4 мая 2024, суббота, 8:37
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Калі ўсе – адзін за аднаго

3
Калі ўсе – адзін за аднаго

Дваццаць гадоў у нашым краі – зусім не тэрмін. Тут час цячэ марудна. Ад паўстання да паўстання. Кожнае сканчалася стратамі. Але менавіта яны, тыя вызвольныя паўстанні, уратавалі Беларусь. Не дазволілі нацыі знікнуць назаўжды ў імперскім тлуме.

І чым, калі не вызвольным паўстаннем, былі Дзяды 1988 года? Вольная Беларусь кінула тады выклік савецкай імперыі. Узняла бел-чырвона-белы сцяг. У тым полі за горадам, дзе валанцёры свабоды сутыкнуліся з карнікамі, адбылася першая пасля доўгіх гадоў беспамяцтва бітва за Незалежную Беларусь. Там не было танкаў, як у Вільні. Не было ваяўнічых пермскіх амапаўцаў, як у Рызе. Там былі іншыя карнікі. Але не менш рашучыя і страшныя. Газ “чаромха”, дубінкі ды аўтазакі – далёка не ўвесь арсенал іх спецсродкаў. І збітыя, скалечаныя, кінутыя за краты – не самы вялікі вынік той аперацыі. Кіраўнікі яе добра ведалі, якой мэты павінны дасягнуць падначаленыя ім фармаванні. Таварышы ў генеральскіх і палкоўніцкіх пагонах і змрочныя тыпы ў цывільным разумелі цудоўна, што кулі ды танкі непазбежна абудзяць тут народны супраціў. А таму гэты дзёрзкі выступ трэба зняважыць і зняславіць. І яны аддалі карнікам загад прайсці па галовах людзей. Растаптаць годнасць супраціву. Не атрымалася нічога. Падзея тая скаланула Беларусь. Першая перамога, – вядома ж маральная, – была поўнай і бясспрэчнай.

Прайшло два дзесяцігоддзі. І зноў – Дзяды. І зноў амаль на тым жа месцы сыходзяцца людзі, каб ушанаваць памяць продкаў і ўспомніць той дзень, калі яны, продкі нашы, абудзілі народ да змагання. І ўжо не адзін, як тады, а мноства бел-чырвона-белых сцягоў разгортвае лістападаўскі вецер. Шмат моладзі. Ёсць і тыя, хто ўдзельнічаў у тым выступе дваццацігадовай даўніны. І вось ужо рушыў люд у напрамку Курапатаў. І воплескамі і гудкамі аўтамашын калону сустракае горад. Здавалася б, усе падставы для таго, каб самымі ўзнёслымі словамі вітаць грамадскі ўздым і гэтае шматлюднае шэсце. Ды толькі ёсць адна сумная акалічнасць, якая залішніх ілюзій не пакідае.

Да сваіх продкаў у гэты дзень беларусы ішлі дзьвума калонамі.

У адным напрамку. Пад адным сцягам. Але рознымі шляхамі. Замест аднаго масавага шэсця атрымалася два. Кожнае – так сабе. І толькі ўжо ў Курапатах, калі мімаволі перамяшаліся ўсе, можна пабачыць было, колькі насамрэч тут нераўнадушных. Але хто ўжо мог тое зазначыць, акрамя пераапранутых міліцэйскіх начальнікаў. Але ж яны і без таго добра ведаюць сапраўдныя настроі ў грамадстве. Дык каму і навошта трэба было так настойліва дэманстравыаць беларускае раз’яднанне? Што дзялілі гэтыя дзве плыні на той крыжовай дарозе?

Даўно ўжо вядома, што там, дзе адзін беларус – дзве або нават і тры палітычныя партыі. Але ж здараюцца моманты, калі варта хоць крыху прыцішыць амбіцыі. Каб не было потым горка і сорамна. Але нават там, у Курапатах, нейкім чынам здолелі зноў падзяліцца. Адзін жалобны мітынг прайшоў унізе. Другі – крыху вышэй. І што, надта адрозніваліся прамовы там і тут? Інакш ўскладаліся кветкі? Па-рознаму гарэлі свечкі каля крыжоў?

А можа, даўно наспела ўжо неабходнасць і Курапаты падзяліць на адпаведныя зоны. Каб ведаў кожны, што вось тут – тэрыторыя БНФ, а вось там – КХП БНФ. Здолелі ж нейкім чынам падзяліць нават памяць. Пра нацыю ўжо і казаць няма чаго. Да таго даспрачаліся, што нават Дзень Волі ўжо кожны святкуе паасобку. Да чаго ж мы дайшлі, панове?

Нашы суседзі і шматлікія акупанты даўно заўважылі дзіўную рысу беларусаў – няздольнасць да адзінства. Навучыліся гэтым карыстацца. І беларусы самааддана білі адзін аднаго на карысць чужынцам то падчас вайны з Напалеонам, то ў шматлікіх паўстаннях, то ў войнах Грамадзянскай і Другой сусветнай. Нічога ў інтарэсах народа і краіны. Усё дзеля чужынцаў.

Старая імперская палітыка раз’яднання сённяшняй уладай удасканалена выдатна. Раскалоць партыю, дыскрэдытаваць вядомага палітыка, пасварыць учорашніх паплечнікаў – прасцей простага. Беларускі супраціў драбнее, чэзне і слабее. Даўно ўжо няма для ўсіх адзінай мэты. А ёсць уласны, свой начальнік. І ён вызначае адметны стратэгічны шлях. Па якім можна ісці бясконца. І нікуды не прыйсці. Гэтую інерцыю ўмомант не адолець. Але рана ці позна і тут надыдзе час, калі давядзецца прыцішыць партыйныя пачуцці. І ўспомніць, што краіна па-ранейшаму ў няволі. І ўратаваць яе можна толькі разам. Калі ўсе – адзін за аднаго.

Тады, на сыходзе васьмідзесятых, беларусаў з’ядналі Дзяды. Абудзілася памяць. Гонар і годнасць нікуды не зніклі. І адвагі не займаць. Да свабоды было ўжо зусім недалёка. Але з’явіліся людзі, якія з найлепшых памкненняў поле змагання падзялілі на асобныя надзелы. А з тых надзелаў усе шляхі – у адным напрамку. За краты. А да незалежнасці, да вольнай Беларусі была і ёсць толькі адна дарога. Адна на ўсіх.

Дык што ж мы дзелім?

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях