

Не, злодзеям, бандзюкам ды іншым адпаведным асобам усплёскі міліцэйскай актыўнасці асаблівых непрыемнасцяў не дадаюць. Сілавікі занятыя сваёй асноўнай справай – паляваннем на апазіцыянераў. Перамовы ўлады з Еўразвязам, урачыстыя абяцанні ды іншыя эмацыйныя заявы на звыклы лад жыцця ніяк не ўплываюць. Высокія ўлады – самі па сабе. А міліцыя – у сваім рэжыме.

Зноў схапілі пятнаццаць маладзёнаў. Тыя, бачыце, стаялі на вуліцы Валадарскага каля Пішчалаўскага замка. З партрэтамі Аляксандра Баразенкі. Менавіта ягоным раптоўным арыштам быў адкрыты новы спіс палітзняволеных Беларусі. Пасля таго, як правіцель урачыста паведаміў Бруселю, што ўсе палітзняволеныя – на свбодзе.

Хлопцы і дзяўчаты прыйшлі падтрымаць свайго равесніка. Нікога не чапалі. Улётак мінакам не раздавалі. У дзверы турмы не ламіліся. Стаялі і маўчалі. Але і маўчанне тут – крамола.

Іх схапілі ўсіх. Адвезлі ў пастарунак. Міліцыянты так старанна выконвалі загад, што ўзялі заадно дзядзьку і цётку палітвязня. І нават журналістаў. Нягледзячы на тое, што бачылі добра іх службовыя пасведчанні. А потым, нібы ў мацёрых крымінальнікаў, шмат у каго здымалі адбіткі пальцаў. У прававой тундры недарэчна размаўляць пра нейкія законы.

Абсурд татальнай паліцэйшчыны сягае ўжо няведама куды. Яны канчаткова страцілі пачуццё рэальнасці. Толькі што ва ўсе званы раззванілі пра свой рашучы крок у напрамку дэмакратыі. Падумаць толькі, ажно дзве газеты – “Нашу ніву” і “Народную волю” - дазволілі вярнуць у падпісныя каталогі. Радасныя спадзяванні, выкліканыя нечаканай весткай, узрушылі нязвыклую да гэткіх выбрыкаў краіну Беларусь. У Гародні хлопцы і дзяўчаты нават выйшлі на вуліцу Ажэшкі і пачалі раздаваць дазволеную ўладай “Нашу ніву”. Але фінал гэтага зразумелага парыву да масавага чытача быў звыклы. Міліцыя. Затрыманне. Пастарунак. Па інерцыі схапілі нават журналістаў, якія зацікавіліся недарэчным інцыдэнтам – дазволена ж газета!..

Кожны год у лістападзе на Случчыне ўшаноўваюць памяць паўстанцаў, якія жыццё аддалі за свабоду і незалежнасць Беларусі. Зразумела, што гэткая небяспечная акцыя не можа застацца па-за ўвагай міліцыі ды іншых адказных таварышаў. Але дзіўная рэч, у мінулым годзе яны ўжо нават не перашкаджалі. Толькі суправаджалі мінскія аўтобусы па ўсёй дарозе і назіралі за тымі, хто прыходзіў да памятных крыжоў у Семежаве, Грозаве ды мястэчку Вызна. Магчыма, улады пераканаліся нарэшце, што тыя, хто ускладае кветкі ды моліцца каля крыжоў, браць штурмам Слуцкі выканкам наўрад ці будуць. Але сёлета куды толькі падзелася тая разважлівасць. Яшчэ на шашы міліцыянты спынілі аўтобус з мінчукамі. Запатрабавалі спіс усіх, хто ў ім едзе. У Слуцку каля дома Вайніловіча, дзе ў 1920-м праходзіў з’езд народных дэлегатаў, які абвесціў збройны чын, мясцовыя ўлады гэтым разам не дазволілі нават слова сказаць. У іх, выканкамаўцаў сённяшняга Слуцка, іншыя героі. Тыя, хто расстрэльваў, катаваў і знішчаў у турмах абаронцаў Бацькаўшчыны. Таму да гэтага часу найслаўнейшая старонка гісторыі краіны па-ранейшаму пад забаронай.

Цікава толькі, тры вышэйзгаданыя аперацыі сілавікоў рэжыму прынеслі ім шмат славы? Надта ўмацавалі ўладу? Паслалі патрэбны сігнал Еўропе? Навошта ім гэта дробязная, мярзотная валтузня?

Ні восень, ні палітычныя гульні з Захадам, ні нават блізкія Каляды тут ні на што не ўплываюць. Палявання на нязгодных ніхто не адмяняў. Там, дзе пануе паліцэйшчына, зацішша не бывае.

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях